«Пенсійную картку заблакавалі, на працу не бяруць: стары». Фатографу Генадзю Верацінскаму патрэбна дапамога
67-гадовы беларус Генадзь Верацінскі апынуўся ў крытычнай сітуацыі ў Польшчы і просіць дапамогі грамады. У мужчыны ёсць сродкі пратрымацца на плаву яшчэ два месяцы.
Генадзь Верацінскі — інвалід 2 групы. У яго цэлы букет захворванняў, у тым ліку — адсутнічае адна нырка. Фатограф пакінуў Беларусь у 2023 годзе з‑за палітычнага пераследу. Тады ж атрымаў разавую дапамогу ў памеры 3 тысяч еўра.
Картку, на якую прыходзіла пенсія з Беларусі, яму заблакавалі яшчэ ў траўні 2024 года. Грошы, якія дзяржава абавязана выдаткоўваць пенсіянеру, больш не дасяжныя.
— Мне прызначылі польскую пенсію ў памеры 18 злотых у месяц: я плаціў падаткі тры месяцы, за што мне і налічылі пенсію. Апрача таго, мне таксама заплацілі 2 тысячы злотых на год — і ўсё, — тлумачыць суразмоўца.
Фатограф жыве пад Варшавай у хостэле.
— Я жыву адзін у невялікім пакоі, дзе ёсць і прыбіральня, і душ — усё разам. У мяне засталося каля 800 еўра — гэта на аплату пакоя і ежу. І ніякіх грошай не прадбачыцца, — адзначае спадар Генадзь.
Іншых крыніц існавання мужчына не мае. Працаўладкавацца не ўдаецца.
— Я інвалід 2 групы, цяжка хадзіць і дыхаць. Гэта адна прычына, па якой мяне не бяруць на працу. А другая — мне ўжо 67 гадоў. Я спрабаваў стаць на біржу працы, сказалі: ты занадта стары, цябе нікуды не возьмуць, — разводзіць ён рукамі.
У другой палове 1990 — пачатку 2000‑х Генадзь Верацінскі працаваў у юрыдычным выданні «Феміда Nova», на сайце АГП, у некаторых іншых выданнях. Ён і зараз робіць здымкі, вось толькі «ўсім трэба фатаграфіі, але нямногія гатовыя плаціць». Прынамсі, за год яму заплацілі каля 25 еўра ганарараў…
Падтрымаць Генадзя Верацінскага:
PKO Bank Polski
IBAN PL71102011690000840208657506
BIC SWIFT BPKOPLPW
Veratsinski Henadzi