Францішак Папроцкі: першы галоўны рэдактар першай рэгулярнай газеты ў ВКЛ
Народжаны ў Беларусі 10 чэрвеня 1723 года, праўдападобна, на Меншчыне, Францішак Папроцкі ўвайшоў у гісторыю як святар, навуковец, менеджар, журналіст, аўтар папулярных кніг. Пра яго лёс і ролю ў развіцці журналісцкага жанру ў ВКЛ расказвае гістарычны анлайн-часопіс «Карона Вітаўта».

Тытульны ліст «Літоўскага кур’ера» (1760 год), першай газеты ВКЛ. Яна выдавалася штотыдзень у Вільні з 19 красавіка 1760 па 19 жніўня 1763 года. Фота: lt.wikipedia.org
Францішак Папроцкі скончыў ці не найлепшую навучальную ўстанову тагачаснай Беларусі — езуіцкі калегіўм у Полацку. Застаўся ў навуцы, перабраўся ў Слуцк, дзе ў мясцовай духоўнай семінарыі паглыбіўся ў гуманітарныя навукі. Далей няспынна штудзіруе філасофію ў Нясвіжы і Гродне.
Не на марна, бо неўзабаве атрымлівае званне доктара філасофіі, а таксама святарскі сан у 1749 годзе.
Папроцкі — таленавіты педагог, максімальна запатрабаваны ў Нясвіжы, Вільні, варшаўскай элітнай школе Collegium Nobilium. Пра ягоныя лекцыі па філасофіі, гісторыі, геаграфіі, фізіцы, французскай мове захоплена гавораць студэнцкія і навуковыя асяродкі ўсёй Рэчы Паспалітай.
Нехта з уплывовых заступнікаў раіць яму напісаць падручнік па геаграфіі. І Папроцкі робіць гэта, ствараючы бестсэлер, які вытрымае 8 перавыданняў — “Еўропа – найлепшая частка свету” (Europa z części świata najprzedniejsza opisana).
Кнігу выдаюць у 1754 годзе Варшаве, перавыдаюць у Львове, Вільні.

Папроцкі адчуў смак даследчыка і пісьменніка.
“Хатнія навіны пра Вялікае Княства Літоўскае”, “Інфармацыя, якую трэба ведаць кожнаму грамадзяніну ВКЛ і Кароны Польскай”, “Хатнія навіны пра Карону Польскую”, “Навука пра рыцарскую справу”, “Гісторыя прэтэндэнтаў на карону Англіі”, “Самыя значныя войны перад і па нараджэнні Хрыстовым”, штогадовыя “Палітычныя календарыкі” — гэта ўсё справа 15–17 гадоў, ад 1754 да 1771 году.
А Папроцкі яшчэ і выкладае філасофію ў Віленскім універсітэце, якім на той момант усё яшчэ кіруюць езуіты.
У 1760 годзе Папроцкаму давяраюць узначаліць універсітэцкую друкарню ў Вільні. Яму выпадае адначасова гонар і адказнасць стаць знакавай персонай гістарычнай падзеі Вялікага Княства.
Францішак працуе над стварэннем перыядычнага выдання. І ў канцы лютага 1760 года выпускае ў свет першы нумар “Літоўскага кур’еру” (Kuryer Litewski) – першай рэгулярнай грамадска-палітычнай газеты ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Ад гэтага моманту Папроцкага зацягвае журналісцкі вір:
да галоўнага выдання выпускае дадаткі “Замежныя навіны” (Wiadomości Cudzoziemskie), “Літаратурныя навіны” (Wiadomości Literackie). Папроцкі друкуе навіны з Вільні, Варшавы, Гародні, Наваградка, Слоніма, Нясвіжа. “Літоўскі кур’ер” пад кіраўніцтвам Францішка Папроцкага выходзіць да чытача амаль да канца 1763 года.
Ён не хоча, але мусіць пакінуць працу ў газеце. У асяроддзі духавенства загады не абмяркоўваюць. Папроцкага прызначаюць кіраваць духоўнай семінарыяй у Вільні і элітнай школай Collegium Nobilium, навучальнай установай у Коўне. У 1768 годзе ён ідзе на пасаду адміністратара беларуска-літоўскіх езуітаў.
«Нашай Ніве» споўнілася 119 гадоў. Некалькі старонак з гісторыі выдання
Нашыя народы ў гэтыя часы страсаюць палітычныя падзеі і прадчуванне дзяржаўнай трагедыі. На гэтым тле Францішак Папроцкі зыходзіць у цень: не піша, не выкладае, не выдае. Ён перажыве яшчэ два падзелы Айчыны, прыход расейскіх войскаў і расейскай адміністрацыі, ліквідацыю рымскім Папам ордэна езуітаў, убачыць, як вышэйшая адукацыя вернецца ў Вільню ў выглядзе Віленскага царскага ўніверсітэта.
Рэдактар першай сапраўднай газеты ВКЛ незаўважна адыйдзе ў іншы свет 2 жніўня 1805 года.
@bajmedia