Галоўны рэдактар iXBT.games выйшаў на волю
Стрымер і галоўрэд сайта iXBT Віталь Казуноў выйшаў на волю, піша @ixbtgames. Ён адбываў адміністрацыйны арышт, меркавана, па палітычных артыкулах.
«Віншуем нас і вас з вяртаннем Віталя», — напісалі аўтары канала 25 сакавіка 2024 года. Таксама з нагоды радаснай падзеі чытачам рэсурсу вярнулі магчымасць пісаць каменты.
Нагадаем, відэа з «прызнаннем» галоўнага рэдактара сайта iXBT.games і гульнявога стрымера Віталя Казунова праўладны тэлеграм-канал, блізкі да сілавых структур, апублікаваў 18 сакавіка 2024 года. Мужчына распавядаў, што ў 2020 годзе ў сацыяльнай сетцы Facebook ён апублікаваў «фота з пратэстаў» і «забароненую бел-чырвона-белую сімволіку». Акрамя таго, Віталь Казуноў распавёў, што ў 2017 размесціў выяву цемнаскурай дзяўчыны ў нацысцкай форме, якая «прызыўна глядзіць у камеру».
19 сакавіка суд прыгаварыў Казунова да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак невядома, па якіх артыкулах яго абвінавацілі.
Віталь Казуноў — гульнявы стрымер і галоўны рэдактар сайта з навінамі са свету мабільных і камп’ютарных гульняў, інтэрнэт-індустрыі і камп’ютарных камплектуючых.