• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Гісторыя скончаная». Прадаецца «Кальянная №1» асуджанага прадпрымальніка і журналіста Івана Мураўёва

    На спецыялізаваным партале ў сферы нерухомасці Realt.by з’явілася абвестка аб продажы кавярні, якая стала культавым месцам у асяродку мінскіх творцаў — гаворка пра «Кальянную №1», якую заснаваў бізнесовец Іван Мураўёў. Сёлета яго асудзілі нібыта за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». 

    «Прадаецца легендарная «Кальянная №1» па адрасе вул. Маркса, 33. Месца з шыкоўнай 13-гадовай гісторыяй. Першая падобная спецыялізаваная ўстанова ў Беларусі, якая адкрыла публіцы культуру кальянакурэння і шмат гадоў была месцам прыцягнення аматараў духмянага дыму. Тут свая асаблівая атмасфера і даўнія прыхільнікі. Многія хоць і выраслі з тусовачнага ўзросту, але ўсё роўна з цеплынёй узгадваюць нашу ўстанову. Усё зроблена з душой і для сябе», — гаворыцца ў анатацыі да «лота». 

    Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, гаспадар установы Іван Мураўёў сам ініцыяваў з‑за кратаў такі фінал для свайго дзецішча, канстатаваўшы, што ў цяперашніх умовах «гісторыя скончаная».

    Аднадумцы спадзяваліся працягнуць справу, аднак у адсутнасць сапраўднага «лакаматыва» ўтрымліваць гаспадарку аказалася занадта стратна: каб трымацца на плыву, трэба штосьці закладваць на арэнду ды іншыя выдаткі. А гэты рэсурс не бязмежны.

    Акрамя таго, ці не большая частка сталых кліентаў ужо не ў Беларусі, а некаторых напаткаў лёс самога гаспадара. А ў адсутнасць стабільнага абароту фінансавыя паказнікі моцна «кульгаюць». І нават калі не знойдзецца пакупнікоў, пры самым кепскім варыянце «Кальянная №1» урэшце стане здабыткам гісторыі, кажуць абазнаныя паплечнікі прадпрымальніка.

    Бізнесоўца, відэааператара Іван Мураўёва, які ў якасці фрылансера супрацоўнічаў з незалежнымі медыя, затрымалі ў канцы жніўня 2022 года ў згаданай «Кальяннай №1», яго абвінавацілі паводле арт. 361–1, ч. 3 Крымінальнага кодэкса РБ — «стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім».

    Суд адбываўся ў рэжыме поўнай сакрэтнасці, але, як стала вядома БАЖ,  падставай для пераследу сталі здымкі для журналісцкага расследавання пра карупцыю ў найвышэйшых эшалонах улады на тэлеканале «Белсат».

    26 снежня 2022 года суддзя Мінскага гарадскога суда Алена Шылько прыгаварыла Івана Мураўёва да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму — столькі, колькі перад тым запатрабавала прадстаўніца пракуратуры.

    Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Івана Мураўёва палітычным вязнем, а ягоны арышт — помстай за прафесійную дзейнасць.

    Нават не чакаючы пратэсту з боку адваката, асуджанага даставілі з СІЗА №1 Мінска ў следчы ізалятар пры магілёўскай турме № 4. Там ён і чакаў далейшага «размеркавання».

    Сёлета 10 сакавіка Вярхоўны суд Беларусі ў закрытым пасяджэнні без прысутнасці сведак адхіліў апеляцыю абароны фрылансера і прадпрымальніка на прысуд першай інстанцыі — суддзя Сяргей Гураў не знайшоў падставы адправіць на перагляд ці змякчыць абвешчаны вырак.

    Неўзабаве палітвязня этапавалі ў папраўчую ўстанову № 2 Бабруйска, дзе ён пачаў адбываць прызначаны тэрмін зняволення. 

      На пачатку красавіка Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі папоўніла пералік грамадзян, нібыта датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці», дадаўшы туды і фрылансера Івана Мураўёва. 

    Сам Іван Мураўёў раней адзначаў, што мог бы спакойна існаваць за кошт сваёй кальяннай, але сапраўдны адрэналін атрымліваў ад творчых эксперыментаў у якасці відэааператара. 

    Чытайце яшчэ:

    Команда The Village Беларусь покидает проект из-за отсутствия финансирования

    «Для іх падзеі ў нашым рэгіёне — гэта канфлікт Расіі з краінамі-спадарожнікамі». Беларускі журналіст пра наведванне Паўднёвай Карэі

    На прэс-канферэнцыю Альшэўскага пасля матчу са «Слуцкам» не прыйшлі журналісты

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці