• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Супрацоўніцтва ці прапаганда? Глыбоцкая раёнка і мясцовы аддзел адукацыі запускаюць сумесны праект

    Рэдакцыя раённай газеты «Веснік Глыбоччыны» падпісала з мясцовым аддзелам адукацыі пагадненне аб супрацоўніцтве. Як паведамляе сайт выдання, за мэту ініцыятары паставілі падтрымаць таленавітых школьнікаў і уцягнуць іх «у свет журналістыкі і медыякультуры».

    Глыбоцкая раёнка і аддзел адукацыі запускаюць сумесны праект

    Галоўны рэдактар «Весніка Глыбоччыны» Андрэй Панкрат і кіраўніца аддзела адукацыі Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Гаўрылава. Фота: «Веснік Глыбоччыны»

    Паводле кіраўніцы аддзела адукацыі Глыбоцкага райвыканкама Таццяны Гаўрылавай, гэты праект накіраваны на стварэнне ўмоў для развіцця творчых здольнасцей і крытычнага мыслення ў дзяцей. Чыноўніца выказала ўпэўненасць, што супрацоўніцтва з рэдакцыяй дапаможа паспяхова дасягнуць гэтых мэтаў.

    У сваю чаргу галоўны рэдактар ​​газеты Андрэй Панкрат, які не аднойчы займаўся прапагандай супраць палітыкі краін Еўропы і ЗША, а таксама зневажаў у сваіх артыкулах прадэмакратычных беларусаў, якія з’ехалі  за мяжу, падкрэсліў важнасць прыцягнення маладога пакалення да прафесіі журналіста.

    Заяўляецца, што школьнікі будуць актыўна ўдзельнічаць у стварэнні кантэнту для газеты, у тым ліку змогуць весці ўласныя рубрыкі і блогі. Акрамя таго, абяцаюць рэгулярныя сустрэчы, майстар-класы і экскурсіі ў рэдакцыю, што дазволіць юнакам глыбей зразумець спецыфіку журналісцкай дзейнасці.

    Арганізатары запэўніваюць, што гэтая супраца «прынясе карысць не толькі вучням, але і ўсяму грамадству, паколькі маладыя людзі адыгрываюць ключавую ролю ў фармаванні будучыні краіны».

    Пагадненне рэдакцыя раённай газеты і аддзел адукацыі Глыбоцкага райвыканкама падпісалі якраз пасля нядаўняга візіту ў горад топ-чыноўніцы Наталлі Качанавай, якая сустракалася з моладдзю ва ўстановах адукацыі і зазначала важнасць працы з ёй мясцовых праўладных структур.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці