Глыбоцкія следчыя праз мясцовую газету паведамілі пра крымінальную справу на журналіста Змітра Лупача
Глыбоцкім раённым аддзелам Следчага камітэта распачатая крымінальная справа ў дачыненні да Змітра Лупача. Паводле СК, ён падазраецца ў садзейнічанні экстрэмісцкаму фарміраванню, за супрацу з тэлеканалам «Белсат».

Зміцер Лупач. Фота: з асабістага архіва
Пра гэта напісала на сваім сайце дзяржаўная раённая газета «Веснік Глыбоччыны».
На старонках мясцовага дзяржвыдання Глыбоцкі раённы аддзел Следчага камітэта паведамляе:
«Лупач Д. А., раней не судзімы, з’яўляючыся асобай, якая раней учыніла злачынства, прадугледжанае часткай 1 артыкула 361 КК Рэспублікі Беларусь, дзейнічаючы паўторна, што прадугледжвае адказнасць па частцы 2 артыкула 361 указанага Кодэкса, з адзіным злачынным намерам, накіраваным на аказанне іншага садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці экстрэмісцкага фармавання «Белсат» (…), выкарыстоўваючы ў якасці сродку ўчынення злачынства невысветленыя прылады, якія дазваляюць рабіць відэаздымку і ажыццяўляць доступ у глабальную камп’ютарную сетку Інтэрнэт, не пазней за 08.05.2024 (дакладны час, дата не высветленыя), знаходзячыся ва невысветленым месцы, падрыхтаваў для публічнага інтэрнэт-рэсурсу «Белсат» відэазапіс пад назвай «У новым выпуску «Фельетонаў Лупача» — гісторыя фенаменальнага бізнес-поспеху Глыбоцкага камбікормавага завода».
Далей, паводле абвінаваўцаў, у выніку аказанага Лупачом садзейнічання, «Белсат» сёлета 8 траўня размясціў гэты відэаролік у сваім Telegram-канале, прызнаным экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй.
