• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ідэальнае супрацоўніцтва паміж медыямі і НДА: як яно выглядае?

    Незалежныя медыі і «трэці сектар» працягваюць шукаць фарматы прадуктыўнага супрацоўніцтва. Чарговая сустрэча медыя і НДА прайшла ў Вільні ў форме нязмушанага нэтворкінга 19 сакавіка. Пасля бурных дэбатаў з распіццём квасу з прысмакамі удзельнікі падзяліліся сваімі рэцэптамі ідэальных зносін.

    Ідэальнае супрацоўніцтва паміж медыямі і НДА: як яно выглядае?

    Фота: Tima Mirosh­nichenko для pexels.com

    Выкарыстоўваючы НДА як лупу

    Святлана Гатальская, сузаснавальніца Фем-групы Беларусь:

    — Прафесіяналы з абодвух бакоў робяць сваю працу. То-бок, прадстаўнікі НДА на аснове свайго досведу стасункаў з мэтавымі аўдыторыямі выступаюць у ролі пражэктара і падсвечваюць болевыя кропкі грамадскага жыцця. А журналісты_кі асвятляюць праблемы, выкарыстоўваючы НДА як лупу, якая дазваляе рагледзець і асвятліць у дэталях гэтую праблему.

    Так што для мяне ідэальны фармат супрацоўніцтва выглядае як паўнавартаснае партнёрства, якое мусіць прыносіць карысць нашым мэтавым аўдыторыям.

    Святлана Гатальская

    Святлана Гатальская. Фота: Артур Маталянец

    Якраз інтарэсы нашых мэтавых аўдыторыяў дыктуюць правільны алгарытм узаемадзення паміж медыямі і НДА.

    Не варта ператвараць партнёрства ў спаборніцтва па прынцыпу «хто першы ідзе на кантакт?», проста трэба сыходзіць з інтарэсаў сваёй аўдыторыі. Калі медыям трэба асвятляць праблему пры дапамозе НДА, значыць, яны ідуць да нас, і наадварот: калі грамадскім арганізацыям трэба правесці буйную кампанію ці акцыю, яны звяртаюцца да СМІ.

    Цяперашнія стасункі паміж медыямі і НДА нельга назваць праблемай, але напружанасць сапраўды існуе. І недахоп супрацоўніцтва — гэта таксама праўда. Але я не думаю, што гэта надта вялікая праблема.

    Проста сёння мы жывём у надзвычай складаных умовах, і медыі, і трэці сектар занураныя ва ўласныя праблемы. Гэтая ўнутраная пагружанасць і ўплывае на тое, наколькі адкрыта мы можам супрацоўнічаць, наколькі мы давяраем адно аднаму. Мы ўсе людзі, жыццё ў выгнанні накладае свой адбітак на кожнага з нас. Але пры ўсіх цяжкасцях праблемы ў стасунках нельга назваць непераадольнымі.  

    Калі ставіш людзей відушчых на месца невідушчых, то яны па-іншаму ўспрымаюць свет

    Ірына Новік, рэдактарка спецпраектаў выдання Hrodna.life:

    — На мой погляд, ідэальны фармат супрацоўніцтва – спецпраекты. Калі НДА прыходзіць не з адным прэс-рэлізам, разасланым шырокім веерам па ўсіх выданнях, а ідзе да канкрэтнага медыя і абмяркоўвае з рэдактарам спецпраектаў (ці з галоўным рэдактарам) сваю супрацу.

    Трэба гаварыць пра тое, якія героі цікавыя для гэтага канкрэтнага медыя, якія агульныя мэтавыя аўдыторыі. І ў індывідуальным парадку, абапіраючыся на агульныя мэты і агульныя каштоўнасці, будаваць канкрэтныя праекты. Тады гэта цікава і для медыяў, якія, натуральна, шукаюць тых герояў, якіх чакае аўдыторыя, і НДА маюць магчымасць вельмі якасна і на канкрэтныя аўдыторыі прасоўваць свае каштоўнасці.

    Ірына Новік

    Ірына Новік. Фота: з асабістага архіва

    Больш за тое, калі НДА робяць розныя спецпраекты з рознымі медыямі, то гэта дае магчымасць дасягнуць розных і ўзроставых, і сацыяльных груп, з розных бакоў падсвяціць свае праблемы. На маю думку, дык гэта ідэальны, можа нават адзіна магчымы эфектыўны фармат супрацоўніцтва паміж медыя і НДА.

    У тыя часы, калі мы жылі ў Гродне, мы супрацоўнічалі з многімі НДА, і ў нас былі скразныя спецпраекты. Напрыклад, мы шчыльна працавалі з дзіцячым хоспісам. Дзеці з іваліднасцю разам з мастакамі, палітыкамі, дыпламатамі малявалі карціны — мы пра гэта пісалі. Пасля карціны прадавалі з аўкцыёна — мы рабілі рэпартаж пра аўкцыён, распавядалі  пра людзей, якія куплялі карціны.

    На юбілей Малевіча дзеці з дызайнеркай рабілі супрэматычныя карціны, якія друкавалі на майках. Гэты мерч можна было купіць, а выручаныя грошы ішлі і на падтрымку дзяцей з хоспіса, і на падтрымку медыя. Грамадскія амбасадары — вядомыя людзі, якія жывуць у Гродне, — расказвалі пра свае прафесіі і як яны падтрымалі дзяцей. Прыклад вядомых асоб натхніў многіх гарадзенцаў: увесь мерч раскупілі, а грошы пайшлі на падтрымку грамадскай актыўнасці.

    Многа сумесных праектаў мы рабілі разам з раварыстамі: асвятлялі велапрабегі, запрашалі ў рэдакцыю дзяўчыну, якая вучыла рамантаваць свой ровар. Нават у межах аднаго спецпраекта можна было закрануць некалькі тэмаў: гаварылі і пра фемінізм, і незалежнасць, і гарадскую мабільнасць.

    Мы вадзілі людзей з завязанымі вачыма на гарадскія экскурсіі. Напрыклад, прыводзілі публіку ў кавярню, яны з закрытымі вачамі адсёрбвалі каву. А экскурсавод расказваў, што раней у гэтым месцы прадавалі каўбасу з цытрынай — і давалі людзям паспрабаваць каўбасу. Экскурсанты з завязанымі вачыма ўспрымаюць навакольны свет зусім інакш.

    Гайд ад БАЖ для НДА! Як наладзіць эфектыўную камунікацыю з медыя

    Такія экскурсіі мы праводзілі для відушчых гараджан, а ў якасці НДА запрашалі людзей невідушчых. Калі ставіш людзей відушчых на месца невідушчых, то яны па-іншаму ўспрымаюць  свой горад.

    Інклюзіўныя праекты, скіраваныя на тое, каб аб’яднаць грамадства, каб даць адчуць і горад, і людзей, і дзяцей, і мастакоў, і палітыкаў, паказаць, што ўсе яны частка аднаго грамадства — вось у гэтым палягала наша місія.

    Зараз з гэтым больш складана, бо мы жывём не там, дзе наша аўдыторыя. І гэта вялікая трагедыя. Журналіст найбольш эфектыўны тады, калі ён жыве ў адным горадзе з чытачамі, ходзіць па адных вуліцах, дыхае адным паветрам, ездзіць на грамадскім транспарце і мерзне, калі адключаюць ацяпленне ў дамах. Дыстанцыя зараз моцна адчуваецца. Апроч таго, мы «экстрэмісцкая» арганізацыя — людзям кантактаваць з намі небяспечна.

    Для мяне гэта вялікая трагедыя: як рэдактарка спецпраектаў, я жыла гэтым, варылася, гэта была частка маіх жыццёвых сэнсаў. Зараз трэба шукаць новыя шляхі камунікацыі.

    Сёння нас збліжае больш, чым раз’ядноўвае

    Ігар Рынкевіч, кіраўнік Грамадзянскага цэнтра «Беларускі вердыкт»:

    — Беларускі рэжым альбо пазбавіў рэгістрацыі, альбо пераследуе большасць дэмакратычных СМІ і НДА. Таму зараз паміж НДА і медыямі больш агульнага: у інтарэсах, статусе, у накірунках дзейнасці, чым нават раней.

    Сёння многія становяцца блогерамі, інфлюэнсерамі, селебрыці — чалавек становіцца маленькім медыя і спрабуе даносіць інфармацыю да грамадства самастойна, без дапамогі медыя. Ідзе працэс збліжэння старых, класічных, медыяў, і новых медыяў.

    Ігар Рынкевіч

    Ігар Рынкевіч. Фота: з асабістага архіва

    Ідэальны фармат супрацоўніцтва паміж НДА і медыямі я бачу гэтак, як і ў сярэдзіне 90-ых, калі стала зразумела, хто ў Беларусі прыйшоў да ўлады, а галоўнай задачай грамадзянскага сектара стала абарона правоў.

    Медыя фактычна не можа лічыць сябе чацвёртай уладай, а хутчэй з’яўляецца вялікай часткай грамадзянскай супольнасці, што збліжае нас яшчэ больш. Таму ідэальны фармат супрацоўніцтва — калі адбываецца збліжэнне паміж медыйшчыкамі і НДАшнікамі  ў перакананнях, калі мы прытрымліваемся аднолькавых каштоўнасцяў, нас аб’ядноўваюць мэты. Што ўсім нам патрэбна па вялікім рахунку? Незалежная вольная дэмакратычная Беларусь.

    Сустракацца і звяраць свае гадзіннікі мы можам на розных пляцоўках. Адной з іх можа стаць Беларуская нацплатформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняй Еўропы, у рамках якой супрацоўнічаюць каля 70 арганізацый, у тым ліку і БАЖ.

    Хачу падкрэсліць, што ў гэтых умовах падвышаецца і роля БАЖ: няважна, што ўлада скасавала ягоную рэгістрацыю. БАЖ быў, ёсць і застаецца структурай, якая аб’ядноўвае не толькі прафесійных журналістаў, але і людзей, якія спрыяюць журналісцкай дзейнасці.

    Партнёрства забірае шмат, але і дае вельмі многа

    Марына Штрахава, сузаснавальніца і партнёрка арганізацыі ІншыЯ:

    — Гэтая гісторыя пра тое, што класна даведацца адно пра аднаго і знайсці кропкі перасячэння інтарэсаў. Чым мы можам зацікавіць адзін другога за рамкамі відавочных рэчаў: камусьці трэба ахопы, а каму — героі? А якія менавіта героі, а якія тэмы, як мы хочам пісаць? Ці аднолькава мы ўяўляем гэты працэс? А можа, проста трэба канстатаваць разыходжанне нашых пазіцый, разысціся і шукаць тых, каму будзе цікава пісаць пра ЛГБТ або экалогію?

    Марына Штрахава

    Марына Штрахава. Фота: Аляксандр Гайдалым

    Мы шукаем выхад за межы вядомых рэчаў і проста спрабуем лепш даведацца адзін пра аднаго. Мы можам ведаць, пра што піша «Наша Ніва» ці «Салідарнасць», але трэба ж пачытаць тое, што яны пішуць у радзеле «Пра нас»: хто яны, якая ў іх місія, для каго працуюць? Ці сапраўды нашыя пазіцыі сыходзяцца?

    Напрыклад, на нашым сайце мы публікуем класныя артыкулы на беларускай і рускай мовах: іх пішуць прафесійныя журналісты, вычытваюць карэктары, а пасля яны трапляюць у рукі перакладчыкаў.

    Адна з нашых ідэй: медыі з большым задавальненнем будуць перадрукоўваць гатовыя матэрыялы. Здавалася б, відавочная ідэя, але: кожная рэдакцыя мае сваю ўнутраную палітыку, нават па колькасці слоў. А гэта значыць, што ніводная рэдакцыя не зможа проста скапіраваць наш тэкст і пераставіць сабе, хоць мінімальныя, але праўкі трэба ўносіць. Нават тут няма простых рашэнняў – гэта гісторыя пра партнёрства.

    Але я змагла зразумець, здаецца, відавочныя рэчы толькі тады, калі трохі зразумела, як працуюць медыі. Гэта значыць, што найперш нам трэба зразумець, як працуюць медыі, а СМІ павінны разумець, як працуем мы. Гэтая гісторыя — пра адкрытасць і пра жаданне зразумець адно аднаго.

    Навошта журналістам сябраваць і працаваць з НДА? Цікавы гайд ад БАЖ

    Я не думаю, што сёння нешта сур’ёзнае замінае нам супрацоўнічаць. Але нават да гэтага разумення трэба прыйсці. Тут і цяпер праблема палягае ў наяўнасці рэсурсу — не абавязкова фінансавага. Патрэбны эмацыйны і фізічны рэсурс, каб прыйсці і разабрацца ў праблеме, ці проста патраціць 30 хвілін, каб вывучыць не артыкул на «Салідарнасці», а прачытаць пра іхнюю рэдакцыйную палітыку.

    У сённяшняй сітуацыі, калі і медыі, і НДА спрабуюць перабудавацца з фінансаваннем, са скарачэннем персаналу, недахоп чалавечых рэсурсаў можа замінаць ісці на збліжэнне. Мы заўважылі гэта на сабе, калі толькі пераехалі ў Літву і стварылі сваю арганізацыю. Пры ўсёй нашай адкрытасці, пры ўсёй нашай гатоўнасці да партнёрства гэта было суперскладана.

    Год мы займаліся сабой, другі год займаліся і сабой, і мэтававымі аўдыторыямі, і толькі на трэці год (пахвалюся: нядаўна мы адзначылі сваё трохгоддзе) мы змаглі крышачку заняцца сабой, выдаткаваць час на мэтавыя аўдыторыі і выбудаваць новыя партнёрствы. Бо ў нас з’явіўся рэсурс: час, імпэт, цікавасць. Партнёрства забірае шмат, але і дае вельмі многа.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці