Зняволены журналіст Ігар Карней абскарджвае прысуд за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі
Магілёўскі абласны суд 18 лютага разгледзіць апеляцыйную скаргу Ігара Карнея, якому ў снежні дадалі 10 месяцаў пазбаўлення волі. Разбіраць скрагу журналіста-палітвязня прызначаны суддзя Ігар Зямцоў.

Ігар карней. Фота: з уласнага архіва
Ігар Карней спрабуе абскардзіць рашэнне суда Шклоўскага раёна, які 13 снежня 2024 года прызнаў яго вінаватым у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі № 17.
Суддзя Аляксандр Тараканаў прызначыў Карнею каля 10 месяцаў зняволення паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса — у дадатак да тэрміну, прысуджанага 22 сакавіка 2024 года Мінскім гарадскім судом. Тады журналіста звінавацілі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» (паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса РБ). Суддзя Мінгарсуда Сяргей Кацэр прыгаварыў Ігара Карнея да трох гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і да штрафу памерам 20 тысяч рублёў.
Адбываць пакаранне журналіста накіравалі ў шклоўскую ПК-17, дзе ён быў вымушаны правесці 160 дзён у адзіночнай камеры.
На пачатку ліпеня пасля абавязковага каранціну яго размеркавалі ў атрад і дазволілі патэлефанаваць дахаты. Але неўзабаве змясцілі на пяць дзён у штрафны ізалятар. Амаль адразу пасля ШІЗА Ігара перавялі ў памяшканне камернага тыпу — спачатку да жніўня, а потым пакаранне працягнулі яшчэ на паўгода. Такім чынам, журналіста трымалі ў ізаляцыі амаль ад самага прыбыцця ў калонію.
На пачатку студзеня са зняволеным журналістам запісалі відэа для прапагандысцкага праекта на прадзяржаўным тэлеканале АНТ. Родныя і сябры ўпершыню змаглі ўбачыць Ігара Карнея пасля паўтарагадовага знаходжання за кратамі.
Справа Ігара Карнея
Журналіста затрымалі ў Мінску 17 ліпеня 2023 года. Спачатку арыштавалі ў межах адміністрацыйнай справы на 10 сутак. Потым прад’явілі крымінальнае абвінавачанне і перавялі ў СІЗА. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала журналіста палітычным вязнем.
Падчас суду над Ігарам Карнеем дзяржаўныя СМІ пісалі, што ён нібыта па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці супрацоўнічаў з «экстрэмісцкай» арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя журналістаў», якую ў лютым 2023 года КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем».
Пасля суду па «экстрэмісцкай» крымінальнай справе і безвыніковай спробы аспрэчыць вырак у Вярхоўным судзе, у чэрвені 2024 году Ігара Карнея ўнеслі ў пералік «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сёлета 1 студзеня Ігару Карнею споўнілася 57 гадоў.
Амаль чатыры дзесяцігоддзі ён прафесійна займаўся журналістыкай — яшчэ ў студэнцкія гады стаў адным з заснавальнікаў моладзевай аршанскай незалежнай газеты «Лидер». Пазней друкаваўся ў газетах «Знамя юности», «Чырвоная змена», «Комсомольская правда». З 1991 года працаваў у газеце «Звязда». У 1994–2000 гадах быў карэспандэнтам незалежнага штотыднёвіка «Свободные новости». З 2000-га — журналістам «Радыё Свабода». У апошнія гады захапіўся краязнаўствам і блогерствам — пісаў артыкулы для краязнаўчага сайта «Крэва.Трэвел».
