Адміністратара пабліка «Подслушано Глубокое» Ігара Шкетава ўнеслі ў пералік асоб, датычных да «экстрэмізму»
Звесткі пра асуджанага глыбачаніна з’явіліся 7 сакавіка ў пераліку грамадзян, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», які складае Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Ігар Шкетаў. Фота: з асабістага архіва
7 лютага 2025 года суд Глыбоцкага раёна ў асобе суддзі Андрэя Тарасевіча прызначыў Ігару Шкетаву два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (т. зв. «хіміі»).
Адміністратара пабліка «Подслушано Глубокое» абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях). Да суда яго пяць месяцаў утрымлівалі пад вартай у следчым ізалятары ў Віцебску.
Раней Ігара Шкетава пераследавалі паводле адміністрацыйнага артыкула па абвінавачанні ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пасля, у сярэдзіне верасня 2024 года, яго затрымлівалі супрацоўнікі віцебскага ГУБАЗіК падчас так званай «зачысткі экстрэмістаў» у Глыбокім. Тады сілавікі знялі са Шкетавым прымусовае «пакаяльнае» відэа.
Паблік «Подслушано Глубокое» даволі папулярны сярод жыхароў Глыбокага. Найбольш падпісчыкаў ён мае ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Платформа пазіцыянуе сябе як супольнасць для зносін з магчымасцю падзяліцца інфармацыяй, якая па-за палітыкай і рэлігіяй.
