• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Канферэнцыя «Свабодныя СМІ Еўропы»: Мова нянавісці і фальшывыя навіны квітнеюць

    «Гэта эпоха слова, эпоха дыскусіі. Гэта ваша эпоха», — з такімі словамі звярнуўся былы прэзідэнт Польшчы, лідар легендарнага руху «Салідарнасць» Лех Валенса да ўдзельнікаў канферэнцыі "Свабодныя СМІ Еўропы", якая адбылася ў польскім Гданьску.

    «Пасля Другой сусветнай вайны, дальнабачныя еўрапейскія лідары заснавалі сістэму і выпрацавалі дамовы, якія спалучаюць медыя і дэмакратыю дзеля міру ў Еўропе. Савет Еўропы, Еўрапейскі Cаюз, АБСЕ — усе вызнаюць свабоду прэсы адным з падмуркаў дэмакратыі. Сёння ў некаторых краінах мы бачым, што сувязі паміж свабоднай і плюралістычнай прэсай і палітыкай выпрабоўваюцца на трываласць», — кажуць арганізатары канферэнцыі, галоўным з якіх з’яўляецца Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ).

    Лех Валенса

    «Мой бацька загінуў у Другой сусветнай вайне. Калі б я мог хвілінку паразмаўляць з ім, я б сказаў: «Тата, ведаеш, што мы зрабілі? Мы ліквідавалі межы ў Еўропе. Паміж Польшчай і Германіяй больш няма жаўнераў…». Я б не паспеў дагаварыць, як мой бацька памёр бы другі раз — ад сардэчнага прыступу. Няма мяжы паміж Польшчай і Германіяй, — адзначыў у сваёй прамове на канферэнцыі Свабодныя СМІ Еўропы Лех Валенса. Як шмат мы дасягнулі! І гэта рэальныя перамены, якія адбыліся цягам жыцця аднаго пакалення. Гэта добра, што мы ліквідавалі межы. Добра што, мы спрабуем аб’яднаць Еўропу. Заўтра мы, магчыма, прапануем сусветную валюту.

    Але давайце будзем шчырымі: фундаментальныя каштоўнасці несправядлівыя. Эканоміка не падыходзіць для гэтай новай эры. Мы павінны разважаць пра Еўропу, не абмяжоўваючыся нацыянальнымі дзяржавамі. І не думаць больш у схеме «багатыя краіны дапамагаюць бедным». Не пра гэта гаворка. Мы павінны глядзець на Еўропу, і думаць як арганізаваць такую сістэму, дзе кожны дапамагае ўсім. Гэта вырашальна — знайсці адказы і рашэнні для новай эры, пераканаць грамадства. І гэта праца для вас, свабоднай прэсы».

    120 журналістаў, прадстаўнікі 41 арганізацый-сябраў Еўрапейскай федэрацыі журналістаў з 30 краінаў сабраліся разам. Навошта?

    Па-першае, заявіць пра сваю салідарнасць з калегамі, бо журналісты ў Польшчы перажываюць не лепшыя часы. Па-другое, абазначыць новыя выклікі і вызначыць супольныя каштоўнасці.

    «Мова нянавісці і фальшывыя навіны квітнеюць, грамадзяне становяцца ўсё больш і больш разгубленымі, бо прапаганда падрывае давер да навінаў і СМІ, а таксама іншыя фундаментальныя каштоўнасці знаходзяцца пад сур’ёзнай пагрозай. Цяпер самы час заявіць пра важнасць нецэнзураваных, плюралістычных медыя для развіцця нашых свабодных дэмакратый у Еўропе», — мяркуюць арганізатары і партнёры сустрэчы.

    «Ніхто не верыў, што камунізм можна перамагчы. Але паглядзіце, што атрымалася. Дастаткова было агульных каштоўнасцяў. Дастаткова было салідарнасці. І мы перамаглі. Якую выснову з гэтага мы можам сёння зрабіць? Нам патрэбныя каштоўнасці і салідарнасць. Тая эпоха скончылася. Мы зруйнавалі ўсё, што перашкаджала. Слава нам! Але гэта палова поспеху. Прыходзіць час на пабудову новага. Цяпер новы час і новыя выклікі». 


    Лех Валенса, канферэнцыя «Свабодныя СМІ Еўропы», 15 лютага, Гданьск, Польшча

    Канферэнцыя адбылася ў Еўрапейскім цэнтры Cалідарнасці ў Гданьску. Цэнтр паўстаў на месцы Гданьскіх верфяў, дзе ў 1980 годзе пачаліся пратэсты, якія перараслі ў рух «Салідарнасць». Рух, які перамог камуністычны лад у Польшчы. Месца сімвалічнае і знакавае для ўсіх палякаў. Тут музей, але не толькі. Тут таксама месца пошуку рашэнняў, перамоваў, сустрэчаў.

    Еўрапейскі цэнтр Салідарнасці ў Гданьску

    «Частка людзей хацелі б будаваць будучыню на прынцыпах свабоды. Людзі ва ўсім свеце аднолькава вольныя. Свабодныя людзі могуць заснаваць арганізацыю, маюць свабодны рынак і права.

    Але я думаю, што так мы нічога не пабудуем, бо ў хуткім часе грошы эгаізм і спрэчкі разладзяць усё. Будучыню трэба будаваць на агульных каштоўнасцях, якія абмеркаваныя, зацверджаныя і падзяляюцца большасцю. Іх трэба абмеркаваць з людзьмі розных поглядаў, рознай веры і з тымі, хто ўвогуле не верыць. Калі гэта атрымаецца, трэба дамовіцца, якая эканамічная сістэма спрацуе. Трэба абмеркаваць, як змагацца з карупцыяй і злоўжываннямі палітыкаў. І гэта не так складана. Гэта адбываецца на такіх сустрэчах, як гэта канферэнцыя. Няма іншага шляху. Нават калі б прарок, святы чалавек, прыйшоў і прапанаваў тое, што я прапаную, — ніхто б яму не паверыў. Бо патрэбная дыскусія, трэба паспрачацца і пераканаць адзін аднога. І тады мы зможам паверыць, прыняць і ісці далей у адзінстве. Няма іншага шляху».

    Лех Валенса, канферэнцыя «Свабодныя СМІ Еўропы», 15 лютага, Гданьск, Польшча

    «Слова стала целам і пасялілася сярод нас», — цытуе Біблію Лех Валенса. — Улада журналістаў: гаварыць і шукаць лепшае і мудрае, абмяркоўваць і каб пасля гэта «стала целам», стала лепшай рэальнасцю для ўсіх».

    У сваім выступе былы прэзідэнт Польшчы як бы завяршыў эпоху руху «Салідарнасць», эпоху змагання з камуністычным злом і абвесціў новую эру, якая мае іншыя выклікі і патрабуе новых рашэнняў. Роля журналістаў у гэты час і на гэтым этапе, на яго думку, вырашальная.

    Сканцэнтраванасць на будучыні і правільнае, уважлівае падвядзенне вынікаў мінулага — вось на чым трэба засяродзіцца. «Менавіта журналісты павінны шукаць гэтыя рашэнні, ладзіць дыскусію, напаўняць ідэямі грамадскае жыццё дзеля таго, каб знайсці каштоўнасці новага часу», — кажа Лех Валенса.

    «У змаганні заўсёды трэба ведаць куды мы ідзем і за што змагаемся. Чаго хочам дасягнуць? У Польшчы цяпер  некаторыя спрабуюць будаваць на каштоўнасцях. Але гэта старыя каштоўнасці, якія абуджаюць дэманаў мінулага. Па ўсім свеце цяпер ідзе дыскусія і пошук новых каштоўнасцяў.

    Як знайсці каштоўнасці новага часу? Мы павінны добра ведаць, што адбываецца ў Польшчы і ў свеце. Паставіць правільныя дыягназы і вырашыць праблему. Бо гэта эпоха слова і дыскусіі. І як толькі мы здолеем гэта зрабіць, то хутка пазбавімся ад мінулага».

    Лех Валенса, канферэнцыя «Свабодныя СМІ Еўропы», 15 лютага, Гданьск, Польшча

    Перад удзельнікамі канферэнцыі» Свабодныя СМІ Еўропы» выступіў прэзідэнт Гданьска Павел Адамовіч (Pawel Adamow­icz).

    «Мы бачым што прапаганда пачынае атакаваць сапраўдную журналістыку. Вы — адкрыты голас, які мы сёння прымаем у Гданьску, і для мяне гэта надзвычай важна. Давер да журналістыкі пераможа, і дэмакратычныя каштоўнасці вытрываюць», — сказаў Павел Адамовіч, ён падзяліўся асабістай гісторыяй. У школе, у часы жорсткай цэнзуры, кожны месяц са сваімі сябрамі ён выдаваў падпольную газету, а пасля наладзіў самвыдат ва ўніверсітэце.

    «Ксеракс быў нашай зброяй. Мы называлі яго Гутэнбергам. Мы верылі ў свабоднае грамадства ў Польшчы, — кажа Павел Адамовіч. — Цяпер прэса не вельмі адкрытая для эмігрантаў і для новых выклікаў, якія мае грамадства. Гэта ганьба і нас гэта вельмі абурае».

    Асноўныя пытанні, якія абмяркоўваліся на канферэнцыі «Свабодныя СМІ Еўропы»:

    • Канфлікт медыя і палітыкаў у Еўропе;
    • Як захаваць новыя медыя і незалежную журналістыку ад кантролю ўладаў;
    • Апошнія змены ў галіне медыя ў Польшчы;
    • Плюралізм і дэмакратыя;
    • Заканадаўства і свабода слова;
    • Этычныя стандарты і самацэнзура.

    «Людзі ў Еўропе і ў свеце разгубленыя. Бо няма фундаментальных каштоўнасцяў. Мы не адрасавалі гэтае пытанне сённяшняму часу і не адаптавалі адказы на яго. Розныя інтарэсы цяпер важнейшыя за праўду, свабоду і справядлівасць. Таму важна мець свабодную прэсу і свабодныя медыя. І няма лепшага прыкладу чым «Салідарнасць».

    Мы перамаглі толькі дзякуючы свабоднай прэсе. Свабодная прэса ў свеце расказвала апісвала і тлумачыла феномен руху «Салідарнасць». Дэманстрацыі лідарства не дастаткова. Свабодная прэса здабыла для нас перамогу. Цяпер нам трэба зрабіць высновы з гэтай перамогі, завяршыць яе і падвесці свет да будаўніцтва новай сістэмы».

    Лех Валенса, канферэнцыя «Свабодныя СМІ Еўропы», 15 лютага, Гданьск, Польшча

    Рэдакцыя «Газеты Выборчай» у Гданьску

    Патрык Пенінкс (Patrick Pen­ninckx), кіраўнік дэпартамента Савета Еўропы па інфармацыйнаму грамадству, яшчэ раз адзначыў, што свабода медыя — гэта кутны камень любой дэмакратыі, а сур’ёзная журналістыка немагчымая без падтрымкі заканадаўчых органаў і публічных уладаў. Роля асацыяцыяў журналістаў, на думку сп. Пенінкса, даць зразумець урадам, што свабода слова — гэта перадумова дэмакратыі.

    «Я таксама быў маладым. І гэтае месца шмат для мяне значыць з‑за яго ўнёску ў еўрапейскую салідарнасць, — кажа Патрык Пенінкс. — Я быў студэнтам і перасылаў улёткі для падтрымкі «Салідарнасці» сюды, у Польшчу. Дзякуючы дэмакратычным пераменам, якія тады адбыліся, мы маем больш свабоды сёння».

    Харлем Дэзір (Harlem Désir), прадстаўнік АБСЕ па свабодзе прэсы, таксама звярнуўся да ўдзельнікаў канферэнцыі. І ў яго выступе гучалі словы пра свабоду і неабходнасць вольных медыя.

    «Тут у Гданьску тыя, хто будавалі караблі, пабудавалі дэмакратыю, — кажа Харлем Дэзір. — Мы жывем у часы парадоксу для свабоды слова: сацыяльныя сеткі, папулісцкія і аўтарытарныя рухі змяняюць правілы. Журналісты ў рызыцы, з імі вядзецца барацьба, адбываюцца забойствы, арышты».

    Харлем Дэзір яшчэ раз падкрэсліў, што адна з задач асацыяцый журналістаў — ціснуць на ўрады з мэтай адстаяць свабоду прэсы.

    «Там дзе ёсць змаганне, дзе ёсць несправядлівасць, вы заўсёды можаце прыйсці па маю падтрымку. Мне 75 год і я блізкі да вечнасці. Я веру ў пекла і рай. Негатыўныя героі, такія як Сталін, Ленін — у іх ёсць сваё месца ў пекле. Але я з імі добра пазмагаўся і спадзяюся не трапіць пад іх уладу на тым свеце. Таму я буду падтрымліваць, тых хто змагаецца да самага канца».

    Лех Валенса, канферэнцыя «Свабодныя СМІ Еўропы», 15 лютага, Гданьск, Польшча

    Еўрапейскі цэнтр Салідарнасці ў Гданьску

    Ці нехта сказаў што будзе лёгка? Давайце дзякаваць лёсу, што нам выпала жыць у такі час. Цудоўным шляхам мы перамаглі пачварную сістэму. Канешне, ёсць шмат новых выклікаў, але ў нас ёсць інтэлект і тэхналогіі. Давайце перастанем аглядацца ў мінулае. Давайце паглядзім у будучае і будзем вырашаць праблемы з гэтай перспектывы.

    Як пазбавіцца ад зла, ад якога мы пакутавалі ў мінулым?

    Як выбраць дарогу развіцця?

    Як азначыць каштоўнасці, каб іх падзяляла большасць?

    Як паставіць варту, якая б ахоўвала тыя каштоўнасці, якія мы выбіраем?

    Шмат праблемаў. Але яны вырашальныя.

    Я сам ужо не буду выбіраць. Для мяне найбольшы досвед гэта «Салідарнасць». Я чалавек «Салідарнасці» і заўсёды найбольшы акцэнт я буду рабіць на салідарнасць. Але не проста з’яве, як, напрыклад, «салідарнасць гандлёвых саюзаў». Філасофія салідарнасці вельмі простая. Калі ты не можаш падняць цяжар, папрасі людзей навокал і зрабіце гэта разам. Наш цяжар быў цяжарам смерці і камунізму. І ўся Польшча тады арганізавалася, каб перамагчы разам. Гэтага было недастаткова, мы папрасілі Еўропу, свабодныя СМІ і ўвесь свет дапамагчы. І таму мы здолелі перамагчы мірным шляхам, без гвалту.

    Сёння нам патрэбная салідарнасць, але іншая. Думаю, гэта шлях, які дазволіць нам працаваць як групе салідарнасці, якая здольная змагацца з рознымі сённяшнімі выклікамі і вырашаць праблемы ва ўсім свеце.

    Ніводнае пакаленне не мела такіх шанцаў, як мы маем сёння. Шанцаў на мір, на развіццё, на дабро. Паглядзіце на папярэднія пакаленні — у іх не было нават надзеі на ўсё гэта. Але гэта вашая адказнасць прыняць выклікі і вырашыць, што трэба зрабіць, каб дасягнуць поспеху.

    Давайце аб’яднаем каштоўнасці з матэрыяльным светам і ўмовамі, у якіх мы жывём. Давайце будаваць на салідарнасці. Проста трэба ў гэта паверыць і пра нас напішуць праз вякі: «Не толькі змагаліся, але і пачалі новае, разумнае і мудрае будаўніцтва». Я б хацеў быць часткай гэтай новай эры.

    Я веру, што вы маеце найлепшую ролю ў гэтым будаўніцтве. Палітыкі маюць свае інтарэсы, капітал — свае, а вы павінны весці. Мудра».

    Лех Валенса, канферэнцыя «Свабодныя СМІ Еўропы», 15 лютага, Гданьск, Польшча

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Навіны

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    05.09.2023
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці