Збор заявак на прэмію імя Францішка Аляхновіча 2025 (дэдлайн — 15 кастрычніка)
Да ўдзелу прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах – апублікаваныя, часткова апублікаваныя ці неапублікаваныя. Разглядаюцца працы, створаныя з кастрычніка 2024 да верасня 2025 года.
Беларускі ПЭН распачынае прыём заявак на прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні або на тэму зняволення.
На сайце Беларускага ПЭНа можна азнаёміцца са статутам прэміі і сёлетнім рэгламентам.
Каб падаць заяўку, неабходна запоўніць адпаведную google-форму і дадаць да яе творы.
Тэрмін падачы заявак — да 15 кастрычніка 2025 года (23:59 беларускага часу).
Заснавальнікі прэміі, Беларускі ПЭН і «Радыё Свабода», абвесцяць вынікі прэміі 15 лістапада, у Дзень зняволенага пісьменніка.
Стан няспынных рэпрэсій, арыштаў і катаванняў штогод ускладняе публікацыю твораў, напісаных у няволі. Паводле звестак Беларускага ПЭНа, сёння за кратамі застаюцца не менш як 33 Людзі Слова. Беларускі ПЭН вядзе хроніку, прысвечаную зняволеным літаратарам, перакладчыкам, даследчыкам літаратуры, публіцыстам і інтэлектуалам — усім, хто стварае і пашырае культуру, бароніць слова і яго майстроў.
Арганізатары прэміі прапануюць пры жаданні захаваць ананімнасць і гарантуюць канфідэнцыйнасць аўтарам і сваякам зняволеных, ад якіх паступяць заяўкі. Прозвішчы будуць публічна абвешчаны толькі пасля таго, як гэта стане бяспечна для аўтараў.
Прэмія імя Францішка Аляхновіча будзе ўручацца, пакуль сітуацыя ў краіне будзе даваць для гэтага падставы, але арганізатары спадзяюцца, што неўзабаве прэмія страціць сваю актуальнасць. Першую прэмію атрымаў Ігар Аліневіч за кнігу «Еду в Магадан».
Прэмія праводзіцца пры падтрымцы яе сузаснавальніка і інфармацыйнага партнёра «Радыё Свабода». Даведацца больш пра прэмію імя Францішка Аляхновіча і яе лаўрэатаў можна на сайце Беларускага ПЭНа.
