• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Кекс з рэдактарам

    У беларускай журналістыкі жаночы твар. Але праблемы нярэдка звязаныя з іншымі часткамі цела.

    «Прыгажосць, абаяльнасць і лёгкасць маладых дзяўчат замінаюць жыць некаторым рэдактарам», – сцвярджаюць гісторыі нашых гераінь. Яшчэ ў журфакаўскім студэнцтве яны сутыкнуліся з увагай рэдактараў, якая выходзіла за межы прафесійнай сістэмы каардынатаў. Што рабіць, калі шэф патрабуе не якасных рэпартажаў, а запрашэння на каву з працягам?

    Пра гэта – кароткія маналогі дзяўчат, якія папрасілі забыць на іх імёны і прозвішчы.

    Гісторыя першая

    Галава Алены не толькі носіць хвалістыя (а для каго хвалюючыя) валасы, але і выдае захапляльныя рэпартажы. Да таго, што ледзь не пасля кожнай публікацыі яе герой лічыць абавязкам запрасіць на спатканне, яна звыклася. З тым, што рэдактары намякаюць на неслужбовыя адносіны, не змірылася дагэтуль.

    Спачатку я працавала на тэлебачанні. На ім усё пачалося. У той час вучылася на трэцім курсе. Мой непасрэдны кіраўнік заўжды чапляўся, што я ўсё раблю не так. Пасля стаў рабіць прапановы схадзіць з ім на каву. Калі я адмаўлялася, адносіны да мяне пагаршаліся. Здаралася, пасля пары чарак «белай» ён тэлефанаваў мне, казаў, якая я здольная, таленавітая, але непадатлівая. Раніцай ён на ўсё забываўся і паводзіў сябе абсалютна спакойна. Толькі я не ведала, што мне рабіць далей.

    Іншы рэдактар, які загадваў аддзелам мантажу, нават мяняўся зменамі, абы трапіць разам са мной на мантаж. Памятаю, неяк на маю касету запісалі новы сюжэт. Уся праца згарэла. Ён прапанаваў дапамогу. Да дзвюх гадзін ночы мы сядзелі ў рэдакцыі і намагаліся аднавіць мой запіс. Пасля настойваў на тым, каб я паехала разам з ім дадому.

    Кіраўніца маёй практыкі, калі даведалася, што я працую на ТБ, адразу ж азначыла мяне дзяўчынай «праз ложак». Пасля я два гады намагалася пераканаць, што гэта не так.

    Зараз па размеркаванні я працую ў адной з рэспубліканскіх газет. Не хачу агучваць імён і назваў: там мне працаваць яшчэ год і восем месяцаў. І няпроста лавіраваць паміж намёкамі аднаго з рэдактароў. А калі я яго раззлую, будзе ўвогуле несалодка. Неяк адзін з журналістаў сказаў нешта крыўднае (але праўдзівае) дзяўчыне, рэдактаравай фаварытцы. Дык пасля гэтага журналіста тыдзень не публікавалі.

    Не, пакуль сапраўды ўсё бяскрыўдна. Адзінае – непрыемна. Непрыемна, калі гэты чалавек незнарок абдымае, чапае за валасы. І рэзка адштурхнуць яго не магу, бо яшчэ працаваць пад кіраўніцтвам гэтага чалавека, і трываць моцы не застаецца. Тым больш у рэдакцыі ўжо ёсць яго фаварытка. Атрымоўваецца, я супраць свайго жадання станаўлюся яе суперніцай. Навошта мне гэтыя незразумелыя складанасці і пустыя чуткі?

    Гісторыя другая: «Сама вінавата»

    Ліна – прыгажуня з вострымі скуламі і быццам лялечнымі вачыма. Вясной яна пабралася шлюбам, што нарэшце пазбавіла яе ад увагі рэдактара, які не пакідаў у спакоі два гады. Летам 2013-га яна пачала фрылансіць для аднаго з «лепшых інтэрнэт-парталаў» краіны. І сутыкнулася з тым, што адчула сябе «мясам», а не журналістам.

    Па шчырасці, у гэтай сітуацыі вінавата я сама. Па-першае, незнарок я з’явілася ў жыцці чалавека, які шукаў, прагнуў новых адносін, нягледзячы на заручальны пярсцёнак на руцэ. А па-другое, не ведала, як паводзіць сябе ў гэтай сітуацыі, таму ледзь не давяла яе да мяжы, якую нельга пераходзіць.

    Лета 2013 года стала для мяне неверагодна натхняльным і ў пэўным сэнсе вырашальным. Прыйшло разуменне, што хопіць сядзець ва ўтульнай зоне камфорту, дзе ўсё вядома і зразумела. Трэба ісці, так бы мовіць, у рост. Таму вырашыла пачаць супрацу з вядомым беларускім выданнем, выпрабаваць свае ўменні, смеласць, настойлівасць. Хутка знайшла патрэбныя кантакты рэдактара. Таго самага, з кім звязана гэтая гісторыя. Як зараз памятаю наша знаёмства. Паціснулі адзін аднаму рукі, абмеркавалі тэмы – і ўсё, сышла, задаволеная і крыху ўражаная, нацягнуўшы капюшон на галаву.

    Як я магла яму спадабацца, не разумею. Мой знешні выгляд казаў: максімум зручнасці, мінімум жаноцкасці. Але тым не менш прыйшла дадому, села за кампутар, знайшла ад яго прапанову сябраваць у Face­book. Пачалі «сябраваць». Увогуле, неяк дзіўна распавядаць пра тое, што адбывалася ў віртуальнай прасторы. Праўда, уздзеянне ад гэтага я адчувала цалкам рэальнае.

    Напачатку нашы размовы былі проста бяскрыўднай балбатнёй. Нешта спытаць, папрасіць парады, пасмяяцца, папрактыкаваць арыгінальныя фармулёўкі думак. Карацей, пустое. Праўда, мушу прызнацца, што сапраўды было цікава мець зносіны з разумным чалавекам, які раней падаваўся недасягальным. А тут можна ледзь не дакрануцца да яго. Пасля пасыпаліся намёкі і падтэксты. А я, праўда, не ўмела іх разумець і тлумачыць! «Ты, мабыць, смачна пячэш пірагі, запрасі мяне ў госці на каву», «Я цябе сніў. Ты мяне вельмі ўсхвалявала» і г. д. Быццам бы нічога страшнага, апроч аднаго моманту, калі адчула сябе віртуальна згвалтаванай. Але як пасля паводзіць сябе з ім у рэдакцыі? Я не ведала і не разумела. Хавала вочы, пазбягала лішняга кантакту, абы не стаць у яго вачох ізноў «мясам».

    «Калі пагодзішся на сустрэчу, тэксты апублікую. Калі працягнеш уключаць дурніцу – атрымай наўзамен ігнор», – вось прынцып нашых прафесійных зносін. І як бы я ні старалася, у адказ атрымоўвала адно: «Ты не дапрацавала». Пасля ўжо мне патлумачылі, дзе і якія чынам я не «дапрацоўвала».

    На шчасце, тое, што тэрарызавала больш за год, скончылася. Я сустрэла любімага чалавека, выйшла за яго замуж, пакінуўшы ў мінулым і рэдактара, і прафесію…

    Ці сутыкаліся з падобным вы? І можа ведаеце, што рабіць? Прапануем падоўжыць тэму.

    Увесь нумар часопіса «Абажур» у фармаце PDF

    Адар’я Гуштын і Ягор Марціновіч «Адначасова пішам хвалебныя оды і зневажаем людзей»

    Сяргей Гудзілін: У 2016‑м будзем паболей здзіўляць адзін аднаго!

    Вадзім Заміроўскі: На World Press Photo можа перамагчы добра зробленая human story

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці