• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ларыса Шчыракова: “Мая журналісцкая кар’ера скончылася”

    Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова сыходзіць з прафесіі. Яна лічыць, што ва ўмовах тэрору супраць незалежных СМІ ў журналістаў проста не застаецца магчымасці далей працаваць унутры краіны.

    Што прымусіла Ларысу Шчыракову пайсці на гэты крок? Адкуль яна знаходзіла сіла на супрацьстаянне з рэпрэсіўнай сістэмай? Ці жывая журналістыка ў Беларусі? Аўтары блога "Штодзень" паразмаўлялі з журналісткай.

    — Ты ў ФБ напісала, што сыходзіш з прафесіі. Што прымусіла пайсці на гэты крок?

    — Тут некалькі прычын. Працуючы журналістам незалежнага СМІ, які піша пераважна на праваабарончую тэму, увесь час адчувала небяспеку. Увесь час знаходзілася ў чаканні непрыемнасцей. І гэта сітуацыя была да 2020 году ўжо. Але калі, напрыклад, “Белсат”, з якім я супрацоўнічала, абвясцілі спачатку экстрэмісцкім выданнем, а потым экстрэмісцкім фармаваннем, а сацсеткі іншага СМІ, “Вясны”, трапілі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, гэта стала чырвонай лініяй, за якую я не хачу пераходзіць. Акрамя гэтага, 90% майго кантэнту — гэта інфармацыя пра пераслед, умовы ўтрымання ў СІЗА, лісты палітвязням, то бок усе гэтыя тэмы, звязаныя з палітычнымі рэпрэсіямі.

    Я ўжо адчуваю, што перагарэла ў эмацыйным плане за апошнія паўтара года. Можа, гэта непрыстойна ў дачыненні да нашых калег, сяброў, хто пакутуе за кратамі, але моцы працаваць ўжо практычна няма. З аднаго боку, узмацнілася небяспека, з іншага — я проста перагарэла.

    Пераслед быў раней, калі так можна сказаць, “лайтовы”. Але з 2016 году пачаліся ўжо суды за працу без акрэдытацыі. Да гэтага былі таксама пэўныя формы пераследу, укіды інфармацыйныя, сачэнне за асабістым жыццём, апублічванне асабістых фотаздымкаў у агульным доступе, затрыманні на акцыях… Аднак з 2018 года спецыяльна ўвялі ў Адміністрацыйны кодэкс артыкул, каб змагацца з белсатаўцамі. І за гэты час я была больш за 40 разоў прыцягнутая да адказнасці па артыкуле 22.9. У 2020 годзе, калі пачаліся маштабныя маршы пратэсту, яны сталі адміністрацыйна затрымліваць. Суткі мне не маглі даваць, затрыманых жанчын з непаўналетнімі дзецьмі каралі толькі штрафамі. Але была лазейка ў законе, што на 72 гадзіны гэтую катэгорыю ўсё ж можна затрымліваць. Мяне па такой схеме ў 2020 годзе чатыры разы затрымлівалі. Але першы раз мне стала блага, мяне забрала хуткая, і я такім чынам пазбегла ізалятару. Аднак пасля аднаго маршу мяне падпільнавалі пад домам, завезлі ў ізалятар. На наступны дзень судзілі. Калі ж я не “адумалася”, на іх думку, то яны ўжо два разы мяне па трое сутак змяшчалі ў ізалятар. Забіралі ў пятніцу, вылаўлівалі дзесьці ў горадзе і адпраўлялі ў ІЧУ…

    А яшчэ ў 2020 годзе пачалася практыка прэвентыўных затрыманняў, калі мае адбыцца нейкая акцыя, а раніцай пад тваім домам дзяжураць міліцыянты. І ты альбо дома сядзі, альбо ўцякай гародамі, альбо цябе хапаюць і вязуць кудысьці… Бывала, што затрымлівалі, але бывала, што і з хаты не выходзіла.

    Гомельцы падтрымліваюць Ларысу на адным з судоў

    —  На цябе ж некалькі апошніх год ажыццяўляецца ціск. Адкуль ты знаходзіла сілы ўвогуле працягваць працаваць?

    — Па-першае, трэба быць стрэсаўстойлівым чалавекам, трэба мець добрыя псіхічныя запасы, каб усё гэта вытрымліваць. Калі чалавек надта стрэсуе, то яму не трэба брацца за незалежную журналістыку. У нас ёсць агульная знаёмая, якая пасля пракурорскага папярэджання перастала працаваць на замежнае СМІ. Камусьці хапае пракурорскага папярэджання, а хтосьці з 45 адміністратыўкамі працуе. Трэба весці здаровы лад жыцця, не мець шкодных звычак і быць пазітыўным чалавекам.  

    — Ці адчувала салідарнасць з боку людзей?

    —  Канешне, заўжды мяне падтрымлівала журналісцкая супольнасць. Калегі прыходзілі на суды, калегі асвятлялі працэсы. Асабліва вялікую хвалю падтрымкі я адчула ў 2017 годзе, калі пачаліся пагрозы адабрання дзіцяці, таму што я шмат разоў у той перыяд прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці. І гэта быў такі спосаб ціску на мяне праз дзіця. І тады была вельмі моцная хваля салідарнасці са звычайнымі людзьмі, якія проста прыходзілі на суды. Прадпрымальнікі з Цэнтральнага рынку нават сабралі ахвяраванні — настолькі яны былі абураныя сітуацыяй. З іншага боку, мы ж не проста журналісты, а людзі, якія маюць пэўную місію. Мы працуем пры дыктатарскім рэжыме, дзе парушаюцца правы чалавека на кожным кроку, дзе інфармацыя з боку дзяржаўных СМІ вельмі аднабаковая і прапагандысцкая. То бок, СМІ дзяржаўныя абслугоўваюць рэжым. І ў гэтым кантэксце, канешне, наша праца — гэта не проста праца, а місія даносіць да людзей праўдзівую інфармацыю, каб яны былі больш абазнанымі ў плане таго, што адбываецца ў краіне.

    — Колькі ты прапарацавала і як прыйшла ў прафесію?

    — У 2008 годзе я знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе за дзіцём. Я на той момант была настаўніцай ангельскай мовы і гісторыі. У той жа год паўстаў тэлеканал “Белсат.” У Гомелі было некалькі карэспандэнтаў, але супраць аднаго, Сяргея Падсасоннага, была ўзбуджаная крыміналка, іншы карэспандэнт, не вытрымаўшы ціску, сышоў. Мой знаёмы Алесь Карняенка прапанаваў мне падвучыцца на тэлежурналіста. Я паехала ў Варшаву, дзе мы прайшлі журналісцкі экспрэс-курс за пару тыдняў, вывучалі аператарскую працу і асновы тэлежурналістыкі. З гэтага ўсё і пачалося.

    Ларыса на адным з пратэстовых маршаў у 2020 годзе

    — Ці жывая журналістыка ў Беларусі?

    — Ну, тут пытанне вельмі складанае. Ці лічыць, напрыклад, беларускай журналістыкай СМІ, якія з’ехалі, але працягваюць рабіць кантэнт для Беларусі? Я здымаю капялюш перад тым калегамі, якія працягваюць рабіць круты кантэнт, знаходзячыся ў Вільні, Тбілісі, Кіеве, Варшаве… Гэта ж якія неймаверныя высілкі трэба прыкладаць, каб ствараць матэрыялы, заставацца класным СМІ, не маючы магчымасці працаваць тут! 

    А што да тых, хто застаўся, сітуацыя тут сумная. Па-першае, мала хто застаўся. У нас і так рэгіянальныя СМІ былі слабыя. У Гомелі і так не было друкаваных выданняў незалежных. А тут шмат людзей паз’язджала. І гэта, канешне, знясіліла журналістыку. СМІ пазакрывалі, працаваць няма на каго легальна. Мне падаецца, што журналістыка, якая месціцца тут, яна ў вельмі кепскім стане. І гэта вельмі прыкра.

    Фота: з акаўнта Ларысы Шчыраковай у Face­book

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Навіны

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    05.09.2023
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці