Анджэй Пачобут вярнуўся ў Беларусь
Былы палітзняволены журналіст Анджэй Пачобут перасёк польска-беларускую мяжу і накіраваўся ў бок Гродна, паведамляюць польскія медыі.

Фота: Gazeta Wyborcza
«У аўторак раніцай Анджэй Пачобут перасек польска-беларускую мяжу і накіраваўся ў свой родны горад Гродна. Ён мае намер сустрэцца з сям’ёй і калегамі з Саюза палякаў у Беларусі. Чакаецца, што паездка працягнецца тыдзень», — напісала Gazeta Wyborcza 8 верасня 2026 года.
Польскае агенцтва прэсы (PAP) пацвердзіла гэтую інфармацыю са спасылкай на крыніцы, блізкія да польскіх спецслужбаў. Паводле PAP, Пачобут перасек мяжу ў Баброўніках.
Раней журналіст заяўляў пра намер вярнуцца ў Беларусь, нягледзячы на прымусовае выдварэнне яго ў Польшчу з боку беларускіх уладаў.
«Я еду туды не па асабістых прычынах. Гэта справа, якой я прысвяціў значную частку свайго жыцця», — заявіў Анджэй Пачобут 5 верасня падчас пасяджэння Вышэйшай рады Саюза палякаў Беларусі.
Паводле звестак Gazeta Wyborcza, пасля вяртання з Беларусі Пачобут плануе накіравацца ў ЗША і Канаду, дзе сустрэнецца з палітыкамі і актывістамі польскай дыяспары. Пасля вяртання ў Польшчу ён плануе засяродзіцца на завяршэнні кнігі, у якой падрабязна апісвае сваё знаходжанне ў папраўчай калоніі.
Анджэй Пачобут — журналіст Gazeta Wyborcza і адзін з лідараў польскай меншасці ў Беларусі. Яго затрымалі ў Гродне ў сакавіку 2021 года, а ў лютым 2023‑га асудзілі на восем гадоў калоніі паводле абвінавачанняў у «распальванні варожасці» і «закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы». Падставай для пераследу, сярод іншага, сталі яго публікацыі і погляды на гістарычныя падзеі.
28 красавіка 2026 года яго вызвалілі пасля больш як пяці гадоў няволі ў межах абмену паміж Беларуссю і Польшчай і перадалі польскаму боку. Сам Пачобут даводзіць, што ягоны дом застаецца ў Гродне.
@bajmedia