• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Леанід Зайдэс хоча спагнаць з «Новага Часу» 8 000 рублёў ДАКУМЕНТЫ

    Супраць газеты “Новы Час” і журналіста Дзяніса Івашына пададзены чарговы судовы пазоў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Леанід Зайдэс, адзін з уласнікаў сумнавядомага рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу “Поедем Поедим” (колішні «Бульбашъ-холл”), патрабуе спагнаць грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 8 000 рублёў.

    Як вынікае з пазову ў суд ад 20 лістапада, прычынай маральных пакутаў Леанід Зайдэс лічыць публікацыю з цыклу журналісцкіх расследаванняў Дзяніса Івашына, прысвечаных спрэчнай пабудове рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу ў ахоўнай зоне народнага мемарыяла Курапаты.

    У першай частцы цыклу, апублікаванай 13 чэрвеня 2018 года, пазоўнік патрабуе абвергнуць словы “Пазасталымі патрнёрамі Аркадзя Ізраілевіча і Леаніда Зайдэса, датычнымі наўпрост да незаконнага будаўніцтва ў Курапатах, як было зазначана вышэй, з’яўляюцца кампаніі Lenthon Real­ty LLC і Beal­cy Invest­ments Ltd”.

    Апроч гэтага Зайдэс патрабуе абвергнуць інфармацыю, размешчаную на сайце “Новага Часу” 19 ліпеня 2018 года да відэарэпартажу пра прэс-канфэрэнцыю Івашына. Бізнесовец мае прэтэнзіі да наступных слоў у публікацыі: “Дзяніс Івашын распавёў, што ва Украіне супраць бізнесоўцаў Зайдэса і Сурыса вядзецца крымінальная справа за траты…”.

    У судовым пазове Леанід Зайдэс патрабуе кампенсаваць яму маральную шкоду ў грашовым эквіваленце: 5000 рублёў ад выдавецкага ўнітарнага прадпрыемства “Час навінаў” — выдаўца газеты «Новы Час» — і 3000 рублёў ад журналіста Дзяніса Івашына. А таксама спагнаць на яго карысць з адказчыкаў судовыя выдаткі па аплаце дзяржпошліны і юрыдычную дапамогу.

    У каментары карэспандэнту службы маніторынгу ГА «БАЖ» Дзяніс Івашын зазначыў, што калі Леанід Зайдэс мае маральныя пакуты праз наўпроставую датычнасць сваіх жа партнёраў — Lenthon Real­ty і Beal­cy Invest­ments — да спрэчнага адносна законнасці будаўніцтва рэстарацыі ў ахоўнай зоне Курапатаў, то мае вырашаць іх з імі асабіста, але не прыцягваць для гэтага сілы і сродкі журналістаў і прадстаўнікоў судовай улады.

    Наконт артыкулу ад 19 ліпеня Івашын паведаміў, што публікацыя не з’яўляецца ягоным аўтарскім матэрыялам, але толькі агрэгацыяй “Новым Часам” матэрыялаў тэлеканала “Белсат”, Радыё “Свабода” і “Радыё Рацыя”.

    Гэта ўжо другі судовы працэс супраць выдання “Новы Час” і журналіста Дзяніса Івашына за публікацыю расследаванняў пра пабудову ў ахоўнай зоне Курапатаў рэстарана «Поедем Поедим». Першы працэс, якія ініцыяваў бізнес-партнёр Зайдэса Аркадзь Ізраілевіч, журналісты выйгралі.

    Папярэдні разгляд судовай справы прызначаны на 17 снежня, у 11.00, у судзе Савецкага раёна г. Мінска.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці