Магілёўскія дзяржСМІ адначасова выдалілі публікацыі з фота сябраў участковых камісій
У Магілёўскай вобласці сайты дзяржаўных раённых і нават абласных газет выдалілі апублікаваныя матэрыялы пра трэнінгі для сябраў участковых выбарчых камісій (УВК), заўважыў MAYDAY TEAM.
Гэта зрабілі як мінімум абласны холдынг «Магілёўскія ведамасці», а таксама раённыя выданні ў Чавусах, Крычаве, Быхаве, Краснаполлі, Дрыбіне і Шклове. У кэшы Google інфармацыя аб публікацыях засталася, але на саміх сайтах яны недаступныя.
Таксама інфармацыя была выдаленая з сайта Чавускага райвыканкама, а вось Быхаўскі райвыканкам пакінуў інфармацыю, але без фатаграфій.
Верагодна, менавіта фатаграфіі сябраў участковых выбарчых камісій сталі падставай для аднамаментнага і масавага выдалення матэрыялаў. Гэтыя фота, напрыклад, у Быхаўскай раёнцы, былі зробены са спіны, твары сябраў УВК не паказваліся.

Адно з фота ў быхаўскай раёнцы, якое пазней было выдаленае. Крыніца: тэлеграм-канал MAYDAY TEAM
MAYDAY TEAM таксама звярнула ўвагу на тое, што ў іншых абласцях Беларусі такіх праблем няма. Больш за тое, напрыклад, пінскі, смаргонскі і лідскі тэлеканалы зрабілі відэарэпартажы пра трэнінгі, на якіх бачныя твары членаў УВК. Выдаленне публікацый па нейкай прычыне адбылося менавіта ў Магілёўскім рэгіёне.
