• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Марафон галоўнага рэдактара «Бобруйского курьера»

    Галоўны рэдактар ​​«Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка ў цяперашні час знаходзіцца ў двухмесяцовым марафоне («бяжыць» з 17 верасня). Але да спорту гэта мае ўскоснае дачыненне. Таму што марафон – літаратурны.

     

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/anatol_sanacenka_cr.jpg

    Прысвечаны ён «беларуска-літвінскаму» класіку французскай літаратуры Гіёму Апалінэру, сто гадоў з дня смерці якога спаўняецца 9 лістапада.

    Штодзень Анатоль Санаценка размяшчае ў сваім блогу ў «Бобруйском курьере», са спасылкай на Face­book, па адным вершы Апалінэра, перакладзеным з французскай на беларускую мову.

    Пачаўся гэты «літаратурны марафон» з першай кнігі Апалінэра «Бестыярыюм, або Картэж Арфея», выдадзенай паэтам ў 1911 годзе. Кніга складаецца з 30 невялікіх вершаў, гэта своеасаблівыя паэтычныя подпісы пад гравюрамі французскага мастака таго часу Рауля Дзюфі. На гравюрах намаляваныя розныя звяры, насякомыя і міфічныя істоты. Гэта значыць – трыццаць істот, 30 вершаў – своеасаблівы «бестыярыюм» або «картэж» Арфея, які, паводле старажытнагрэчаскага міфа, сваім спевам мог уціхамірваць звяроў і весці іх за сабой.

    Усяго перакладчыкам плануецца апублікаваць каля 80 вершаў. У тым ліку тыя, што ніколі не перакладаліся ні на беларускую, ні на рускую мовы.

    Як кажа Анатоль Санаценка, «Літаратурны марафон» будзе доўжыцца як мінімум да 9 лістапада.

    Галоўны рэдактар ​​«Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка з’яўляецца сябрам ГА «БАЖ», Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтра. Ім выпушчана сем кніг вершаў і прозы.

    Славуты французскі паэт Гіём Апалінэр (Вільгельм Альберт Уладзімір Аляксандр Апалінарый Вонж-Кастравіцкі), гады жыцця: 1880–1918, паходзіў з беларускага шляхетнага роду. Яго маці, Анжаліка Кастравіцкая, была дачкой штабс-капітана расійскага войска Міхала-Апалінарыя Кастравіцкага, які ўдзельнічаў у паўстанні 1863 года. Родавы маёнтак Кастравіцкіх Дарожкавічы (Дзісненшчына) быў канфіскаваны пасля паўстання расійскім урадам. Дзед Апалінэра з сям’ёй эміграваў у Італію, дзе і нарадзіўся Апалінэр, і дзе прайшло яго дзяцінства.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці