«Пра трагічную сітуацыю ў цэнтры Еўропы трэба нагадваць і далей». Марафон салідарнасці ўжо ахапіў 23 краіны свету
Сусветная супольнасць працягвае патрабаваць вызвалення беларускіх калег. БАЖ падводзіць прамежкавыя вынікі Марафона салідарнасці, які цягнецца ўжо год і чатыры месяцы.
Што змянілася
Сітуацыя не застыла на месцы. Яшчэ пару месяцаў таму ў няволі знаходзіліся 39 журналістаў. З трэцяга ліпеня 2024 года зафіксаваныя чатыры хвалі памілавання палітзняволеных, агулам вызвалена 115 чалавек.
Як мінімум трох зняволеных журналістаў беларускі рэжым вызваліў у іх рамках:
- хворую на анкалогію Ксенію Луцкіну, былую журналістку «Беларусь 2», асуджаную да 8 гадоў пазбаўлення волі;
- Дзмітрыя Лукшу, карэспандэнта казахскага канала «Хабар24», асуджанага на 4 гады;
- Андрэя Толчына — заснавальніка гарадской газеты «Гомельскія ведамасці», асуджанага на 2,5 года зняволення.
З‑за кратаў выйшлі і іншыя журналісты, аднак прычыну іх вызвалення пацвердзіць не ўдалося.
Але ўсе яны знаходзіліся і знаходзяцца за кратамі толькі таму, што нават у змрочныя часы «иногда не до законов» сумленна выконвалі свой прафесійны абавязак.
Марафон працягваецца ў Еўропе, Канадзе і нават Аўстраліі
БАЖ задумаў Марафон салідарнасці для таго, каб не даць свету забыць пра зняволеных беларускіх журналістаў. Толькі за першыя паўгода акцыю падтрымалі медыйшчыкі, праваабаронцы, палітыкі, музыкі, рэжысёры Літвы, Германіі, скандынаўскіх краін, Аўстраліі.
4 лістапада 2023 года беларускія юрысты ў Празе адзначылі фотасесіяй з партрэтамі зняволеных журналістаў. У Чэхіі якраз праходзіў трэнінг, арганізаваны Радай Еўропы і Інстытутам CEELI (няўрадавай арганізацыяй, якая прасоўвае ідэю верхавенства закона).
А літаральна праз два дні ў Львове (Украіна) удзельнікі і ўдзельніцы медыйнай панэлі беларуска-ўкраінскага экспертнага форуму імя Астрожскіх скончылі мерапрыемства акцыяй салідарнасці са зняволенымі медыйшчыкамі.
9 лістапада амбасады Ірландыі, Фінляндыі і Нарвегіі ў Літве ініцыявалі семінар па падтрымцы свабоды беларускіх СМІ. Зняволеныя журналісты і іх блізкія атрымалі падтрымку на высокім узроўні: Святлана Ціханоўская, віцэ-міністр замежных спраў Літвы Ёнас Сурвіла, міністр па еўрапейскіх справах і абароне Ірландыі Пітэр Берк па традыцыі ўзялі ў рукі партрэты зняволеных прадстаўнікоў медыяў. Таксама да закліку далучыліся журналісты, праваабаронцы, дыпламаты.
Наступнымі днямі Марафон салідарнасці качаваў па кантынентах: спачатку зняволеных беларускіх журналістаў падтрымалі праваабаронцы Вялікабрытаніі, затым акцыю салідарнасці правялі ў Беластоку, а пазней – і ў канадскім Таронта.
Праз год геаграфія і спіс ўдзельнікаў істотна пашырыліся
ШВЕЦЫЯ
Напачатку сакавіка ў арт-музеі шведскага Мальмё ў межах акцыі «Рэха жаночых галасоў» узгадалі і палітзняволеных журналістак Беларусі. Пры садзейнічанні Беларускай асацыяцыі журналістаў ПЭН-клуб горада распавёў пра дзевяць медыйшчыц, якія зараз знаходзяцца за кратамі, а таксама агучыў цытаты з апошняга слова ў судзе галоўнай рэдактаркі агенцтва БелаПАН Ірыны Леўшынай.
Маргарэта Флігт зачытала кавалак з апошняга слова ў судзе галоўнай рэдактаркі агенцтва БелаПАН Ірыны Леўшынай. А журналістка-фрылансерка са Швецыі Оса Олсан, якая прыклала шмат намаганняў для развіцця кантактаў паміж беларускімі і шведскімі рэпарцёрамі, распавяла пра палітзняволеных каляжанак з Беларусі.
ІСПАНІЯ
У Дзень Волі да Марафона салідарнасці БАЖ далучылася Іспанія. 25 сакавіка прадстаўнікі беларускай дыяспары выйшлі ў Барселоне на плошчу, трымаючы ў руках партрэты журналістаў, якія зараз знаходзяцца ў турмах.
— Сёння беларусаў жыццё параскідала па ўсім свеце. Менавіта журналісты і прадстаўнікі СМІ застаюцца людзьмі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і адыгрываюць вельмі значную ролю ў тых дыяспарах у краінах, дзе знайшлі новы дом, — патлумачылі беларусы Іспаніі.
ГЕРМАНІЯ
У сярэдзіне красавіка ў Берліне прайшоў з’езд Міжнароднай асацыяцыі абароны свабоды слова IFEX, якая ўключае ў сябе больш за 80 арганізацый з 60 краін свету.
Падчас мерапрыемстваў у Берліне калегі з Афрыкі запатрабавалі неадкладнага вызвалення зняволеных журналістаў і журналістак у Беларусі.
У апошні дзень з’езду прадстаўнікі і прадстаўніцы арганізацый, якія абараняюць і прасоўваюць права на свабоду выказвання ў Лацінскай Амерыцы і Карыбскім басейне (IFEX-ALC), таксама далучыліся да Марафону салідарнасці са зняволенымі беларускімі калегамі.
ЛІТВА
3 траўня, у Міжнародны дзень свабоды прэсы, БАЖ і Саюз журналістаў Літвы правялі ў Лукішскай турме ў Вільні ўжо традыцыйную акцыю вызвалення беларускіх палітзняволеных медыйшчыкаў.
Арганізатары акцыі зладзілі сімвалічную фотасесію з партрэтамі зняволеных журналістаў. Ірына Леўшына, Марына Золатава, Ігар Лосік, Андрэй Кузнечык, Ігар Карней, Анджэй Пачобут, Андрэй Аляксандраў і іншыя — на той момант за кратамі ў Беларусі знаходзіліся 35 журналістаў.
— За мінулы год сітуацыя не палепшылася: калі нехта з журналістаў выходзіў на волю, іншыя журналісты аказваліся за кратамі. Пакуль мы не можам дабіцца галоўнай мэты — вызвалення нашых калегаў. Але ў нашых сілах нагадваць пра нашу трагічную сітуацыю, нагадваць пра Беларусь, нагадваць пра беларускіх журналістаў за кратамі і наогул пра ўсіх беларускіх палітвязняў, — адзначыў на брыфінгу старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
Кіраўнік Саюза журналістаў Літвы Дайнюс Радзявічус даў вельмі кароткі экскурс у гісторыю лакацыі:
— У нашым рэгіёне турмы будавала толькі Расійская імперыя. Мы ўжо вызваліліся: у 2019 годзе Лукішская турма як выпраўляльная ўстанова зачынілася. Спадзяюся, хутка вызваліцца Беларусь і таксама зачыніць свае астрогі.
Удзельнікі акцыі арганізавалі сімвалічнае вызваленне беларускіх журналістаў: трымаючы ў руках партрэты зняволеных калег, па аднаму пакідалі Лукішскую турму праз уваходную браму. Яны выходзілі ў вольную Вільню.
КОСАВА
24 траўня ў Прышціне прайшоў з’езд Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. Лідары і прадстаўнікі журналісцкіх саюзаў і асацыяцый рэгіёна прынялі ўдзел у акцыі салідарнасці з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі медыяў ў беларускіх турмах і ўкраінскімі журналістамі ў расійскім палоне.
— Украінскія журналісты ў расійскім палоне, як і беларускія медыйшчыкі, з’яўляюцца закладнікамі. Украінскія калегі былі схопленыя падчас паўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў, з многімі з іх ужо доўгі час няма сувязі і звестак пра іх. Нашыя сэрцы з імі і з Украінай. Таму мы адразу прапанавалі гэту акцыю салідарнасці правесці разам, — расказаў БАЖ намеснік старшыні арганізацыі Барыс Гарэцкі, які прадстаўляў БАЖ на з’ездзе ЕФЖ у Прышціне.
ЛІТВА, Друскенікі
14 верасня каманда БАЖ зноў прыняла ўдзел у міжнародным журналісцкім футбольным турніры ў Друскеніках.
Штогод турнір у Друскеніках ладзяць партнёры БАЖ з Саюза журналістаў Літвы і Літоўскай федэрацыі спартовых журналістаў. У турніры сёлета бралі ўдзел ажно 10 камандаў. Каманда БАЖ у выніку заняла пятае месца. І яшчэ раз нагадала свету пра зняволеных беларускіх калег.
Андрэй Бастунец: «Мы спадзяёмся, што супольныя высілкі дадуць плён»
Прамежкавыя вынікі Марафона салідарнасці старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец назваў красамоўнымі:
— Людзі ў краінах, дзе ўжо акцыі салідарнасці адбыліся, цяпер ведаюць пра зняволеных беларускіх журналістаў, хаця дагэтуль, магчыма, яны і не падазравалі, што за краіна такая Беларусь і дзе яна знаходзіцца.
За кратамі ў беларускіх турмах застаюцца 33 супрацоўнікі незалежных медыяў. А гэта азначае, што кампанія салідарнасці і падтрымкі працягваецца:
— Сама назва кампаніі — Марафон салідарнасці — сведчыць пра яе доўгатэрміновы характар. Мы разумеем, што не так проста дасягнуць поспеху і дамагчыся хуткага вызвалення беларускіх журналістаў. Але для нас крытычна важна, каб пра нашых зняволеных калег не забывалі, каб беларускае грамадства і міжнародная супольнасць памятала, што яны сядзяць у турмах за свабоду выказвання. Мы спадзяемся, што супольныя высілкі дадуць плён, што прадстаўнікі журналісцкіх саюзаў іншых краінаў будуць размаўляць са сваімі ўрадамі, каб тыя аказалі ціск на беларускую ўладу з мэтай вызвалення зняволеных журналістаў. Таму мы працягнем нагадваць пра трагічную сітуацыю ў цэнтры Еўропы, — падкрэсліў Андрэй Бастунец.
Толькі лічбы
З пачатку Марафона салідарнасці прайшло 37 акцыяў ў 27 гарадах у 23 краінах і амаль на ўсіх кантынентах. Пра пераслед беларускіх журналістаў ведаюць цяпер не толькі ў Еўропе, Канадзе ды ЗША, але і ў Лацінскай Амерыцы, у Аўстраліі, у краінах Афрыкі і Азіі.
Да Марафона салідарнасці далучыліся: Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ), Міжнародная федэрацыя журналістаў (IFJ), Міжнародная асацыяцыя па абароне свабоды слова (IFEX), «Рэпарцёры без межаў», Дацкі Хельсінкскі камітэт, «Індэкс Цэнзуры», Аўстралійскі Альянс медыя, забаў і мастацтваў (MEAA), Шведскі ПЭН-клуб, саюзы журналістаў Літвы, Швецыі, Фінляндыі, беларускія дыяспары з розных краінаў.