• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міхась Зуй: «Мая прафесія — грамаадвод, куды я магу даслаць любую эмоцыю»

    Дзе знайсці сэнс, што турбуе сёння, і  чаму на мінскай канапе Купалаўскага яшчэ да 2020-га паміралі мары, «Салідарнасці» распавёў купалавец Міхась Зуй, які пасля ад’езду з Менску прайшоў праз дзве эміграцыі.

    Міхась Зуй купалаўцы

    Міхась Зуй. Фота: з архіву суразмоўцы

    — Міхась, пасля ад’езду з Менску вы жылі ў Львове, а пасля пачатку вайны перабраліся ў Варшаву. Што было самае цяжкае ў эмацыйным плане?

    — Калі мы толькі з’язджалі з Беларусі, я разумеў што магу вельмі сумаваць. Па Менску, бо я вельмі яго люблю, па Беларусі, сябрах.

    Але я неяк з сабой дамовіўся, што не маю права на нейкія неабгрунтаваныя спадзевы ці на глыбокую рэфлексію. Бо калі буду рэфлексаваць і паглыбляцца ў стан скрухі, то гэта можа і мне, і маёй сям’і стаць перашкодай.

    Я разумеў, што мы не можам заставацца ў Беларусі, гэта аб’ектыўная рэчаіснасць. У нас не было свабоднага выбару. Таму я з сабой дамовіўся і пакуль гата дамова дзейнічае.

    Мы ўвесь час бачым цяжкія навіны з Беларусі, і гэта зноў накрывае 2020‑м годам, калі было шмат добрага, светлага, але і злоснага, што цябе паралізавала і да сёння, часам, уводзіць у ступар.

    Сябры нядаўна падказалі, што ў такіх сітуацыях трэба раскласці жыццё на простыя дзеянні, якія мусіш рабіць кожны дзень. Без абмеркаванняў і рэфлексій. Як кожны дзень мусіш устаць і чысціць зубы, так і тут трэба пераводзіць сваё жыццё ў нейкія дзеянні, каб меньш заставацца сам-насам з гэтай бядой, на якую ніяк не можаш паўплываць. Інакш яна цябе знішчыць.

    Калі з пачаткам вайны мы прыехалі ў Польшчу, накрыў шматузроўневы стрэс, бо нават тут мы не адчувалі сябе ў бяспецы… Але пачынаеш нечым займацца, праз «не хачу» і нават творчасцю. Нам з маім суаўтарам і паплечнікам Андрэем Кашперскім было цяжка прыдумляць новае, бо быццам усё згубіла сэнс. Але мы ўспрымалі як працу тое, што гэтыя сэнсы трэба знайсці зноў.    

    — «Як быццам усё згубіла сэнс» — фраза, якая не дае крочыць далей…

    — Гэта вельмі разбуральная думка, што як быццам усё было бессэнсоўна. Так, усё змянілася, і Беларусь, і мы. Але ў гэтым выбары, які мы рабілі ў 2020‑м, і быў сэнс, гэта трэба прыняць. У выбары выступіць супраць гвалту вялікі сэнс.

    На тое мы і дарослыя людзі, каб пагадзіцца, што мы зрабілі правільны выбар, хэпіэнд якога наступіць не адразу. Інакш гэта цалкам пазіцыя дзіцяці, якое тупае ножкай і хоча цяпер.

    Міхась Зуй купалаўцы

    Міхась Зуй. Фота: з архіву суразмоўцы

    — Вы кажаце «я дамовіўся з сабой», але ў рэчаіснасці бывае не так прыгожа. Дамаўляйся-не дамаўляйся, але ж накрывае. Юры Стыльскі гатуе і малюе, Крысціна Дробыш п’е каву ў кавярні з відам на жыцце, таксама ёй дапамагаюць антыдэпрэсанты, Павел Аракелян бухае бурбон. Дзе вы шукаеце падтрымку?

    — Першае, што прыйшло ў галаву — гэта праца, прынамсі творчая. У мяне пасля ад’езду з Беларусі амаль не было перыяду, калі не трэба было нічога прыдумляць. Ты мусіш гэтай працай займацца, і яна выцягвае.

    Так, настрой змрочны, але ты пачынаеш нешта рабіць, і ўнутры з’яўляецца радасць. І як быццам гэтая радасць выціскае з цябе гідкую цемру. Гэта дае сілы.

    «Зніклі ружовыя акуляры і ілюзія, што людзі абавязкова будуць ісці за дабром»

    — Калі  бачыла вас на сцэне ці ў жыцці, заўсёды ўсміхалася, бо, здаецца, вы суперпазітыўны. Як з гэтым пасля ўсіх дзікіх падзеяў?

    — Пазітыў людзі звычайна бачаць падчас маёй працы. Але ж мае ролі — не зусім я.

    За апошнія гады ўсё часцей, і гэта стала звыклым станам душы, у мяне праяўляецца халодная злосць, якая прымушае выдзіраць сябе за валасы з дрыгвы. Злосць да сітуацыі, часам да сябе.

    Я называю гэта «вясёлая здаровая злосць». Бо для мяне яна выратавальная эмоцыя, як быццам ты не дазваляеш сабе куксіцца. А часам вельмі хочацца!

    Бывае, гэтая злосць дае нават радасць, нейкі баявы настрой, у які часам атрымліваецца трапіць.

    Я пераводжу яе ў дзеянні. Мне гэта прасцей, як творчаму чалавеку, бо я магу перанесці яе на сцэну, у спеў ці відэаролік. Мая прафесія — грамаадвод, куды я магу даслаць любую эмоцыю. Для мяне гэта топліва, дызель, на якім можна «ехаць».

    Міхась Зуй купалаўцы

    Міхась Зуй. Фота: з архіву суразмоўцы

    Думаю мала людзей, у якіх нейкая частка душы не счарсцвела, не стала калючай. Мы шмат бачым вельмі брыдкіх чалавечых праяваў, якія ўсё агіднее і агіднее.

    Зніклі ружовыя акуляры і ілюзія, што людзі абавязкова будуць ісці за дабром і за праўдай. Але (сам сабе буду зараз пярэчыць)  у той жа час на адных шалях пачуццё расчаравання ў чалавеку, а з іншага боку асабіста я сустракаў людзей, якія рабілі ў гэты чорны час вельмі высакародныя ўчынкі. Моцныя і самаахвярныя. І, на мой погляд, гэта ўраўнаважвае.

    «Траўма можа быць прыхаваная, а потым бац — і ляснула»

     — Некаторыя, калі зусім дрэнна, звяртаюцца да спецыяліста…

    — У мяне асабіста няма такога досведу. Ведаю, што калі зусім дрэнна, не трэба вінаваціць у гэтым сябе, дабіваць и гробіць. Да ну! Ты не дрэнны за тое, што табе сумна. Сумуй і нават зразумей, што ты маеш на гэта права. Нават калі не сядзеў у турме і блізкія на волі, усё роўна можа накрыць. Траўма можа быць прыхаваная, а потым бац — і ляснула.

    Калі зусім дрэнна, зрабі тое, што хочацца менавіта ў дадзены момант. Усё спыніць, зрабіць нешта для сябе. Я люблю пагуляць у кампутарныя гульні. Нават эскапізм, уратаванне ў нечым адарваным ад рэчаіснасці, гэта таксама класна.

    Зараз чытаю «Уладара пярсцёнкаў», спрабую адолець у арыгінале. Кніжка была напісана ў жудасны час: былі войны, сам Толкіен ваяваў і ўсё гэта бачыў. Здаецца, кніжка абсалютна эскапісцкая, але быццам дае табе свет, у якім можна адпачыць, адвабіцца трохі ад рэчаіснасці.

    — Вы здаецеся моцным. Мо таму, што сям’я, дзеці і выбару няма?

    — Можа я чагосьці не разумею… Можа таму, што трохі дурны (усьміхаецца)?

    — Вось, я ж нездарма казала пра ваш пазітыў!

    — Так, гумар трымае. І зараз ён не заўсёды пра светлае і пазітыўнае, але зноў жа пра тое, што дае сілы. Калі ты над нечым пасмяешся, як быццам будзеш яго трошкі менш баяцца. То бок смех забівае страх.

    Памятаеце ў «Гары Потару» ёсць магічнае заклінанне «Рідзікулус»? Замест жахлівага ўяўляеш смешнае, смяешся, і морак разыходзіцца. Перастаеш вельмі сур’ёзна рэагаваць і такім чынам самы жудасны жах разбураецца.

    Так і сённяшняя беларуская сістэма накіравана на запалохванне, яны вельмі хочучь быць сур’ёзнымі, значнымі, паважнымі. Каб іх баяліся. Калі з таго, што яны робяць ты нейкім чынам пасмяешся, ты для сябе трошкі разбураеш гэты страх.

    «Часам з вялізным пытаннем справіцца лягчэй, чым са штодзеннымі рэчамі»

    — Як дзеці і жонка адаптаваціся ў эміграцыі? Каму і чаму горш, цяжэй за ўсё?

    — Як ні дзіўна, быццам бы дзеці хутка адаптуюцца да ўсяго, але для іх пераезд стаў траўмай. Яны і зараз, калі ўзгадваюць самы любімы горад і краіну, кажуць: Менск, Беларусь. Памятаюць сяброў, любімыя месцы.

    Міхась Зуй з дзецьмі купалаўцы

    Міхась Зуй з дзецьмі. Фота: з архіву суразмоўцы

    Да нейкага часу мы не маглі ім сказаць: вернемся — не вернемся. Потым разам с жонкай сумленна з імі паразмаўлялі, распавялі пра сітауцыю, што з намі магла здарыцца бяда, таму мы з’ехалі, «каб вас у нас не адабралі».

    Як быццам яны ўспрынялі гэта па даросламу, але дагэтуль вельмі часта ўзгадваюць Менск. Насамрэч мы радыя, што ў нашых дзяцей застаецца культурны беларускі код.

    — Дзяніс Дудзінскі казаў мне, што «мы ўсе зараз апынуліся на Марсе і вымушаны наноў будаваць свае ўласнае жыццё, у тым ліку асабістае». Як у вас атрымоўваецца?

    — Канешне, усё гэта цяжка, і такія стрэсы не могуць не ўплываць. Калі ты вымушаны з’ехаць з роднай краіны з‑за рэпрэсій, потом з іншай краіны з‑за вайны — твая нервовая сістэма ляціць да чорта.

    На якіх людзях мы звычайна зрываемся? На самых блізкіх, таму што яны побач і часам у чымсці падаюцца вінаватымі. Гэта чалавечая прырода ад якой не ўцячы. Але будзем справабавць змагацца.

    — Лічыцца, што мужчыны больш трывалыя, але не эмацыйна. Тым больш калі паўстае вострае пытанне заробкаў, арэнды кватэры. Калі быў самы цяжкі перыяд у гэтым плане і як змагаліся з негатыўнымі думкамі?

    — Гэта самае складанае пытанне, нават не ведаю, што адказаць. Туга па Радзіме — гэта тое, што неяк можаш прааналізаваць. А тут кожны дзень… Мне падаецца, што асаблівая небяспека ў дробязях. Яны назапашваюцца, могуць быць незаўважнымі, але з’ядаюць, піляць сук і паціху цябе разбураюць. Часам з вялізным пытаннем справіцца лягчэй, чым з такімі штодзеннымі рэчамі.

    Што б я сам сабе параіў? Спакайней успрымаць што твае родныя, дзеці, не робяць тое, чаго б табе хацелася, чаго ты ад іх чакаеш. І, можа, ты таксама не выконваеш нейкія іх спадзяванні. Змірыцца з тым, што ніхто не ідэальны. І ты таксама.      

    «Яшчэ да 2020-на мы прыдумалі, што гэта канапа, на якой паміраюць мары»

    — Што сёння турбуе?

    — Хочацца трошкі не прапусціць лета, як ні дзіўна гэта гучыць. За гэтымі клопатамі, справамі ўжондаў, легалізацыяй, зарабляннем грошай — не прапусціць неяк жыццё, каб трошкі яго адчуць. Хацелася б больш часу праводзіць з сям’ёй.

    Міхась Зуй Алена Зуй-Вайцяхоўская Алена Жалудок

    Міхась Зуй з жонкай Аленай Зуй-Вайцяхоўскай. Фота: з архіву суразмоўцы

    Ёсць нават такая прымаўка: «Калі ўлетку на сонцы не напячэшся, то ўзімку з холаду натрасешся». Таму трэба ўжо зараз назапашваць станоўчыя эмоцыі. 

    — Каля трох год таму, у інстаграме, вы падзяквалі беларусам за падтрымку, казалі, што беларусы насамрэч разам і дапамагаюць адно аднаму. Ці змяніліся вашыя думкі на гэты конт?

    — Гэта было пасля нашага сыходу з Купалаўскага. Прайшоў час і зараз больш яскрава зразумела, што ніхто не ідэальны, і нельга ўвесь час для ўсіх быць вельмі добрым.

    Тады, у 2020‑м, быў сапраўдны выбух, калі ўсе адно аднаго ўбачылі, разгледзелі, палюбілі, асэнсавалі, што ўсе мы беларусы і жывем у адной краіне. З цягам часу трываласць гэтага  пачуцця, радаснага адкрыцця беларусаў, правяраецца менавіта доўгай дыстанцыяй.

    Але мне падаецца, што і да гэтага часу тое пачуццё засталося. Так, яно стала больш комплекснае. У яго падмяшаліся розныя колеры, як у мульціку «Галаваломка», дзе спачатку дзіцёнак успрымае нешта адназначна — радасць, сум — а потым эмоцыі становяцца больш складанымі.

    Усім нам хапае розных сітуацый, дзе мы вымушаны выжываць, перадумляць наноў жыццё, прафесію, неяк знаходзіць сабе месца. Гэта няпроста. Але ўсё роўна ў нас засталося адчуццё ўзаемадапамогі, і яно стала як быццам больш дарослае.

    — Што першай справай зробіце, калі памарыць пра вяртанне ў Менск?

    — Схадзіў бы да блізкіх, у «Цэнтральны» зайсці пастаяць з бутэрбродзікам ці выпіць кавы з вушкам ў «Караваі».

    Можна і ў тэатр. Я працаваў у Купалаўскім 18 год, гэта мае адзінае месца працы ў Беларусі. Таму калі гэта вяртанне будзе — чаму не? Мы ўсе з задавальненнем туды зойдзем і паглядзім. 

    Мы, напэўна, да 2020-га, і я таксама, жылі ў нейкім свеце, трымаўшыся за гэты будынак, як быццам ён нясе нейкі сакральны сэнс. Не людзі, якія надавалі яму гэты сэнс, якія там працавалі.

    Але я не разумею, навошта мне дазваляць сабе сантыменты ў дачыненні канапы, на якой я там сядзеў? Мы з яе дагэтуль смяемся.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.