• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міністр інфармацыі перакананы: усе беды беларусаў — ад альтэрнатыўных навінавых рэсурсаў

    Працягвае свае прапагандысцкія ваяжы па рэгіёнах міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў. У часе наведвання рэдакцыі газеты «Ляхавіцкі веснік» чыноўнік паразважаў пра важнасць ідэалагічнага складніка ў супрацьстаянні са шкоднымі «альтэрнатыўнымі рэсурсамі».  

    6 красавіка кіраўнік міністэрства інфармацыі паўдзельнічаў у пасяджэнні Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта, а таксама правёў сустрэчу з працоўным калектывамі мясцовай раённай газеты і бібліятэчнай сістэмы. Адпаведная справаздача змешчаная на сайце «Ляхавіцкага весніка».

    Як і падчас аналагічных візітаў у іншыя месцы, Уладзімір Пярцоў пазіцыянаваў сябе перадусім у ролі «агітатара і прапагандыста» дзейнага палітычнага рэжыму. 

    «Ідэалогія — гэта імунная сістэма дзяржавы. Калі не будзе гэтага імунітэту, любы вірус, занесены праз альтэрнатыўныя інфармацыйныя рэсурсы, будзе разбураць дзяржаву», — папярэдзіў прадстаўнік ведамства, якое ўсё больш ператвараецца ў чарговы рэпрэсіўны орган дзеля змагання з іншадумствам.

    Уладзімір Пярцоў паслядоўна абвінавачвае незалежныя медыя ў «хайпе» на неправеранай інфармацыі, хоць ускосна і прызнае, што праблем у рэгіёнах сапраўды хапае. Але ён катэгарычна супраць, каб гэтыя праблемы ператвараць у «гарачыя тэмы» — маўляў, улады самі ва ўсім разбяруцца.   

    «У раёнах адпрацоўваюць не нейкую там глабальную палітычную позву. Настрой у людзей ствараюць бытавыя, сацыяльныя, камунальныя пытанні. А «ўкіды» ў альтэрнатыўныя каналы і чаты фармуюцца на падставе фэйкаў або фактычных падзей (лямпачка, дарога, чарга ў паліклініцы, месцы ў дзіцячым садку, іржавая вада), калі на іх своечасова не зрэагавалі ў раёне, калі людзі не дастукаліся ў газету ці выканкам», — падкрэсліў міністр важнасць працы з надзейнымі крыніцамі інфармавання.

    Каб стварыць бачнасць «ідэалагічнай эстафеты пакаленняў», аддзел адукацыі райвыканкама застымуляваў наведваннем рэдакцыі «Ляхавіцкага весніка» навучэнцаў раённай Навасёлкаўскай сярэдняй школы.

    Прычым галоўнай мэтай чыноўнікаў, натхнёных прысутнасцю міністра,  было не знаёмства падлеткаў з кухняй вытворчасці мясцовых навін, а «абмеркаванне асноўных тэзісаў паслання Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і нацыянальнаму сходу».

    «Непадробны энтузіязм», з якім дзеці «ўторкнуліся» ў разасланыя асобнікі газет, выразна бачны з фотасправаздачы, змешчанай на сайце раённага выдання. 

    Адной з асноўных функцый Міністэрства інфармацыі ў апошнія гады з’яўляецца не дапамога медыям стварыць роўныя ўмовы ў іх прафесійнай дзейнасці, а мэтанакіраванае «шэльмаванне» недзяржаўных СМІ.

    Дзякуючы імпэту ведамства, імкліва пашыраецца так званы «рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», у які трапляюць як цэлыя рэдакцыі, так і асобныя акаўнты журналістаў у сацсетках.

    Шэраг папулярных рэсурсаў з прычыны рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў або спынілі існаванне, або вымушана выехалі за мяжу. 35 супрацоўнікаў СМІ асуджаныя па крымінальных артыкулах ці яшчэ ў чаканні вырашэння свайго лёсу.  

    Наглядны орган цалкам апраўдвае неабгрунтаваны пераслед незалежных медый, але адразу ж пачынае біць трывогу, калі на міжнародных інтэрнэт-пляцоўках абмяжоўваюць доступ да якога-небудзь адыёзнага прапагандыста за распальванне непрыхаванай варожасці.    

    Чытайце яшчэ:

    Вольга Класкоўская: Як тут не параноіць, калі ў ваннай ляжыш, а да цябе ГУБАЗіК урываецца?

    Стваральніца падкаста «Вясна прыйдзе»: Меншае, што мы можам зрабіць, — гэта ведаць пра досвед людзей, якія побач з намі

    Ідзе прыём матэрыялаў на конкурс «Вольнае слова» (да 1 траўня)

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці