• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Місія Onliner — асвятленне жыцця “маленькага чалавека”, з яго перамогамі і бедамі»

    У дзясятку самых наведвальных сайтаў Беларусі ўваходзяць толькі два медыя: Tut.by і Onliner.by (праўда, па статыстыцы разам з каталогам). Гэтыя два парталы канкуруюць за беларускіх чытачоў і рэкламадаўцаў.

    Інфармацыйную частку Onliner робяць менш за 30 чалавек. Як у рэдакцыі атрымліваецца быць на высокіх рэтынгавых пазіцыях, чаму ў штаце так мала жанчын і каго гатовыя прыняць на працу?

    Пра гэта распавялі галоўны рэдактар кантэнтнай часткі Onlin­er Мікалай Казловіч, відэарэдактар Аляксей Носаў і рэдактар сацсетак Мікіта Ляшкевіч падчас сустрэчы ў Прэс-клубе.

    Адразу прагучала, што “партал”, як мы звыкліся зваць Onlin­er, — гэта тэрміналогія 1990‑х гадоў . Ды і словам “сайт” акрэсліць медыя сёння складана. СМІ варта разглядаць у сукупнасці ўсіх каналаў, праз якія ён даносіць інфармацыю да чытачоў.

    “Мы жывем у эпоху медыятурбулентнасці — адзначыў Мікалай Казловіч. — Трэнды мяняюцца кожныя паўгода”.

    Для Onliner сёння статыстыка такая:

    Публікацый на тыдзень: каля 300, з іх 7–8 відэа;

    Унікальных карыстальнікаў: больш за 450 тысяч штодня (70 % мужчыны, 60 % ва ўзросце ад 25 да 34 гадоў, 57 % з мабільных прылад);

    Падпісчыкаў:
    Twit­ter — 300 тысяч;
    ВКонтакте — 210 тысяч;
    YouTube — 118 тысяч;
    Insta­gram — 32 тысячы;
    Viber — 30 тысяч;
    Face­book — 29 тысяч;
    Telegram — 5 тысяч;

    Калі з падпісантамі ў сацсетках усё больш-менш зразумела (хаця для падліку іх уцягнутасці існуюць розныя методыкі — рэд.), то наконт наведвання сайта розныя сервісы даюць розныя паказчыкі. Мікалай Казловіч кажа, што скептычна ставіцца да абсалютных лічбаў і рознага роду рэйтынгаў, а ўвагу звяртае хутчэй на дынаміку. Варта глядзець, што “працуе”, а што — не, і думаць чаму так.

    Цікавая практыка, якую можна было б пераняць у Onlin­er — міні-праекты ў вялікім. Некаторыя супрацоўнікі могуць весці ўласныя старонкі ў сацсетках ці каналы ў мэсэнджэрах, такім чынам ствараючы мікрамедыя. СМІ раней разглядалі сацсеткі пераважна як сродак павялічыць трафік на сайт. А цяпер яны становяцца для аўдыторыі асноўнай крыніцай інфармацыі, людзі не хочуць нікуды пераходзіць. Таму трэба працаваць з тым, што ёсць, хаця не заўсёды зразумела, як гэта рабіць. Кожны акаўнт мусіць стаць асобным медыя.

    Журналіст павінны быць асобай, разбірацца ў сваёй тэме, гарэць ёю. Менавіта такія супрацоўнікі трэба рэдакцыі Onlin­er.

    Яшчэ сярод патрабаванняў — уменне шмат працаваць, гатоўнасць засвойваць новыя фарматы і ў той жа час рабіць не тое, што модна, а тое, што сапраўды цікава. Троху супярэчліва? Ну, можа быць. Таму і выходзіць што, напрыклад, са 150 заявак у відэааддзел адабралі толькі дваіх супрацоўнікаў, хаця яшчэ ёсць рэзерв для пашырэння.

    На пытанне “Як вы змагаецеся з прафесійным выгараннем супрацоўнікаў?” відэарэдактар Аляксей Носаў адказаў, што робіць некалькі відэа, якія, меркавана, добра паглядзяцца, а потым — адно для душы. Самыя папулярныя пасты ў сацсетках Onlin­er — тыя, што утрымліваюць відэакантэнт.

    Галоўны рэдактар Мікалай Казловіч паведаміў, што імкнецца накіроўваць журналістаў у камандзіроўкі, у тым ліку замежныя. Такім чынам яны не сядзяць доўга ў офісе і не сумуюць. Але галоўнае — гэта місія выдання, якая важная найперш для журналістаў.

    Місія Onlin­er — гэта асвятленне жыцця “маленькага чалавека”, з яго перамогамі і бедамі. У ідэале — спрыянне публікацыямі вырашэнню яго праблем.

    Прагучала і пытанне, колькі ў рэдакцыі жанчын і чаму так мала? Аказалася, што восем, чатыры з іх у штаце. Агулам рэдакцыя Onlin­er гэта:

    • 20 журналістаў;

    • 4 фатографы ў штаце і 1 пазаштатнік;

    • 3 чалавекі ў відэаадзеле;

    • 5 карэктараў (2 з іх у штаце);

    • 2 асобы займаюцца сацсеткамі;

    • 3 асобы займаюцца спецпраектамі.

    Наконт жанчын прадстаўнікі рэдакцыі адказалі, што будуць толькі радыя, калі іх будзе больш, і што ацэньваюць супрацоўнікаў паводле іх прафесійных якасцяў, а не па гендэрнай прыналежнасці.

    Працы ў рэдакцыі Onlin­er багата і бывалі выпадкі, калі жанчын бралі ў штат, але праз высокую нагрузку тыя пераходзілі ў пазаштатніцы.

    Цяпер у рэдакцыі бракуе людзей, здольных ствараць відэа “пад ключ” (ад ідэі да мантажу), карэктараў і… беларускамоўных журналістаў.

    Матэрыялаў па-беларуску на Onlin­er выходзіць 1–2 на месяц. Прынятае рашэнне, што колькасць такіх матэрыялаў будзе павялічвацца. Яшчэ рэдакцыя не перакладае словы тых, хто размаўляе з журналістамі па-беларуску.

    Onlin­er шукае падыход да аўдыторыі ва ўзросце да 25 год, змагаючыся з эфектам “выданне старыцца разам са сваімі чытачамі”. Таму журналісты, якія разумеюць патрэбы гэтай катэгорыі, напэўна, таксама прыдадуцца.

    Як трапіць на працу ў рэдакцыю Onliner?

    Шлях першы: выслаць рэзюмэ. Каб “чапляла”. Напрыклад, цяперашні відэарэдактар Аляксей Носаў запісаў відэарэзюмэ на фоне будынка, дзе мясціўся офіс Onlin­er. У роліку, выразна жэстыкулюючы, Аляксей патлумачыў, чаму хоча працаваць у кампаніі і што можа прапанаваць. Праўда, памыліўся вакном, паказваючы на офіс. Але гэта дробязі. Ужо праз 10 хвілін пасля таго, як рэзюмэ было адасланае, Аляксею патэлефанавалі з прапановай прыйсці на сумоўе.

    Шлях другі: напісаць галоўнаму рэдактару Мікалаю Казловічу на nak@onliner.by і прапанаваць 5 тэмаў для артыкулаў.

    Рэдакцыя Onlin­er не гатовая вучыць працаваць, але гатовая падтрымаць тых, хто ўжо нешта ўмее. Мабыць, таму практыканты тут затрымліваюцца рэдка.

    У межах кампаніі можна расці, пашыраючы кола сваіх навыкаў, ці мяняць сферу дзейнасці. Калі ўзнікае вакансія, то на яе разглядаюць у першую чаргу таго, з кім ужо супрацоўнічалі. Напрыклад, Максім Тарналіцкі раней напаўняў каталог апісаннямі тавараў, а цяпер працуе фатографам. Рэдактар сацсетак Мікіта Ляшкевіч таксама спачатку прыйшоў на іншую вакансію.

    На сёння інфармацыйная частка Onlin­er (каталог жыве асобным жыццём) улучае раздзелы “Людзі”, “Меркаванні”, “Аўто”, “Тэхналогіі”, “Нерухомасць”, пашырэння не плануецца.

    На пытанне з залы “Чаму вы не пішаце пра палітыку?” прагучаў адказ, што ёсць выданні, якія робяць гэта на высокім узроўні, і кожнае СМІ павінна займацца тым, што ў яго добра атрымліваецца: “Калі пісаць, то пісаць добра”. Onlin­er робіць стаўку на ўнікальны кантэнт.

    Прагучала таксама пытанне пра выдаленне з сайта матэрыялаў пра арышт Віктара Пракапені. Аказваецца, рашэнне прымала юрыдычная служба Onlin­er, пасля таго, як да яе звярнулася юрыдычная служба бізнэсоўца. Юрысты апелявалі правам на забыццё.

    Пасля лятучкі засталося ўражанне, што працаваць на Onlin­er весела і цікава, затрымацца ў прафесійным росце ці засумаваць там журналісту папросту не дадуць. А каб разумець аўдыторыю, медыяработніку трэба і самому быць крыху  хіпстэрам, крыху працаголікам, не баяцца новага і досыць прагматычна глядзець на свет.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці