• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На Юр’е гомельскія журналісты “адмыкалі зямліцу” ў вёсцы Пагост

    Гомельская філія ГА “БАЖ” 6 траўня зладзіла прэс-тур на старажытную Тураўшчыну. У тамтэйшай вёсцы Пагост захаваўся знакаміты беларускі абрад на веснавое свята Юр’е — “Юраўскі карагод”.

    «Юраўскі карагод» называюць яшчэ і “Тураўскім карагодам”, бо вёска сваёй гісторыяй, мінулай і сучаснай культурай цесна звязана са старажытным Туравам. «Юраўскі карагод” першы ў Беларусі атрымаў у 2005 годзе статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Цяпер робяцца захады прадставіць “Юраўскі карагод” у ЮНЭСКА на залічэнне яго ў шэраг помнікаў нематэрыяльных каштоўнасцяў міжнароднага значэння.

    У прэс-туры ўзялі ўдзел журналісты “Новага часу”, інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, “Белсату”, сайтаў “Гомельская вясна”, “Гомель грамадзянскі”.

    Знаёмства з “карагодам” у Пагосце сумяшчалася з атрыманнем практычных навыкаў фота- і відэаздымкаў масавых мерапрыемстваў.

    Веснавым абрадам “Юраўскі карагод” ужо не адно дзесяцігоддзе апекуюцца ініцыятыўныя вяскоўцы з народнага фальклорна-этнаграфічнага гурта “Міжрэчча”. Найперш гэта Кацярына Панчэня, колішняя загадчыца мясцовага клуба і яго мастацкі кіраўнік, а цяпер 75-гадовая пенсіянерка з няпростым лёсам, але няўрымслівым і надзвычай песенным сэрцам.

    Кацярына Папчэня апавядае, што абрад пачынаецца з выпякання хлеба-каравая, які тут называюць “карагодам”. На  Юр’e  каравай аздабляюць рознакалявымі стужкамі, уторкваюць  тры галінкі расквітнелай  яблыні ці грушы, якія маюць па тры плодныя парасткі — усяго дзевяць, акурат столькі месяцаў цягнецца цяжарнасць у жанчыны, зрэшты, як і сцельнасць у каровы — вясковай карміцелькі. Зялёны хвартух на граблях  сімвалізуе цнатлівасьць дзяўчыны, граблі — працу. У поле вяскоўцы ідуць пад зялёным хвартухом, з поля — пад чырвоным, заручыўшыся такім чынам жыватворнай сілай сонца.

    “А дзявятай  ні на пачатку дзесятай гадзіны, — працягвае Кацярына  Аляксееўна. —  Усе разам выпраўляемся праз вёску ў поле. Наперадзе   дзяўчаткі нясуць ручнік з узнятай сярэдзінай — “царскаю брамай”. За вёскай праз гэтую “царскую браму”, як бы ў храм прыроды, грамада выходзіць на зялёнае жыта, становіцца ў карагод. Акрайчык хлебца кладзем у зямлю з просьбаю да Бога даць добры ўраджай. Тут жа загадваем, каб Юр’я  ўстаў рана, умыўся бела, надзеў сукні, боты, сядлаў каня і ехаў у поле “адмыкаць зямліцу, выпускаць расіцу”. Гэта каб радзіла жыта, пшаніца ды ўсякая пашніца. Абрад наш звязаны з будучым ураджаем, хлебам, жывёлай. У гэты ж дзень выганяем вярбінкаю на пашу кароў з рознымі замовамі і абярэгамі. І, канечне, у песнях славім Юр’я”.

    Аддаўшы пашану зямельцы, абраднікі  з поля зноў-такі праз “царскія вароты” вяртаюцца назад у вёску. Ідуць з песнямі пад гармонік Мікалая Леўкаўца, карагодзяць каля сядзібаў вяскоўцаў.  Музычна-тэатральныя зычанні мець  у новым земляробчым сезоне добры ўраджай у полі і агародзе, прыплод у хац і хляве ўлагоджваюць душы вяскоўцаў.  На знак падзякі гаспадары і гаспадыні  выносяць абраднікам свае пачастункі —  яйкі, пірагі ды розныя іншыя хатнія прысмакі.

    Удзельнікі прэс-туру здымалі ўсе абрадавыя  дзеянні, гутарылі з вяскоўцамі і культасветработнікамі, запісалі меркаванне грамадскага эксперта ў пытаннях захавання беларускіх нематэрыяльных каштоўнасцяў Рэгіны Гамзовіч, якая прысутнічала на свяце. Каб абрад у Пагосце праз ЮНЭСКА набыў міжнароднае гучанне, патрэбны высілкі вясковай супольнасці, Міністэрства культуры і беларускага Саўміну, скіраваныя на ажыццяўленне комплексу абавязкаў па падтрымцы і захаванні гэтай унікальнай абрадавай традыцыі”.

    Фота Анатоля Гатоўчыца

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    Очередное решение властей, которое поражает в правах белорусов.  Лукашенко подписал указ, которым изменил порядок выдачи документов в посольствах и консульствах за границей. Теперь там нельзя продлить или получить паспорт. Как же быть? Комментирует юридическая служба БАЖ.
    05.09.2023
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці