Еўрапейская федэрацыя журналістаў пра конкурс «Вольнае слова»: Гэта не проста ўзнагарода, гэта — акт супраціву
Еўрапейская федэрацыя журналістаў удзельнічае ў арганізацыі творчага спаборніцтва. Беларуская асацыяцыя журналістаў нагадвае, што прыём матэрыялаў на конкурс «Вольнае слова» хутка завяршаецца. Да 3 траўня прымаюцца матэрыялы, якія былі апублікаваныя ў 2025 годзе.

Прадстаўнікі Еўрапейскай федэрацыі журналістаў выказваюць падтрымку прэміі «Вольнае слова». Якасныя рэпартажы становяцца магутным інструментам супраціву дыктатуры і абароны правоў чалавека, а праца супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі ў выгнанні ці пад ціскам з’яўляецца фундаментам дэмакратыі і вяршэнства закона.
Падтрымка конкурсу пацвярджае прыхільнасць Еўрапейскай федэрацыі журналістаў да абароны калег, якія працуюць у самых небяспечных рэгіёнах Еўропы.
Мая Север, прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў:
— У часы, калі ісціна сістэматычна падаўляецца, а журналісты пераследуюцца, «Вольнае слова» — гэта не проста ўзнагарода, гэта акт супраціву. Незалежная журналістыка сёння з’яўляецца перадавой лініяй абароны дэмакратыі і свабоды, а тыя, хто працуе пад ціскам аўтарытарных рэжымаў, дэманструюць надзвычайную мужнасць і прафесіяналізм.

Мая Север з вітальным словам на канферэнцыі «Беларускія медыі. Якасць кантэнту і пытанні самарэгулявання». 10 верасня 2024 года. Фота: БАЖ
Іх праца нагадвае нам, што журналістыка — гэта не злачынства, а грамадская карысць. Вось чаму мы павінны заставацца гучнымі, згуртаванымі і непахіснымі ў нашай падтрымцы калег, якія рызыкуюць усім, каб вынесці праўду на святло.
Рыкарда Гуцьерэс, генеральны сакратар Еўрапейскай федэрацыі журналістаў:
— Зараз важней, чым калі-небудзь, прасоўваць якасную журналістыку і яе этычныя стандарты на фоне інтэнсіўных рэпрэсій. Гэта форма супраціву аўтарытарызму: праз сваю прафесійную прыхільнасць і адданасць раскрыццю ісціны журналісты дапамагаюць захоўваць агмені свабоды і адраджаць вяршэнства закона там, дзе яно знаходзіцца пад найбольшай пагрозай.
Гэта цалкам апраўдвае ўдзел Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, галоўнай прадстаўнічай арганізацыі для гэтай прафесіі ў Еўропе, у арганізацыі прэміі «Вольнае слова».

Генсек EFJ Рыкарда Гуцьерэс. Фота: Facebook
Рэнатэ Шродэр, дырэктарка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў:
— ЕФЖ ганарыцца тым, што падтрымлівае журналісцкую прэмію «Вольнае слова» ўжо ў трэці раз. Конкурс ацэньвае і прыцягвае ўвагу грамадскасці да найважнейшай працы журналістаў у выгнанні ці тых, хто працуе пры аўтарытарных рэжымах.

Рэнатэ Шродэр
Іх галасы маюць вырашальнае значэнне для раскрыцця парушэнняў правоў чалавека, забеспячэння глыбокага кантэкстуальнага аналізу і забеспячэння падсправаздачнасці, часта становячыся адзінай даверанай крыніцай інфармацыі з месцаў, якія перажываюць медыйную блакаду. Гэта паказвае, наколькі важная журналістыка.
Конкурс «Вольнае слова» праводзіцца пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі журналістаў з мэтай прадэманстраваць і ўганараваць прафесіяналізм аўтараў і аўтарак беларускіх медыя, якія ў сённяшніх складаных абставінах робяць журналістыку найвышэйшага ўзроўню, падтрымаць іх дзейнасць у адстойванні прынцыпаў прафесійнай журналістыкі і свабоды слова.
Прыём матэрыялаў на конкурс «Вольнае слова» (дэдлайн — 3 траўня)
Пра конкурс
Прымаюцца працы ад беларускіх аўтараў і аўтарак незалежных медыяў. Ад адной асобы на конкурс прымаюцца не больш за 3 матэрыялы, якія былі апублікаваныя ў 2025 годзе, альбо цыкл публікацый.
Матэрыялы на конкурс падаюцца аўтарамі з рэкамендацыяй (верыфікацыяй) рэдакцый незалежных медыяў, дзе яны былі апублікаваныя (у форме падачы неабходна пазначыць звесткі пра службовую асобу медыя, якая пацвярджае аўтарства).
ПАДАЦЬ ЗАЯЎКУ
Як і летась, ва ўсіх намінацыях, акрамя «Журналісцкага расследавання», журы будзе асобна ацэньваць тэкставыя і відэаматэрыялы. Для апошніх прадугледжана і асобная ўзнагарода. Што тычыцца намінацыі «Журналісцкае расследаванне», то ў ёй усе дасланыя на конкурс матэрыялы (тэксты, відэа, аўдыя і г. д.) будуць «спаборнічаць», як і раней: незалежна ад формы і фармату.
Пераможцаў конкурсу вызначыць прафесійнае журы, якое захавае ананімнасць пераможцаў пры іх жаданні, як гэта было ў мінулых гадах.
@bajmedia