• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выстава БАЖ «Непачутыя галасы» ў Гамбургу. «Краіна, дзе журналістам затыкаюць рот, робіцца турмой»

    Падчас Гамбургскага тыдня свабоды прэсы праходзіць выстава БАЖ «The Unheard Voic­es» («Непачутыя галасы»), прысвечаная беларускім медыйшчыкам, якія знаходзяцца за кратамі. Выставу асацыяцыі дапоўніла мастацкая кампанента, створаная творцамі, які знаходзяцца ў экзылі ў Нямеччыне.

    выстава, Гамбург, БАЖ

    Выстава БАЖ «Непачутыя галасы» ў Гамбургу. Фота: lookby.media

    У Гамбургу ў межах Тыдня свабоднай прэсы адбыліся маштабныя мерапрыемствы, прысвечаныя рэпрэсіям супраць беларускіх журналістаў і транснацыянальнаму ціску на незалежныя медыя.

    Арганізатарам удалося аб’яднаць традыцыйную экспазіцыю Беларускай асацыяцыі журналістаў з мастацкай інсталяцыяй беларускіх творцаў, што жывуць у Берліне (імёны іх не называюцца з пытанняў бяспекі), ператварыўшы праект у паўнавартасны беларускі медыйны тыдзень беларускай у Германіі.

    Ад няведання да ўсведамлення

    Ідэя пашырыць фармат выставы ўзнікла з досведу зносінаў з нямецкай медыясупольнасцю. Як расказала БАЖ былая палітзняволеная, ініцыятарка правядзення выставы, журналістка Ксенія Луцкіна, яшчэ год таму падчас інтэрв’ю нямецкім СМІ яе часта прасілі гаварыць выключна пра вядомых палітвязняў:

    «У мяне быў момант, калі я сказала: «А вы не хацелі б пагаварыць пра вашых калег, журналістаў і журналістак, якія за кратамі?». А нямецкія медыйшчыкі мне кажуць: «А мы і не надта нешта ведаем».

    Луцкіна, Гамбург, выстава, БАЖ

    Ксенія Луцкіна падчас адкрыцця выставы БАЖ «Непачутыя галасы» ў Гамбургу. Фота: lookby.media

    Галоўнай мэтай праекта, зазначыла Ксенія Луцкіна, было праінфармаваць як мага шырэйшую аўдыторыю, бо для многіх жыхароў Германіі маштабы пераследу журналістаў у Беларусі ўсё яшчэ застаюцца невядомымі:  

    «Для большасці гэта навіна, што нешта такое ўвогуле можа адбывацца ў Еўропе ў ХХІ стагоддзі».

    Мастацкае пераасэнсаванне

    Дзякуючы падтрымцы нямецкага боку ў Гамбургу ўдалося пашырыць традыцыйную выставу БАЖ «Непачутыя галасы».

    выстава БАЖ Гамбург

    Выстава БАЖ «Непачутыя галасы» ў Гамбургу. Фота: lookby.media

    Беларускія берлінскія творцы стварылі адмысловую мастацкую інсталяцыю. Экспазіцыю БАЖ дапоўнілі аб’екты, якія візуалізавалі падаўленне свабоднай прэсы ў Беларусі, у тым ліку фрагмент са стрыму 2020 года ды фота тых часоў.

    «Мая мэта была паказаць — і я так сфармулявала гэта для нямецкага боку, — што краіна, у якой незалежным журналістам затыкаюць рот, фактычна ўся ператварылася ў турму. Бо ў нас, калі ты сядзіш у турме, адзінай крыніцай інфармацыі была дзяржаўная прапаганда. Цяпер дзяржава спрабуе зрабіць тое ж самае з усёй краінай», — тлумачыць Ксенія Луцкіна.

    Дыскусія пра транснацыянальныя рэпрэсіі і адказнасць

    Адкрыццё выставы суправаджалася экспертнай дыскусіяй пра пераслед беларускіх медыя і яго трансфармацыю ў транснацыянальныя рэпрэсіі супраць журналістаў у эміграцыі.

    Мадэратарам дыскусіі выступіла Джэма Пёрцген (Deutsche Welle, taz). У абмеркаванні ўдзельнічаў кіраўнік НАУ Павел Латушка, які выступіў з ключавым дакладам пра рэпрэсіі супраць беларускіх медыя і транснацыянальны ціск. Таксама ўдзельнічалі Ксенія Луцкіна, беларускі юрыст-міжнароднік, дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Леанід Марозаў, Аліс Бота з выдання Die Zeit, аўтарка кнігі «Die Frauen von Belarus» (2021), пра беларускіх жанчын у 2020 годзе, якая, паводле Луцкіной, карыстаецца вялікім попытам у нямецкіх чытачоў.

    Латушка Луцкіна БАЖ выстава

    Павел Латушка і Ксенія Луцкіна на выставе ў Гамбургу. Фота: lookby.media

    Як кажа Ксенія Луцкіна, нямецкія журналісты і наведвальнікі праяўлялі вялікую цікавасць да дэталяў:

    «Усе, і гэта вельмі радуе, уважліва чыталі таблічкі пад выявамі. У прыватнасці, шмат каго цікавіла, чаму на стэндах пазначаныя імёны суддзяў, якія выносілі прысуды. Павел Латушка падрабязна патлумачыў аўдыторыі, чаму неабходна фіксаваць гэтыя імёны, каб у будучыні прыцягнуць вінаватых да прававой адказнасці за парушэнні правоў чалавека».

    Аліс Бота, БАЖ, выстава, Гамбург

    Аліс Бота на выставе БАЖ у Гамбургу. Фота: lookby.media

    «Хачу адзначыць, что выстава сапраўды зацікавіла немцаў. У нядзелю тут было столькі людзей! Яны доўга затрымліваліся каля стэндаў, уважліва чыталі гісторыі кожнага журналіста, дзівіліся суровасці турэмных тэрмінаў і ўдакладнялі прычыны пераследу, — распавяла Ксенія Луцкіна. — Мне было прыемна, што людзі заходзяць і чытаюць гісторыі кожнага журналіста… Яны сядзелі, запісвалі, ківалі галовамі і жахаліся».

    Джэма Пёрцген БАЖ выстава Гамбург

    Джэма Пёрцген на выставе БАЖ у Гамбургу. Фота: lookby.media

    Можна сказаць, тэма беларускіх палітвязняў-журналістаў стала адной з цэнтральных падчас Тыдня свабоднай прэсы ў Гамбургу, зазначыла экс-палітзняволеная.

    «Таксама зазначу, што мы надрукавалі адмысловыя буклеты да выставы — веды пра тое, што адбываецца з незалежнымі журналістамі ў Беларусі, трэба пашыраць.

    Там у брашурах не толькі пра тэрміны калоніі, там і пра транснацыянальны пераслед, і пра спісы ў базе росшуку Расіі, і пра спробы вярбоўкі, карацей, мы паспрабавалі сцісла пашырыць веды немцаў пра гэта ўсё.

    Здаецца, нешта атрымалася. Будзем і надалей распавядаць пра тое, што адбываецца са свабодай слова ў Беларусі», — сказала Ксенія Луцкіна.

    выстава БАЖ Гамбург

    Выстава БАЖ «Непачутыя галасы» ў Гамбургу. Фота: lookby.media

    БАЖ выстава Гамбург

    Выстава БАЖ «Непачутыя галасы» ў Гамбургу. Фота: lookby.media

    Як ставаралася выстава «Журналісты: бязгучны рэжым»

    На момант з’яўлення выставы ў Беларусі за кратамі было больш за сорак журналістаў і журналістак.

    Уся віна гэтых людзей палягала ў тым, што яны сумленна выконвалі сваю працу, збіралі і распаўсюджвалі грамадска важную і праўдзівую інфармацыю. Лукашэнкаўскі рэжым забраў у журналістаў свабоду, прафесію, дом, сям’ю, сяброў, калег і кінуў за краты.

    Сёння ў зняволенні застаецца 15 супрацоўнікаў медыя — яны пазбаўленыя магчымасці быць побач са сваімі роднымі, выхоўваць дзяцей, даглядаць бацькоў, займацца любімай справай і прыносіць карысць грамадству. Яны — вязні сумлення.

    Беларуская асацыяцыя журналістаў заклапочаная тым, каб факты пераследу і рэпрэсій супраць журналістаў не згубіліся ў інфармацыйнай прасторы і не ператварыліся ў белы шум, стварыла праект «Журналісты: бязгучны рэжым».

    Ідэі візуалаў прапанавыны дзвюма беларускімі мастачкамі — Касяй Будзько і Кацярынай Мяць, якія добра знаёмыя з тым, што значыць быць журналістам у Беларусі.

    Кожная праца суправаджаецца тэкстам, які адлюстроўвае роспач ад раптоўнага знікнення звычайных клопатаў і недасяжнасці простага паўсядзённага жыцця для палітычных вязняў.

    У ідэі Касі Будзько — візуальнае вяртанне журналістаў у блізкую да іх рэчаіснасць. Мастачка пераносіць фотаздымкі журналістаў у сучасныя гарадскія ландшафты, дзе яны калісьці жылі, кахалі, працавалі, марылі. Эмацыйны кантраст паміж будзённасцю гарадскога жыцця і трагедыяй асобнага чалавека вяртае бачнасць зняволеных журналістаў. Яны — у турме. Але іх постаці працягваюць прысутнічаць у жыцці горада, у памяці людзей, у гісторыі Беларусі.

    Ідэя Кацярыны Мяць прысвечана захаванню асабістай цэласнасці і чалавечай годнасці. Натхнёная метафарай мазаікі, мастачка паказвае, як чалавек у няволі праз ізаляцыю і адарванасць ад свету паўстае замкнёным і разабраным. Але каляровыя здымкі ўтрымліваюць памяць і даюць надзею на вяртанне святла ў жыццё кожнага палітвязня.

    У свае творы мастачка дадала элемент глітчу — тэхналагічнай памылкі, якая адлюстроўвае несправядлівасць самога факта зняволення: турма для журналістаў — гэта збой рэчаіснасці. Гэты эфект візуальна падкрэслівае хісткасць сувязі паміж чалавекам і светам, якога пазбавілі палітвязняў. А таксама падкрэслівае патрэбу ў намаганнях аднавіць поўную карціну жыцця  гэтых людзей, не даць знікнуць іх імёнам і гісторыям.

    «Журналісты: бязгучны рэжым» — гэта візуальны супраціў маўклівай палітычнай тэхналогіі выцяснення. Ён аднаўляе прысутнасць тых, каго беларускія ўлады шэсць гадоў імкнуцца выкрасліць з публічнай прасторы, з прафесіі, з жыцця.

    Справа БАЖ — не даць ніводнага шанцу дыктатуры ўсталяваць бязгучны рэжым. Будзем гаварыць, крычаць, нагадваць, дэманстраваць гэты боль усяму свету і ўсімі даступнымі нам спосабамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.