• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Камісія па этыцы БАЖ: Сайт «Гомельская вясна» парушыў прафесійную этыку, не спаслаўшыся на першакрыніцу інфармацыі

    ПАСТАНОВА

    Камісіі па этыцы ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

     ад 6 снежня 2018 года,

    Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у складзе прысутных Сяргея Ваганава, Валера Карбалевіча, Таццяны Мельнічук, Змітра Падбярэзскага, Змітра Панкаўца і Таццяны Рэвяка і з удзелам Анатоля Гатоўчыца разгледзела заяву заснавальніка сайта «Сильные новости» Пятра Кузняцова з Гомеля ад 9 лістапада 2018 года.

    З яго заявы вынікае, што 2 лістапада на сайце ГА “БАЖ” быў перадрукаваны матэрыял “ У вашым пад’ездзе будуць хаўтуры”. Блогер Арцём Шапараў заяўляе пра пагрозы на адрас сваёй сям’і”. Адзначыўшы, што перадрукоўка зроблена добрасумленна, са спасылкай на першакрыніцу (“Сильные новости”), без зменаў аўтарскага тэксту, заяўнік паведамляе, што ўжо 3 лістапада на гомельскім сайце праваабарончай арганізацыі “Вясна” з’явілася перадрукоўка гэтага ж тэксту, але без згадкі сайта “Сильные новости” як першакрыніцы. Спаслаліся толькі на сайт ГА “БАЖ”.

    Пётр Кузняцоў лічыць, што гэта не тэхнічная памылка альбо недагляд, а наўмыснае парушэнне правоў сайта“Сильные новости”.

    У пацвярджэнне аўтар ліста ў Камісію па этыцы прыводзіць скарэктаваную адміністратарам “Гомельскай вясны” фразу блогера Шапарава. У арыгінале яна выглядае так: “Артем Шапоров пояснил “Сильным новостям”, что пока не обращался в милицию…”, на сайце gomelspring.org выказванне блогера змешчана ўжо без згадкі першакрыніцы: “Артем Шапоров пояснил, что пока не обращался в милицию…”.

    Пётр Кузняцоў  просіць  Камісію даць ацэнку  дзеянням сайта “Гомельская вясна” з гледзішча журналісцкай этыкі, дадаўшы пры гэтым,  што адказным за напаўненне праваабарончага сайта “Гомельская вясна” з’яўляецца сябра ГА “БАЖ”, юрыст арганізацыі Леанід Судаленка.

    У лісце ў Камісію па этыцы Леанід Судаленка прызнаў памылковасць падобнага падыходу і патлумачыў, што пры перадрукоўцы матэрыяла сапраўды скасаваў згадку пра“Сильные новости” як пра першакрыніцу.

    “Я гэта зрабіў у адказ яму, паколькі  на сваім сайце “Сильные новости” Пётр Кузняцоў неаднаразова ставіў чужыя навіны, дазваляючы сабе выкідваць з тэксту цэлыя абзацы, у якіх апісана мая як юрыста ці праваабаронцы дзейнасць”, — зазначыў Судаленка і спаслаўся, у прыватнасці, на гісторыю  пакалечанага на вытворчасці рабочага з Рэчыцы, якому ён дапамог выйграць суд і атрымаць кампенсацыю. Пра згаданы выпадак і актыўную дапамогу Судаленкі  пісалі розныя медыя-рэсурсы, у тым ліку і naviny.by. Перадрукоўваючы матэрыял з агульнанацыянальнага інфармацыйнага парталу,  “Сильные новости” вычысцілі ўсе згадкі пра дапамогу ў судовым працэсе пакалечанаму рабочаму з Рэчыцы юрыста, рэгіянальнага прававога інспектара прафсаюза РЭП Леаніда Судаленкі.

     

    Улічыўшы ўсе акалічнасці звароту, Камісія па этыцы 

    ПАСТАНАЎЛЯЕ:

    Пры перадрукоўцы згаданага артыкула  адміністрацыя сайта «Гомельская вясна» парушыла пункт 8 Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі: «ЗАХОЎВАЦЬ правы і законныя інтарэсы трэціх асоб падчас пошуку, захавання і распаўсюду інфармацыі»

    Адначасова Камісія звяртае ўвагу заснавальнікаў і адміністратараў інфармацыйных рэсурсаў на неабходнасць безумоўных спасылак на першакрыніцы, захавання  аўтарскіх правоў пры перадрукоўках матэрыялаў і падрыхтоўцы ўласных паведамленняў, у якіх ўжываюцца даслоўныя цытаты з іншых крыніц.

    Камісія лчыць недапушчальным вырашэнне прыватных пытанняў, заснаваных на сімпатыях ці антыпатыях,  праз падрыхтоўку медыйнага кантэнту. І перасцярагае аўтараў зваротаў ад спробаў выкарыстаць Камісію па этыцы ў якасці інструмента ціску на сваіх апанентаў і звядзення з імі прыватных рахункаў.

    Старшыня Камісіі па этыцы ГА “БАЖ”                         С. Ваганаў

    Сакратар камісіі                                                            Т. Рэвяка

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці