«Навінавыя інфлюэнсеры» і журналісты: што іх яднае, а што адрознівае?
Якую ролю адыгрываюць «навінавыя інфлюэнсеры» для журналістыкі? Якім вопытам могуць падзяліцца адзін з другім стваральнікі лічбавага кантэнту і журналісты? Разабрацца ў гэтым і пазнаёміцца з лепшымі практыкамі дапаможа наватарская кніга ад амерыканскіх калег.
Цэнтр журналістыкі Цэнтра Найта ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы выдаў электронную кнігу «Стваральнікі кантэнту і журналісты: пераасэнсаванне навінаў і даверу ў лічбавую эпоху», якую аўтары падаюць як наватарскую.
Інфлюэнсер (ад англійскага influence — «уплыў») — чалавек, меркаванне якога з’яўляецца важным для вялікай колькасці людзей, «лідар меркаванняў»; асоба, якая можа ўплываць на меркаванне многіх; звычайна гэта знакамітасць, эксперт у сваёй галіне. У сацыяльных сетках такім з’яўляецца карыстальнік, ці блогер, які мае шырокую і лаяльную аўдыторыю.
Выдадзеная пад рэдактарствам доктара Саммер Харлоў, намесніцы дырэктара Цэнтра Найта, кніга ўяўляе сабой калекцыю ўрокаў і назіранняў ад стваральнікаў лічбавых тэхналогій і журналістаў з усяго свету.
Даўно не сакрэт, што сучасная журналістыка знаходзіцца ў стане павышанай гатоўнасці, паколькі аўдыторыя ў пошуку навін працягвае пераходзіць са старых медыя ў сацыяльныя сеткі.
«Многія маладыя людзі больш давяраюць тыктокерам, чым журналістам, якія працуюць у інфармацыйным выданні. Згодна са справаздачай аб лічбавых навінах Інстытута даследаванняў Reuters за 2024 год, больш за палову карыстальнікаў TikTok, Snapchat і Instagram атрымліваюць навіны ад інфлюенсераў у сацыяльных сетках, а не ад масавых выданняў і журналістаў. Змена ў разуменні таго, што такое журналістыка і хто такі журналіст, безумоўна, не новая з’ява, але, дзякуючы сацыяльным сеткам, гэта асабліва прыкметна», — адзначаецца ў прадмове выдання.
Аўтары ўпэўнены: рост колькасці навінаў у сацыяльных сетках уяўляе сабой пераломны момант для журналістыкі, каб пераасэнсаваць сябе, робячы навіны больш актуальныя і даступныя для большай колькасці людзей.
Пра што можна будзе прачытаць?
Прызнаючы, што сацыяльныя сеткі і іншыя новыя тэхналогіі змяняюць традыцыйную журналістыку, медыйшчыкам
неабходна разумець праблемы, магчымасці і абмежаванні, звязаныя з размываннем межаў паміж журналістамі і інфлюенсерамі/стваральнікамі кантэнту.
Каб дапамагчы чытачу разабрацца ў нюансах, аўтары ў першай частцы выдання распавядаюць пра падабенства і адрозненне паміж стваральнікамі кантэнту і журналістамі. Яны гавораць таксама і пра ролю, якую адны і другія іграюць у стварэнні навінаў.
«Ідэя пра тое, што журналісты і стваральнікі кантэнту могуць працаваць разам, камусьці здасца спрэчнай, але ўсе прыкметы сцвярджаюць, што «навіны»па сваёй сутнасці могуць быць і не звязаныя з журналістамі», — падкрэсліваецца на старонках кнігі.
У другой частцы пададзеныя партрэты «навінавых інфлюэнсераў» з усяго свету, як, напрыклад, Дзілан Пэйдж (ён жа News Daddy) з Вялікабрытаніі ці Кассі Чо (заснавальнік Almost) з Тайваня.
У трэцяй частцы сабраныя розныя погляды аўтараў і актывістаў, якія выкарыстоўваюць свой уплыў у барацьбе са зменамі клімату.
А ў заключнай частцы кнігі можна знайсці лепшыя практыкі для журналістаў і стваральнікаў кантэнту, якія хочуць этычна і паспяхова дзяліцца навінамі ў эпоху лічбавых медыя.