• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Немагчыма было наўпрост з калегамі стэлефанавацца, сказаць аператару, дзе ты». Дняпроўская журналістка пра працу падчас трагедыі

    Наталля Гусак жыве ва ўкраінскім Дняпры і працуе на рускамоўным тэлеканале «FreeДОМ». Пасля расійскай ракетнай атакі на жылы дом, Наталля цэлы тыдзень асвятляла ратавальныя работы на месцы трагедыі. Пра акалічнасці працы журналіста ў экстрэмальных мовах, спагадлівасць да ахвяр і супрацоўнікаў экстраных службаў, пра рускую мову ў сучаснай украінскай журналістыцы і ўласны 25-гадовы досвед Наталля распавяла Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    «Такую колькасць людзей, што прыйшлі разбіраць завал і дапамагаць, я сапраўды пабачыла ўпершыню ў сваёй практыцы»

    — Як вы працавалі на месцы здарэння: наколькі цяжка гэта было для вас маральна, а як з тэхнічнага боку?

    — Маральна, мабыць, было цяжэй да таго, як мы прыехалі, бо не разумееш, што там адбываецца. Не бачыш гэтага працэсу, а проста ведаеш, што ёсць траплянне ў будынак і што там загінулі людзі. Вось гэта было найстрашнейшае да моманту прыбыцця на месца здымак. Такія падзеі — частка нашага жыцця. У практыцы ўжо быў зруйнаваны выбухам газу будынак (дарэчы, недалёка ад месца апошняй трагедыі). Там таксама былі страшныя кадры.

    Але калі ўжо прыязджаеш, то ўключаеш, як кажуць, рэжым энергазберажэння. Я разумею, што на працы і не магу даваць волю эмоцыям. Безумоўна, ты маеш дзейнічаць максімальна асцярожна, у першую чаргу ў дачыненні да людзей. Паколькі ёсць пацярпелыя, якія знаходзяцца ў стане стрэсу, можа сустрэцца чалавек у чаканні родных, якія могуць быць пад завалам. Такіх імкнешся не чапаць увогуле.

    Мы гутарылі з тымі, хто пацярпеў, але не настолькі, як жыхары таго пад’езда. 

    У выпадку з гэтым будынкам, мабыць, сіл надавала згуртаванасць людзей.

    Калі шчыра, я не чакала такога, падобнае пабачыла ўпершыню, бо звычайна пры такіх абставінах ніколі не падпускаюць натоўп — агароджваюць усю тэрыторыю адразу, працуюць спецыялісты. Але такую колькасць людзей, што прыйшлі разбіраць завал і дапамагаць, я сапраўды пабачыла ўпершыню ў сваёй практыцы. А працую я ўжо больш за 25 гадоў.

    Гэта таксама не давала расслабіцца і падбадзёрвала да таго, каб рабіць сваю справу. Волю эмоцыям можна даць ужо потым, калі вернешся са здымак, апрацуеш матэрыял, запусціш яго ў эфір. Але асабіста ў мяне пасля ўжо проста няма сіл на тыя эмоцыі.

    — Падобныя сітуацыі вельмі адказныя для журналіста на месцы. Вы аналізуеце сваю працу пасля: ці нешта б змянілі, мо, зрабілі б па-іншаму?

    Ведаеце, звычайна ўсё робіцца так, як і мае адбывацца. То бок мы не лезем наперад, не перашкаджаем працы тых, хто ратуе жыццё, проста намагаемся гэта асвятляць на бяспечнай для ўсіх адлегласці, але не перашкаджаць. Я не магу сказаць, што зрабіла б нешта іначай. Я ж не магу прыбегчы, напрыклад, усё кінуць і пачаць разбіраць завалы разам з людзьмі, там было досыць такіх «памагатых». Таму тут няма ніякіх пераасэнсаванняў — робім тое, што робім, і я лічу, як звычайна, якасна.

    — Што да ўмоў працы падчас такіх трагедый, наколькі магчыма было падысці бліжэй, бо мелася агароджа вакол? Ці была магчымасць працаваць з афіцыйнымі структурамі?

    — Мы працуем на такой адлегласці, якая, па-першае, бяспечная для нас, па-другое, камфортная для людзей, што працуюць там. Гэта мой асабісты прынцып. Таму, калі ёсць папярэджванне і нас не пускаюць за нейкія межы, то ніхто туды не ідзе. Карцінка карцінкай, але і журналіст, і аператар не павінны пацярпець.

    Супрацоўнікаў на месцы мы не чапаем ніколі, бо разумеем, што ёсць правілы гульні ў такіх умовах. Камунікацыя з афіцыйнымі структурамі таксама ішла абсалютна без праблем. Адзінае, што нам давялося пачакаць каментароў. З намі гутарылі тады, калі мелі на гэта магчымасць, і прадстаўнікі Дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацыях, і прадстаўнікі ўлады. Яны ўсе літаральна ў першы ж дзень, у першыя гадзіны выйшлі з намі на сувязь.

    Адзінай праблемай была адсутнасць мабільнай сувязі непасрэдна ў тым месцы, таму немагчыма было наўпрост з калегамі стэлефанавацца, сказаць аператару, дзе ты, каб сустрэцца.

    «Усё называем сваімі імёнамі, але культурнай, літаратурнай мовай»

    — Вы працуеце на тэлеканале «FreeДОМ», яго працоўная мова — руская, што рэдкасць для сённяшняй Украіны. Распавядзіце, чаму так і як вы асабіста глядзіце на гэта?

    — Гэта дзяржаўны холдынг, працоўная мова ў нас сапраўды руская. Платформа першапачаткова была заснаваная з такой канцэпцыяй, што яна не вяшчае па-ўкраінску, бо ідзе вяшчанне і на расейскамоўнага гледача, і на еўрапейскую частку, якая нас глядзіць, разумеючы рускую мову. Вядома, нельга нас параўнаць з прапагандысцкім каналам «Rus­sia Today», але гэта скіравана на інфармаванне ў тым ліку і расейцаў пра тое, што адбываецца ва Украіне.

    Адна справа, калі замежныя карэспандэнты прыязджаюць і штосьці могуць выхапіць і паведаміць сваёй аўдыторыі. Іншая ж справа, калі мы — карэспандэнты і жывем у сваім асяродку, паведамляем расейцам і ў Расіі, і за мяжой пра падзеі ва Украіне, называем рэчы сваімі імёнамі.

    Гэта, можа і на жаль, не ангельская мова, але такая канцэпцыя канала. Мне здаецца, абсалютна мэтазгодная. Асабліва ў тых умовах, калі расійская аўдыторыя хоча чуць праўдзівую інфармацыю той мовай, якую яна разумее.

    — Ці ёсць спецыфіка, звязаная з такой мэтай канала? Можа, нешта больш даводзіцца тлумачыць ці асцярожней выказвацца?

    — Не, мы зараз не кажам нічога асцярожна. Адзінае, што многія ўкраінскія каналы выкарыстоўваюць лексіку кшталту «русня» і іншыя сучасныя дыялектныя слоўцы — не зусім літаратурныя. Мы не можам сабе дазволіць такога, бо мы дзяржаўны канал. Але Пуціна мы называем тэрарыстам, Расію — краінай-тэрарыстам, расійскія войскі — акупантамі. Усё сваімі імёнамі, але літаратурнай мовай.

    — У параўнанні з ранейшым часам, наколькі змяніўся медыярынак у Дняпры і вобласці?

    — На жаль, падчас вайны і ў маштабах Украіны, і ў маштабах горада закрыўся канал «Краіна», і наш мясцовы “34 канал”, які быў часткай гэтага медыяхолдынгу. Гэтая група кампаній належала Ахметаву (буйны ўкраінскі бізнесовец, алігарх — Рэд.), які пасля адмовіўся ад сваіх акцый. Я на гэтым тэлебачанні працавала амаль 19 гадоў. Яно было адным з найбольш папулярных мясцовых каналаў у Дняпры.

    У многіх іншых тэлеканалаў, асабліва мясцовых, таксама былі праблемы, у першую чаргу фінансавага плана. Не ведаю, якім цудам астатнія ўсё ж выстаялі, засталіся і працуюць у цяперашніх умовах. Пастаянна ладзяцца эфіры, асвятляюцца важныя тэмы, адзінае, што кантэнт у асноўным каляваенны. Асвятляецца і тылавая праца, і здабыткі, але ўсё круціцца вакол тэмы вайны. Такі час цяпер.

    «Звычайна класныя і сапраўды значныя матэрыялы жывуць суткі, максімум — тыдзень»

    — Калі аўтар піша кнігу, яна можа стаць вельмі вядомай, застацца на дзесяцігоддзі. А як доўга можа жыць журналісцкі матэрыял?

    — Матэрыял мае быць эмацыйным і ўздымаць нейкі незвычайны кантэнт. Прывяду прыклад яшчэ з мірнага жыцця: у нас у Дняпры была вельмі вядомая асфальтаўкладчыца Каця. У 2005 годзе журналісты размаўлялі з ёй падчас рамонту дарогі. Вельмі неардынарныя адказы тая Каця дала інтэрв’юеру. Гэта відэа доўга гуляла па інтэрнэце, часам яно ўзнікае і цяпер. Потым журналісты перыядычна знаходзілі гэту жанчыну для інтэрв’ю. Вось такі смешны, але вельмі пазітыўны выпадак з практыкі.

    Калі казаць пра нейкія якасныя матэрыялы, то яны вельмі хуткаплынныя. У прынцыпе, як любы журналісцкі матэрыял ці сама падзея.

    Праз некалькі дзён пасля трагедыі ў Дняпры разбіўся верталёт у Браварах пад Кіевам — і адразу ўся ўвага і ўкраінскага грамадства, і свету пераключылася на наступную катастрофу.

    Так, журналісцкая работа застаецца ў сацсетках, перыядычна нешта знаходзяць. Напрыклад, праект «Тэлебачанне Таронта» бярэ нейкія старыя навіны, «абсмоктвае» іх, нешта высмейвае, аналізуе. То бок нават такім чынам некаторыя матэрыялы працягваюць жыць. 

    Звычайна ж класныя і сапраўды значныя матэрыялы жывуць суткі, некалькі, ну максімум тыдзень — іх каментуюць, шэраць, а потым забываюць. Медыйная прастора вельмі хутка змяняецца, інфармацыйныя нагоды выпіхваюць адна адну.

    «Журналісту нельга рабіць тое, чаго б ён не хацеў адчуць на сабе»

    — Ці былі ў вас такія выпадкі, калі ўзнікала думка, ці варта рабіць нейкі матэрыял? З аднога боку, хочацца ўзняць тэму, а з іншага, нешта стрымлівае…

    — Часам ёсць складнік, скажам так, палітычны. Калі ты разумееш, што ва ўмовах поўнамаштабнай вайны нешта не да часу: так, ёсць праблема, але калі мы пачнем яе ўздымаць, то журналісцкі матэрыял можа нашкодзіць у дадзены момант.

    Таксама я заўсёды намагалася адмаўляцца ад шчыра палітычных замоў. Я такое не люблю, не магу рабіць, асабліва, калі яны ідуць уразрэз з маімі асабістымі поглядамі.

    Часам ідзе гаворка пра чыста этычныя пытанні. Калі табе калегі або рэдактар кажуць зрабіць матэрыял з ахвярай, напрыклад, тэракту ці трагедыі, а чалавек катэгарычна не хоча і не гатовы. То я такога не буду рабіць. Заўсёды трэба памятаць, што апроч таго, што ты журналіст, ты таксама чалавек. Нельга рабіць тое, чаго б ты не хацеў адчуць на сабе.

    — Наколькі журналістыка глыбока ў вашым жыцці? Гэта проста праца ці нешта больш?

    — Журналістыку я выбрала выпадкова, але з другога курса зразумела — гэта маё. З 1998 года я ў прафесіі. Не буду хаваць, часам узнікаюць думкі, што ўжо стамілася: колькі можна бегаць з мікрафонам? Тым больш, што сёлета адзначу 45-годдзе. А потым разумею, што не хачу нічога змяняць, бо проста жыву гэтай працай.

    — Што найлепшае ў прафесіі?

    — Разнастайнасць. Ты пастаянна ў працэсе, увесь час стасуешся з людзьмі, новыя знаёмствы, таму няма ніякай руціны. Прыходзіш дадому, ногі адвальваюцца, стамляешся так, што здаецца: «Усё, больш не магу». Асабліва такія выпадкі, як з гэтым будынкам, калі там тыдзень праводзіш на месцы. Але зранку ўстаеш і ідзеш да людзей, робіш шмат карыснага для іх, ад чаго і атрымліваеш задавальненне.

    Чытайце яшчэ:

    Фактчэкінг у эпоху фэйкаў. Памятка, як журналісту не стаць ахвярай маніпуляцый

    “Каць, ну ты ж сама ўсё разумееш”. Размова з затрыманай на судзе па справе “Вясны” журналісткай, якой забаранілі ўезд у Беларусь на 10 гадоў

    У бабруйскую калонію: туды этапуюць Івана Мураўёва пасля разгляду апеляцыі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    Карцер, ПКТ, ШИЗО — что это такое? Как наказывают политзаключенных, которые уже находятся за решеткой

    «Медиазона» часто пишет новости о том, как заключенных отправляют в ШИЗО, ПКТ или переводят на тюремный режим. В колониях политзаключенные не сидят в камерах, а живут в бараках, ходят на работу по улице. Но даже этих «удобств» можно лишить. По сути, осужденные отбывают двойное наказание — часто по надуманным поводам — мерзнут в одиночных камерах, дышат хлоркой и не получают письма. «Медиазона» рассказывает, как наказывают тех, кто уже наказан заключением в колониию и СИЗО.
    28.06.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці