• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Новы віток ціску: у журналіста Юрыя Дзяшука прайшоў ператрус, забралі камп’ютар, ноўтбук, дзве відэакамеры і тэлефон

    Сёння ў горадзе Бярозаўка Лідскага раёна ў кватэры журналіста-фрылансера Юрыя Дзяшука міліцыя правяла ператрус. Паводле тлумачэнняў сілавікоў, у межах крымінальнай справы, дзе журналіст фігуруе ў якасці сведкі. У выніку забралі камп’ютарную і іншую тэхніку, неабходную для прафесійнай журналісцкай дзейнасці. Раніцай 10 лютага Дзяшук мусіць явіцца на допыт. 

    Міліцыянты заявілі, што ператрус адбываўся ў межах крымінальнай справы за “наўмыснае псаванне транспартнага сродку альбо шляхоў злучэння” (ч.1 арт. 309 КК), а Юрый Дзяшук праходзіць па справе ў якасці сведкі.

    У выніку ў Юрыя Дзяшука адабралі камп’ютар, дзве відэакамеры, ноўтбук, носьбіты флэш-памяці і мабільны тэлефон. Паводле слоў журналіста, міліцыянты паведамілі яму, што пакуль тэхніка вынятая тэрмінам на 10 дзён. Але калі ўзнікне неабходнасць правесці экспертызу, то тэрмін можа быць падоўжаны на дадатковыя 30 дзён.

    Дзяшуку ўручылі позву з патрабаваннем явіцца на допыт 10 лютага.

    Згодна з паведамленнем Следчага камітэта, крымінальная справа распачатая ў сувязі з перакрыццём 29 снежня 2020 года бетоннымі слупамі чыгункі ў Лідзе. Тады машыніст пасажырскага цягніка Гродна-Гомель заўважыў перашкоду на рэйках, аднак спыніць састаў не паспеў. Падчас здарэння ніхто з пасажыраў не пацярпеў, праз некаторы час цягнік пайшоў далей.

    Невядомымі аналагічным чынам яшчэ раз перакрывалася чыгунка ў Лідзе, але толькі ўжо ў гродзенскім напрамку.

     

    Хроніка пераследу Юрыя Дзяшука

    5 лютага 2021 года ў судзе Лідскага раёна адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні Юрыя Дзяшука. Яго абвінавацілі ў парушэнні арт. 23.34 КаАП РБ («удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве»). У выніку судовага пасяджэння справа была накіраваная на дапрацоўку, а журналіста, якога затрымалі яшчэ 3 лютага, — вызвалілі.

    Прычынай адміністрацыйнага пераследу Юрыя Дзяшука сталі падзеі, што адбываліся 18 студзеня ў зале Лідскага райсуда адразу пасля агалошвання крымінальнага прысуду грамадскаму актывісту Вітольду Ашурку. Тады людзі, якія прыйшлі падтрымаць Ашурка, абурыліся на вынесены яму вырак — 5 гадоў пазбаўлення волі — і эмацыйна выказвалі сваю нязгоду. Юрый Дзяшук прысутнічаў на судовым працэсе ў якасці журналіста.

    Праз два дні пасля гэтага, 20 студзеня, у Лідзе адбыўся шэраг затрыманняў грамадскіх актывістаў і грамадзян, якія прысутнічалі на судзе па справе Ашурка ў межах распачатай крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 339 КК («злоснае хуліганства»). Дзяшука таксама затрымалі і трое сутак пратрымалі ў ізалятары часовага ўтрымання. Вызвалілі 23 студзеня ў статусе падазраванага па гэтай крымінальнай справе.

    Лідскі журналіст Юрый Дзяшук — на волі. Яго зноў пратрымалі ў ІЧУ некалькі дзён, а суд адправіў справу на дапрацоўку

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці