• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Падпісчыца пісала ліст Лукашэнку». Як беларускія незалежныя выданні працуюць з рассылкамі

    Няшмат беларускіх выданняў працуюць з такім фарматам як рассылка. Рэдакцыі выкарыстоўваюць яго ў якасці дадатковага сродку камунікацыі з аўдыторыяй пры блакіроўках і адпісках. Рассылка дапамагае чытачам даведвацца асноўныя навіны і не стамляцца ад іх бясконцай плыні. Навінавыя рассылкі могуць здавацца састарэлым інструментам, лічыць медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, але яны накіроўваюць трафік на сайт і павялічваюць лаяльнасць аўдыторыі. БАЖ спытаў у калег пра досвед працы з фарматам і запісаў парады ад эксперта.

    Hrodna.life: «Была рассылка, якую фармаваў робат»

    — У нас было некалькі спробаў завесці рассылку за апошнія пару гадоў, але доўга яны не існавалі. Была нават рассылка, якую аўтаматычна фармаваў з матэрыялаў сайта робат. Дарэчы, у яе былі пастаянныя чытачы, якім, мабыць, было зручна атрымліваць усе матэрыялы за дзень адным лістом, — расказаў галоўны рэдактар выдання Аляксей Шота.

    Актуальная рассылка з’явілася чатыры месяцы таму і выходзіць раз на тыдзень. Форма для падпіскі на рассылку Hrodna.life.

    Выданне адточвае фармат. У аснове кожнага ліста Hrodna.life нейкая гісторыя, ідэя, дата, падзея, якія не былі раскрытыя на сайце і якія журналісты лічаць актуальнымі і важнымі. Гэта такі ліст ад рэдактара ці рэдактаркі. Далей ідзе дайджэст галоўнага за тыдзень і парады на выходныя, кшталту, што пачытаць або паглядзець яшчэ.

    — Пры стварэнні рассылкі прачыталі шмат беларускіх, рускіх, польскіх, англамоўных рассылак. Але каб на кагосьці арыентавацца, такога няма. Шмат хто чуў, што гэта недаацэнены ў нашым рэгіёне спосаб камунікацыі з аўдыторыяй. Ведаем пра паспяховыя прыклады за мяжой. Бачылі рассылкі ў беларускіх калег. Вырашылі: дык чаму б і нам не паспрабаваць? Хацелася б, каб гэта была рассылка для нашых самых лаяльных чытачоў — тых, хто любіць і паважае наш брэнд. Ну і тых, хто гатовы данаціць нам, праўда, такіх пакуль мала, — кажа галоўны рэдактар Hrodna.life. 

    Пакуль чытачоў у рассылкі мала. Іх спрабуюць набраць праз каналы дыстрыбуцыі, але вялікага эфекту гэта пакуль не дае.

    — Аднойчы да нас звярнулася зусім выпадковая падпісчыца, якая проста спрабавала знайсці інфармацыю пра тое, як напісаць ліст Лукашэнку. Яе дзяцей затрымалі, і яна шукала справядлівасці. Было ўражанне, што на нас выйшаў чалавек, які апошнія тры гады ў бункеры жыў. Мы адказалі і патлумачылі, як можна напісаць, напрыклад, адкрыты ліст у Адміністрацыю прэзідэнта.

    У асноўным людзі падпісваюцца праз форму на сайце. Першых падпісчыкаў узялі са старых баз з папярэдніх рассылак або краўдфандынгавых праектаў з «мірных» часоў. Пакуль укладанні ў напісанне рассылак не апраўдваюцца.

    — Але мы зыходзім з таго, што любы вопыт — гэта вопыт. З іншага боку, любая рэакцыя, нават адказ на ліст аднаго са ста падпісчыкаў, ужо вельмі матывуе нас, — дадае суразмоўца.

    Рассылкі па чарзе пішуць два чалавекі з рэдакцыі.

    — Хоць нам хацелася б, каб пісалі ўсе, — адзначае спадар Шота. — Зазначу, што ў папярэдніх спробах запусціць рассылку было больш падпісчыкаў — 300–500 чалавек. Але і часы былі тады іншыя. Мне здаецца, цяпер у любыя каналы складана прыцягнуць аўдыторыю, бо людзі баяцца альбо стаміліся ад навін. Дарэчы, у тым ліку таму ў нас не навінавая рассылка.

    Напрыканцы ліста выданне адзначае, што данаціць з Беларусі ім небяспечна, як і трымаць лісты ў мэйле. Іх рэкамендуюць выдаляць пасля чытання, калі атрымальнік жыве ў Беларусі.

    «Салідарнасць»: Нават у самыя цяжкія дні намагаемся дзяліцца чымсьці пазітыўным

    Рассылка «Салiдарнасцi» пачала працу ў ліпені 2021 года і з таго часу выходзіць штовечар у буднія дні — то бок пяць разоў на тыдзень.   

    — На момант стварэння рассылкі мы, як і многія незалежныя медыя, былі заблакаваныя ўладамі Беларусі па палітычных матывах. Мы распаўсюджвалі сваю інфармацыю пры дапамозе «люстэрак» і пляцовак у сацсетках, але разумелі, што важна даносіць нашу інфармацыю пры любых абставінах, у тым ліку нашай ядзернай аўдыторыі, якая гатовая падпісацца на дастаўку нашага кантэнту адрасна, — расказала Алена Якжык, галоўны рэдактар анлайн-медыя «Салідарнасць».

    У выданні разумелі, што чытачы будуць стамляцца ад шалёнай плыні навін — у тым ліку і ад цяжкіх. Яны хацелі, каб чалавек меў магчымасць перад сном адкрыць пошту, выдаткаваць некалькі хвілін і зразумець, як прайшоў гэты дзень і што ён азначае для заўтра. 

    Мы хацелі зрабіць нашу рассылку лаканічнай, цікавай, прыгожай. Каб чытач мог, з аднаго боку, за некалькі вечаровых хвілін, не выходзячы з электроннай пошты, зразумець карціну дня ў Беларусі і свеце, а з іншага боку — мець магчымасць перайсці па спасылках на сайт «Салiдарнасцi» (gazetaby.com) альбо на нашыя відэаплатформы і пачытаць/паглядзець, каб паглыбіцца ў больш сур’ёзныя тэмы.  

    У рассылцы сцісла расказваюць пра галоўныя падзеі ў Беларусі, пра ход вайны ва Украіне, а пасля раскрываюць гэтыя моманты ў дайджэсце — аператыўная аналітыка, людскія гісторыі, канвеер рэпрэсій, публіцыстыка. Асобна вылучаюць «Цытату дня» і «Лічбу дня».

    — А на дэсерт заканчваем чымсьці добрым ці вясёлым, напрыклад, фотажабай, карыкатурай альбо маляўнічым фотафактам. Нават у самыя цяжкія дні мы намагаемся дзяліцца чымсьці пазітыўным, — кажа галоўная рэдактарка.  

    Аснову падпісчыкаў складаюць адданыя чытачы, а таксама калегі з медыясектара — уключна з прадстаўнікамі сусветных СМІ, грамадскія дзеячы. Новых падпісчыкаў прывабліваюць, расказваючы пра рассылку на сайце «Салiдарнасцi» і іншых платформах. Калі падпіска на рассылку будзе пагражаць пераследам з боку ўладаў, выданне абяцае паведаміць пра гэта чытачам.

    Дзеля пашырэння аўдыторыі «Салідарнасць» прапануе калегам, якія ўжо маюць уласныя рассылкі, на знак падтрымкі прасоўваць адзін аднаго ў лістах да чытачоў.  Форма для падпіскі на рассылку «Салідарнасці».

    Перш чым стварыць уласную рассылку, у выданні вывучылі досвед калег як у Беларусі, так і па-за яе межамі.

    — Вядома, мы хацелі стварыць штосьці арыгінальнае, пры гэтым лёгкае і сціслае. З улікам таго, колькі пазітыўных водгукаў мы маем, мяркуем, што ў нас атрымалася. Наш сталы чытач рассылкі, які, на жаль, цяпер знаходзіцца за кратамі, заўсёды паведамляў, калі бачыў у рассылцы нейкія памылкі. Радуе тое, што гэта было надзвычай рэдка. Не радуе тое, што ён, як і тысячы іншых беларусаў, знаходзіцца ў няволі. Так не павінна быць. І мы працавалі і працягваем працаваць, каб Беларусь стала вольнай, — падсумоўвае спадарыня Алена.

    «Свабода»: Рассылку няможна заблякаваць рашэньнем міністэрстваў рэпрэсій і прапаганды

    «Свабода» ў траўні 2023 года запусціла штотыднёвую рассылку «для тых, хто цэніць свой час». Гэта падборка з самых цікавых, важных і эксклюзіўных публікацый бягучага тыдня.

    «У будныя дні зь іх клопатамі нярэдка не стае часу на нешта большае, чым проста «прабегчы вачыма стужку навінаў», праўда? А вам цікавыя журналісцкія расьсьледаваньні, гутаркі зь вядомымі, пасьпяховымі і проста цікавымі людзьмі, актуальная аналітыка, арыгінальныя відэа, матэрыялы аб беларускай мове й гісторыі і іншыя эксклюзівы, якія нашы журналісты цягам тыдня старанна рыхтуюць для вас», — тлумачыць рашэнне выданне.

    Штосуботы рэдактары адбіраюць эксклюзіўныя публікацыі за тыдзень. 

    Рассылка — гэта канал распаўсюду і спажываньня інфармацыі, які няможна заблякаваць рашэньнем міністэрстваў рэпрэсій і прапаганды. Але калі вы чытаеце нас зь Беларусі, настойліва рэкамэндуем выдаліць наш ліст з пошты, пасьля таго як вы прачыталі яго і азнаёміліся з прапанаванымі публікацыямі. Дзеля вашай бясьпекі, — піша выданне.

    «Медыязона. Беларусь»: уражанні аўтараў і рэбус 

    Раз на тыдзень аўтары выдання дзеляцца сваімі ўражаннямі ад галоўных падзей і тэкстаў. То бок у кожнай рассылкі — свой аўтар. Якія ў вольнай форме расказваюць пра свае адчуванні.

    «Фішкай» выдання з’яўляецца рэбус, на які ў канцы тэкста даецца адказ. У цела тэксту ўстаўляць спасылкі на сайт і сацсеткі. 

    «Привет, это Худанов. Ура, российские военные перемочили друг друга, Лукашенко испугался и улетел в Китай, теперь мы можем возвращаться домой.

    Так бы я хотел начать это письмо. Но все хреново, и, кажется, будет еще хуже. До сих пор не понимаю, как все так решилось, что повар и ко оказались в Беларуси… Ещё и другие российские силовики создают филиалы в Беларуси. Не нравится мне все это», — піша аўтар у апошняй рассылцы.   

    Медыяэксперт: Паспяховая навінавая рассылка фармуе вакол сябе супольнасць

    Першапачаткова рассылкі рабіліся па афлайн-пошце. Выкарыстоўваць паштовую службу для дастаўкі рэкламных паведамленняў, прапаноў і інфармацыі да асобных адрасатаў (канцэпцыя Direct mail — прамой пошты) масава пачалі ў другой палове XX стагоддзя, хоць першыя запісы пра выкарыстанне гэтага метаду з’явіліся ў ЗША ў 1872 годзе, — расказаў БАЖ медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.  

    Брытанская газета The Times стала адной з першых, якая зрабіла сістэму падпіскі па пошце ў 1785 годзе.

    Амерыканская фірма L.L.Bean у 1912 годзе выпусціла першы каталог тавараў, якія можна было замовіць праз пошту. Яе можна лічыць адной з першых кампаній, якія актыўна выкарыстоўвалі рассылку каталогаў для прасоўвання сваіх прадуктаў і зручнага замаўлення тавараў па пошце. 

    Са з’яўленнем інтэрнэту ды e‑mail гэтыя практыкі сталі пераасэнсоўваць і выкарыстоўваць і там. Фармат змяняўся з развіццём тэхналогій. На самым пачатку яны былі тэкставымі паведамленнямі без выкарыстання графікі, колераў і фарматавання. Потым пачалі ўжываць HTML-фармат, які даваў магчымасць ужываць графічныя элементы, спасылкі і г. д. Са з’яўленнем мабільных гаджэтаў стала неабходным ствараць рассылкі, якія добра выглядаюць і функцыянуць на розных прыладах. З’явіўся адаптыўны дызайн. 

    Цяпер гаворка ідзе пра персаналізацыю рассылак — сапраўды адрасных для кожнага канкрэтнага спажыўца, дзе змяшчаецца інфармацыя, якая адпавядае індывідуальным патрэбам і інтарэсам атрымальнікаў. Гэта можа ўключаць іх імя, перавагі, гісторыю пакупак або іншыя персаналізаваныя звесткі.

    — Таксама атрымальнікі могуць выбраць катэгорыі кантэнту, якія іх цікавяць, і атрымліваць толькі паведамленні, звязаныя з дадзенай тэмай. Для гэтага часта ў форму падпіскі ўключаюць некалькі чэкбоксаў, каб атрымальнікі маглі выбраць тэматыку і перыядычнасць рассылкі, — тлумачыць эксперт.

    Калі ж казаць менавіта пра навінавую рассылку, то яна мае агульнае з блогамі і адначасова моцна ад іх адрозніваецца. Ліст у навінавай рассылцы з’яўляецца закончаным творам, у той час як блог, пасты ў сацыяльных сетках, месенджарах не маюць такога абавязку.

    Тое самае з перыядычнасцю — для навінавай рассылкі важна прыходзіць менавіта тады, калі яе чакаюць: штораніцы ці штовечар, раз на тыдзень і да т. п. Паспяховая навінавая рассылка фармуе вакол сябе супольнасць, стыль яе аўтара пазнавальны, а тэкст зусім не з’яўляецца «брацкай магілай» загалоўкаў, лідаў, сціслага пераказу тэкстаў з сайта СМІ, — лічыць спадар Быкоўскі.

    «Навінавыя рассылкі могуць здавацца састарэлым інструментам»

    Паўлюк Быкоўскі кажа, што для яго рассылкі — гэта рэферэнтны сэрвіс.

    — Стваральнікі рассылкі за мяне адбіраюць той кантэнт, які мне было б карысна праглядзець па маёй тэматыцы. Я дзякуючы гэтаму эканомлю свой час і змяншаю рызыку прамінуць нешта важнае ў галіне, за якой сачу, — тлумачыць медыяэксперт. 

    Для выдання ж навінавая рассылка вырашае задачу накіравання трафіка на сайт, павялічвае лаяльнасць аўдыторыі, у некаторых выпадках — працуе на атаесамленне брэнда выдаўца з экспертным статусам. 

    — Напэўна, для тых, хто прыйшоў у інтэрнэт на пачатку незалежнасці Беларусі, навінавыя рассылкі могуць здавацца састарэлым інструментам, бо мы тады мусілі карыстацца падпіскамі на навінавыя групы (News­group Sub­scrip­tions) дзеля атрымання доступу да Usenet-груп — першых сеткавых пляцовак для абмену інфармацыяй і дыскусій, дзе карыстальнікі маглі атрымліваць інфармацыю, паведамленні і каментары, якія былі прысвечаныя абраным імі тэмам і інтарэсам, — разважае спадар Быкоўскі.

    Аднак сённяшнія рассылкі — гэта іншы інструмент.

    — Некаторыя беларускія рэдакцыі маюць рассылкі. Вось асабіста я падпісаны на «Гісторыі тыдня» ад беларускай службы «Радыё Свабода», «Нацыянальная газета», «Салiдарнасць», агенцтва «ПраймПресс», БАЖ, Press Club Belarus, Media IQ,  Patre­on «Зеркало». Але замежных рассылак маю больш,— падсумаваў суразмоўца.

    Карысныя парады ад медыяэксперта

    Чым у сённяшніх умовах такі фармат можа быць карысным?

    Ёсць самі па сабе карысныя функцыі рассылкі і для атрымальнікаў, і для выдаўцоў. У сённяшніх умовах адыходу медыяспажывання ад сайтацэнтрычнай мадэлі гэта яшчэ адзін канал камунікацыі, які застаецца запатрабаваным і можа даваць трафік на сайт (каму гэта трэба). У сітуацыі абмежавання доступу да пэўных сайтаў у Беларусі такі канал можа мець значэнне і для абыходу бар’ераў.

    Наколькі ён больш ці менш бяспечны для чытачоў з Беларусі?

    Калі карыстальнік чытае рассылку выключна ў пошце, то без доступу ў пошту пра гэта даведацца немагчыма. Але калі карыстальнік пераходзіць па спасылках і не карыстаецца, напрыклад, TOR, то гэтае дзеянне можа зафіксаваць правайдар. Праўда, я пакуль не чуў пра такія выпадкі. 

    Паспяховая рассылка гэта якая? Калі ўкладзеныя ў яе намаганні можна лічыць апраўданымі?

    На гэты конт была файная лекцыя Аляксандра Амзіна, дзе вялося пра метрыкі рассылкі. 

    Open rate — метрыка паказвае працэнт атрыманых электронных лістоў, якія былі фактычна адкрытыя атрымальнікам. Гэта не вельмі дакладны паказчык, тут трэба сачыць за дынамікай, а не канкрэтнымі лічбамі.

    Click rate — паказвае, якая доля чытачоў клікае па спасылках. Метрыка мае значэнне для тых рассылак, дзе выкарыстоўваюць спасылкі. Калі гэтыя спасылкі ўтрымліваюць UTM-меткі, то можна будзе ў Google Ana­lyt­ics заўважыць пераходы і зразумець, на што клікаюць атрымальнікі рассылкі, што ім заходзіць, а што не.

    Колькасць падпісчыкаў — важна і тое, колькі з падпісчыкаў чытаюць рассылку, колькі пераходзяць па спасылках і, уласна кажучы, што гэта за людзі. 

    Укладзеныя ў рассылку намаганні могуць лічыцца апраўданымі, калі яны дасягаюць пастаўленай мэты. Перад прыдумваннем абстрактнага KPI трэба вырашыць, навошта вы ствараеце рассылку.

    Ці працуюць рассылкі, якія проста капіруюць кантэнт з сайта? Ці трэба ствараць нешта ўнікальнае?

    Не. Так.

    Як шукаць падпісчыкаў?

    Калі ў вас ёсць інтэрнэт-СМІ, то на яго сайце, а таксама ў акаўнтах у сацыяльных сетках і месенджарах варта размяшчаць форму падпіскі, тлумачыць эксперт перавагі гэтага метаду. Таксама можна рабіць конкурсы з узнагародамі для новых падпісчыкаў. Нельга рассылаць спам, але можна рабіць прапановы вашым кантактам падпісацца на вашу рассылку. Можна рабіць прэміум-матэрыялы толькі для падпісчыкаў. 

    Стварыце магчымасць для чытачоў узаемадзейнічаць з вамі, магчымасць задаваць пытанні, зазірнуць за кулісы вашага тэлеканала, трапіць на эксклюзіўныя івенты з медыяперсонамі — дайце магчымасць сарафаннаму радыё расказаць за вас пра вашы ўнікальныя прапановы. 

    На якія выданні, магчыма, замежныя, варта арыентавацца пры стварэнні рассылкі?

    З тых замежных выданняў, якія я рэальна выкарыстоўваю, гэта «Контекст» ад ВВС, «Сигнал» ад «Медузы», Opin­ion Today ад The New York Times.

    Чытайце яшчэ:

    Журналіст Караль Гусеніца: Падзеі ў Беларусі ў 2020-ым былі важныя для палякаў праз агульнага ворага — Расію

    Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайту праекту «Медыякрытыка»

    «Сіметрычны адказ ворагам Беларусі». Прапаганда апраўдваецца за татальную зачыстку медыйнай прасторы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    Очередное решение властей, которое поражает в правах белорусов.  Лукашенко подписал указ, которым изменил порядок выдачи документов в посольствах и консульствах за границей. Теперь там нельзя продлить или получить паспорт. Как же быть? Комментирует юридическая служба БАЖ.
    05.09.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці