Выклікалі на працу, а адвезлі ў РУУС — падрабязнасці затрымання аператара АНТ Антона Казельскага
Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання аператара АНТ Антона Казельскага, суд над якім распачаўся 20 траўня ў Мінску.
Антону Казельскаму прад’яўленыя абвінавачанні па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: частцы 3 артыкула 361 — заклік да санкцыяў і іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, і частцы 1 артыкула 130 — распальванне варожасці або варажнечы. Суддзёй прызначана Святлана Макарэвіч. «Вясна» пагаварыла с былым сукамернікам Антона Казельскага па Акрэсціна і даведалася, што папярэднічала затрыманню.
Па словах суразмоўцы «Вясны», Антона Казельскага затрымалі яшчэ ў кастрычніку 2023 года.
Як распавёў у камеры сам 38-гадовы аператар дзяржаўнага тэлебачання, тады яму патэлефанаваў адзін з калегаў і выклікаў на працу. Папярэдзіў, каб ён узяў с сабой тэхніку. Затрыманне адбылося ў адным з кабінетаў офіса.
Як вядома, у поле зроку ГУБАЗіКа Антон Казельскі трапіў з‑за каментароў за 2020 год, дзе мужчына нібыта заклікаў людзей да пратэстаў. Але пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту, на волю ён не выйшаў. У адносінах да яго была распачатая крымінальная справа.
Па словах сукамерніка, Антон казаў, што сам на пратэсты не хадзіў, таму атрымаў ад сілавікоў мянушку «канапавы герой».
Антон Казельскі працаваў на дзяржаўным тэлебачанні з 2022 па 2023 год. Апошні яго рэпартаж выйшаў напярэдадні затрымання. Вядома, что на волі ў яго засталася жонка і чацвёра дзяцей, малодшае з якіх нарадзілася ўжо пасля затрымання.
21 траўня праваабарончая супольнасць прызнала Антона Казельскага палітычным зняволеным.