• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Палітзняволены Вячаслаў Лазараў сустракае за кратамі свой 47-мы дзень народзінаў

    Ужо амаль 7 месяцаў Вячаслаў Лазараў знаходзіцца ў Віцебскім СІЗА-2. 5 верасня відэааператара будуць судзіць за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361 - 4 КК РБ ). Не маючы магчымасці павіншаваць асабіста, сябры прыгадваюць выпадкі з удзелам Вячаслава, якія абсалютна не вяжуцца з вобразам «крымінальнага злачынцы».

    Быў узнагароджаны граматай і каштоўным падарункам ад віцебскай міліцыі

    7 гадоў таму Вячаслаў затрымаў рабаўніка. Усё было як у кіно: ішоў па вуліцы, пачуў крык дзяўчыны, азірнуўся — здаровы мужык уцякае з жаночай сумачкай.

    Давялося пайсці на хітрасць — крыкнуць  «Міліцыя! Буду страляць!» Ад нечаканасці рабаўнік спыніўся, а Вячаслаў пабег яму наперарэз,   скруціў і набраў 102. 

    Аказалася, гэта быў рэцыдывіст з вялікім «стажам».

    Віктар Сянько, тагачасны кіраўнік упраўлення  ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама, ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў Вячаславу Лазараву падзяку. Пра яго напісалі ў мясцовых дзяржаўных СМІ, і нават у рэспубліканскай «СБ» выйшаў  пра яго артыкул.

    Дарэчы, потым ён сустрэўся  з той дзяўчынай — ахвярай нападу. Аказалася, рабаўнік яе двойчы ўдарыў па галаве і яна на некалькі хвілін страціла прытомнасць.  Але потым, ачуняўшы, таксама здолела выклікаць міліцыю. Знаёмства было прыемным, але «кіношнага» працягу не атрымалася: дзяўчына проста падзякавала выратавальніку, і іхныя стасункі не перараслі ў нешта больш рамантычнае.

    Вынаходнік і рацыяналізатар

    Вячаслаў Лазараў ніколі не меў адмысловай адукацыі, але прафесійны «аператарскі» стаж у яго — не адзін дзясятак гадоў. Ен працаваў і на дзяржаўным абласным віцебскім тэлебачанні, і на прыватным — на віцебскім рэгіянальным тэлеканале «Наше ТВ».

    Былыя калегі прыгадваюць, што карыстацца звычайнай камерай для яго заўжды было мала, і ён сам майстраваў нейкія прылады, каб здымкі атрымліваліся больш мастацкія.

    То зробіць «вазок» на колах, каб відэакамера перасоўвалася больш плаўна, то «удасканаліць» стары фотаапарат, то вырабіць адмысловую падсветку. Яму не было шкада грошай на інструменты, неабходныя для працы, але іх ніколі не было столькі, каб набыць новыя прафесійныя «прымочкі». Таму даводзілася нешта рабіць самому ці купляць «бэушнае».

    Пасля ператрусаў падчас затрымання ў лютым гэтага году ўся творчая маёмасць відэааператара таксама апынулася ў следчым камітэце. Мусіць, следчыя дзівіліся: навошта ўсе гэтыя колы, лямпачкі і і іншыя прадметы не зразумелага для іх прызначэння…

    Пастанавіўшы, што «аператар без уласнага аўто — не аператар», некалькі год таму Лазараў вырашыў набыць машыну. Абавязкова вялікую, каб было куды загрузіць апаратуру. Так з’явіўся «Васілёк» — старэнькі «мікрык» ярка-сіняга колеру. Быў ён далёка не гламурнага выгляду, паржавелы звонку і абшарпаны ўнутры, але шмат каго выручаў у складаных сітуацыях. 

    Вячаслаў ніколі не адмаўляў сябрам, калі кагосьці трэба было тэрмінова «падкінуць» — нават за 300 і болей кіламетраў.

    Пра коцікаў

    Гэтыя жывёлы заўсёды былі сімпатыяй Славы. Шмат гадоў шэрая котка, якую ён гадаваў з кацянячага ўзросту,  жыла з ім у здымнай  кватэры. І яшчэ адзін стары кот, які таксама лічыў яго сваім гаспадаром, застаўся ў кватэры маці.

    Аднойчы Вячаслаў заўважыў, як вельмі нецвярозы мужчына злавіў на вуліцы ката і некуды панёс яго, мармычучы нешта зласлівае. Бойкі з ім не адбылося: Слава развярнуўся і моўчкі пайшоў насустрач хулігану мяккай няспешнай паходкай. А той ці адразу зразумеў, што перад ім спрактыкаваны спартовец — Лазараў некалькі гадоў займаўся усходнімі адзінаборствамі, меў ўзнагароды, —  ці прачытаў у ягоных вачах нешта такое, што змусіла яго тут жа адпусціць жывёлу і подбегам рэціравацца за кут найбліжэйшага будынка.

    У 45 гадоў упершыню ажаніўся і стаў бацькам

    Нараджэння дачкі Евы, якой цяпер год і 4 месяцы, Вячаслаў чакаў як самай вялікай падзеі ў сваім жыцці. Калі яна нарадзілася, давялося прадаць «Васілёк», бо наперадзе чакалі вялікія выдаткі: жонка пайшла ў дэкрэт, а ў яе, апрача немаўляці, было яшчэ двое старэйшых дзяцей ад першага шлюбу.

    Клопат пра дачку заўсёды быў у Славы на першым месцы. А яшчэ — клопат пра 75-гадовую маму, у якой вялікія праблемы са здароўем. Лекары пастанавілі, што жанчыне патрэбная аперацыя па замене суставаў. Сын ашчаджаў грошы і на гэта, бо чарга на бясплатную аперацыю расцягнулася на некалькі гадоў.

    Зараз маці чакае  лістоў ад сына, а таксама ад нявесткі: Таццяна Пыцько, жонка Вячаслава Лазарава, таксама за кратамі. Яе затрымалі праз некалькі месяцаў пасля мужа і таксама выставілі абвінавачанне «за садзейнічанне экстрэмізму» (ч.1 арт. 361–4 КК РБ). Найверагодней, што такое  абвінавачанне звязана з дапамогай мужу, якога вінавацяць у супрацоўніцтве з недзяржаўным СМІ, прызнаным у Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем.

    Апеку над Евай, якая засталася без бацькоў,  аформілі сваякі Таццяны. Яе дваіх дзяцей ад першага шлюбу забраў на выхаванне родны бацька.

    Чытайце яшчэ:

    «Кіраўніцтва расцаніла сыход Дзімы як асабістую здраду». Да 40-годдзя Дзмітрыя Семчанкі — невядомыя факты з яго жыцця

    У лістах з‑за кратаў Андрэй Кузнечык разважае пра беларускія СМІ і пра тое, як сніць Мінск

    Тэлеканал АНТ абвясціў аб закрыцці галоўнага тыднёвага праекта — праграмы «Контуры»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці