Памёр Юрый Азаронак, прапагандыст 1990‑х гадоў, бацька цяперашняга прапагандыста Рыгора Азаронка
Юрый Азаронак памёр у дзень свайго 60-годдзя ад хваробаў, паведаміў ягоны сын Рыгор.

Юрый Азаронак. Фота: kp.ru
У 1990‑я Юры Азаронак параўноўваў апазыцыю з калябарантамі часоў Другой сусьветнай вайны, а ягоны сын Рыгор стаў вядомы на хвалі пратэстаў 2020 году.
Юры Азаронак на пачатку 1990‑х уваходзіў у склад чарнасоценскай партыі «Славянскі сабор Белая Русь». Сваёй эмблемай партыя выбрала расейскі імпэрскі чорна-жоўта-белы сьцяг. Ідэалёгіяй партыі было славянафільства, а таксама аб’яднаньне Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Трапляла партыя і ў антысэміцкія скандалы. У 1999 годзе Міністэрства юстыцыі яе зьліквідавала.
Азаронак-старэйшы атрымаў шырокую вядомасьць у 1995 годзе, калі зьняў фільм «Нянавісьць. Дзеці хлусьні». У стужцы ён накладаў голас кіраўніка БНФ Зянона Пазьняка на нацысцкі факельцуг (шэсьце з паходнямі) і параўноўваў дзеячоў апазыцыі з калябарантамі. Фільм выйшаў напярэдадні рэфэрэндуму аб зьмене сымболікі.
Тагачасны кіраўнік згуртаваньня беларускіх вайскоўцаў, а сёньня палітзьняволены Мікалай Статкевіч так уразіўся праглядам гэтага фільму, што знайшоў хатні адрас Азаронка, выклікаў яго на лесьвічную пляцоўку і даў прапагандысту поўху.
Цяпер абодва Азаронкі настойваюць на вэрсіі, што менавіта Юры тады пабіў Статкевіча. Але Азаронак-старэйшы нават зьвяртаўся ў суд з заявай аб пабіцьці. Статкевічу тады выпісалі мінімальны штраф.
На гэтым Азаронак-старэйшы ў сваёй прапагандысцкай дзейнасьці не спыніўся. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году ён запусьціў цыкль перадач «Тайныя спружыны палітыкі», дзе таксама ачарняў апазыцыю.
У сярэдзіне 2000‑х Юры Азаронак стаў намесьнікам кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі. Менавіта ён быў куратарам паездкі беларускіх артыстаў на конкурс «Эўравізія». У скандальныя гісторыі на «Эўравізіі» Азаронак-старэйшы трапляў ня раз.
У 2007 годзе ў Хэльсынкі ён зноў атрымаў поўху, гэтым разам ад расейскай поп-зоркі Філіпа Кіркорава. Азаронак не даваў свайго службовага аўтамабіля, каб адвезьці ў шпіталь аднаго з танцораў. Тады і выйшаў канфлікт.
У 2008 годзе, амаль адразу пасьля вяртаньня з «Эўравізіі» ў Сэрбіі, Азаронак быў звольнены з БТ з фармулёўкай «за ўчынак, несумяшчальны зь дзяржаўнай службай».
Тады СМІ пісалі, што Юры Азаронак «здымаў стрэс» пасьля выступу канкурсанта Руслана Аляхно: замкнуўся ў нумары гатэля і адмаўляўся вяртацца ў Беларусь.
Пасьля гэтага значных дзяржаўных пасад у яго не было. Хоць Віктар Шэйман на нейкі час быў уладкаваў прапагандыста на працу ў Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта.
