Папаўненне «экстрэмісцкага спісу» Мінінфарма: Telegram-каналы самвыдата, старонкі belaruseconomy і belstudentstvo ў Instagram
Міністэрства інфармацыі Беларусі 21 жніўня папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Рашэннем суда Партызанскага раёна Мінска ад 19 жніўня экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй прызнаныя Telegram-канал «Беларуская праўда» (ідэнтыфікатар t.me/Belarus_pravda) і Telegram-канал «Гомельская праўда» (ідэнтыфікатар t.me/gomel_pravda).
Абодва Telegram-каналы змяшчаюць PDF-старонкі дайджэстаў грамадска-палітычных навінаў з Беларусі і замежжа. У тым ліку навіны пра палітвязняў, асвятляюць эканамічныя і сацыяльныя праблемы.
Рашэннем суда Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці ад 19 жніўня экстрэмісцкай прызнаная старонка belstudentstvo (ідэнтыфікатар instagram.com/belstudentstvo). На старонцы размяшчаюцца навіны са студэнцкага жыцця беларусаў і Чэхіі і інфармацыя пра беларускія падзеі.
Суд Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці 16 жніўня прызнаў экстрэмісцкай старонку ў Instagram з назвай belaruseconomy (ідэнтыфікатар instagram.com/belaruseconomy). Гэтая старонка прэзентуе сябе як СМІ, што асвятляе навіны ў свеце эканомікі і бізнесу.