• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прафесія журналіста — адна з самых небяспечных у свеце, але пазбегнуць пэўных пагроз можна

    У Віцебску прайшоў семінар, прысвечаны праблемам бяспекі прафесійнай дзейнасці журналістаў. На запрашэнне мясцовай філіі ГА “БАЖ” адгукнуліся журналісты і блогеры з Гарадка, Полацка, Навалукомля, Оршы і Аршанскага раёна.

    Віцебск стаўся другім пасля Гомеля горадам, куды ў якасці трэнераў прыязджалі  былая кіраўніца бюро рускай службы ВВС Вера Лявонцьева, эксперт Цэнтра інфармацыі аб правах чалавека з Кіева Юры Луканаў і сябра праўлення ГА “БАЖ”, юрыст Алег Агееў.

    Праграма семінару пабудаваная такім чынам, што цікава і карысна прысутнічаць на ім было не толькі прафесійным журналістам, якія стала працуюць у рэдакцыях або супрацоўнічаюць са СМІ ў якасці фрылансераў. Тых, хто піша ўласныя блогі ці проста паведамляе на розныя сайты пра навіны рэгіёна, таксама захапілі тэмы абмеркаванняў. Прыкладам, пра належную “экіпіроўку” і паводзіны на масавых акцыях, якія былі адметнасцю гэтага года, альбо пра правілы аказання першай дапамогі пацярпелым.

    Тых, хто працуе ў журналістыцы прафесійна, асабліва зацікавіла праблематыка правядзення журналісцкіх расследаванняў і бяспекі падчас гэткай працы.

    Падрабязна пра выклікі ў вострых сітуацыях падчас пошуку “гарачых” фактаў распавяла Вера Лявонцьева. Яе аповед паступова перайшоў у абмеркаванне найбольш аптымальных спосабаў захоўвання і сродкаў перадачы знойдзенай, вельмі каштоўнай, але часта вельмі небяспечнай для самога журналіста, інфармацыі.

    Юрыя Луканава, які прыехаў у Беларусь з Кіева, распытвалі не толькі па заяўленай тэме — пра нормы паводзінаў журналіста на масавых мерапрыемствах. Усіх прысутных хвалявала цяперашняя сітуацыя ва Украіне, а ўкраінскі госць, у сваю чаргу, зацікавіўся праблемай пагроз, якую беларусы адчуваюць з боку “русского мира”, — вялікай колькасцю прапагандысцкіх праграм тэлебачання Расіі, якія транслююцца праз БТ.

    Паколькі семінар распачаўся 10 снежня, у 69‑ю гадавіну прыняцця Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека, удзельнікі не маглі не закрануць тэму парушэння правоў чалавека. Разгарэлася сур’ёзная дыскусія наконт ацэнкі артыкулаў і пазіцыі аўтараў інфармацыйнага агенцтва “Рэгнум” Дзмітрыя Алімкіна, Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнкі. Яны абвінавачваюцца ў распальванні міжнацыянальнай варожасці і ўжо год знаходзяцца пад вартай. Прысутныя на семінары абмяркоўвалі, ці ўжывалі згаданыя вышэй аўтары недапушчальныя выказванні, ці ўсяго толькі рэалізоўвалі сваё права на свабоду слова.

    Дыскусія так і засталася незавершанай, і выразна прадэманстравала  шматварыянтнасць успрымання ўзнятых пытанняў, хоць яны грунтуюцца на ўніверсальнай каштоўнасці, якой з’яўляюцца правы чалавека.

    Абсалютна ніхто з прысутных не застаўся абыякавым да тэмы, якую выкладаў Алег Агееў, — пра паводзіны на допытах і сістэму абароны сведкі па схеме “ПЛОД”.  Да неабходнасці засваення ведаў у гэтай галіне падштурхоўвае сённяшняя рэчаіснасць, калі журналіст можа быць забраны ў пастарунак падчас выканання прафесійных абавязкаў. Тое самае тычыцца і грамадскіх актывістаў. І паколькі сярод наведнікаў семінару было адразу некалькі юрыстаў і праваабаронцаў, размова атрымалася не абстрактнай, а са мноствам канкрэтных прыкладаў.

    Бадай што самыя цёплыя словы на семінары прагучалі пра журналісцкую салідарнасць. Цягам гэтага года журналісты Віцебшчыны неаднаразова траплялі ў складаныя сітуацыі, і цяпер з удзячнасцю згадвалі пра тое, як іх падтрымлівалі калегі — прыходзілі на суды, адносілі перадачы ў ІЧУ, дасылалі паштоўкі, адмыслова зробленыя віцебскімі БАЖаўцамі менавіта для такой нагоды.

    Паштоўкі з надпісамі “Віцебск заўжды з табой!” і “Трымайся, мы разам!” атрымалі ў падарунак і эксперты.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці