Пракуроры Віцебшчыны падалі ў суды 108 заяў аб прызнанні інтэрнэт-рэсурсаў «экстрэмісцкімі»
Абласное надзорнае ведамства адзначае асаблівую актыўнасць у першым паўгоддзі 2026 года супрацоўнікаў гарадскіх пракуратур Віцебска і Наваполацка, а таксама пракурораў Браслаўскага, Лёзненскага, Мёрскага, Полацкага, Вушацкага раёнаў.

Пракуратура Віцебскай вобласці
У якасці прыкладу прэсавая служба Віцебскай абласной пракратуры згадвае старонку ў Instagram экс-палітвязня, вядомага віцебскага менеджара культурніцкіх мерапрыемстваў Уладзіміра Булаўскага, дзе нібыта папулярызавалася пратэсная актыўнасць і распальвалася сацыяльная, палітычная і ідэалагічная варажнеча.
Яшчэ адзін прыклад — YouTube-канал «IншыЯ», дзе, на думку пракуратуры, «экстрэмізм» праявіўся ў публікаванні аповедаў людзей, якія з’ехалі з Беларусі, і «дэскрэдытацыі» дзяржаўных захадаў, прысвечаных Году беларускай жанчыны.
Сярод інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» судамі Віцебскай вобласці на падставе заяў раённых пракуратур, ёсць нямала незалежных анлайн-выданняў або іх старонак у сацсетках і месенджарах. Так, судом горада Полацка і Полацкага раёна прызнаны «экстрэмісцкім» кантэнт сайта інфармацыйнага праекта Voice of Belarus і старонка Palatno Media ў TikTok, суд Наваполацка прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» старонкі «Pozirk – Навіны пра Беларусь» і Malanka Media ў Facebook.
Усе інтэрнэт-рэсурсы, кантэнт якіх суды прызналі «экстрэмісцкім», былі ўключаныя ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі. За распаўсюд апублікаваных на іх матэрыялаў, у тым ліку праз спасылкі, рэпосты, лайкі, беларускае заканадаўства прадугледжвае пакаранне ў адпаведнасці з арт. 19.11 КаАП РБ.
Да слова, у справе маніторынгу інэрнэту на прадмет «экстрэмізму» пракуратуры Віцебскай вобласці крыху адстаюць ад сваіх калег з Брэстчыны. Там сёлета за першае паўгоддзе было накіравана ў суды 117 заяваў.
@bajmedia