• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прапагандыстка Худалей, якая працавала на жаночых маршах, звольнілася з СТБ і шукае працу ў IT

    «Зорка» Ксеніі Худалей узышла ў 2020-м. Яна здымала прыніжальныя відэа з затрыманымі, а з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне распаўсюджвала расійскія фэйкі. Праз працу на прапаганду нават разышлася з хлопцам. Але год таму знікла з тэлеэкранаў. У Linkedin яна сарамліва не піша, што была прапагандысткай.

    Шлях на тэлебачанне

    Ксеніі 25 гадоў. Родам яна з Магілёва, з сям’і простых рабочых. У школе вучылася добра, а пасля паехала паступаць у Мінск. Абрала журфак БДУ, спецыяльнасць «аўдыявізуальная журналістыка».

    На першым курсе дзяўчына схадзіла на практыку на радыё, на другім абрала АНТ. А на трэцім курсе стала працаваць на СТБ. Першы сюжэт пад яе імем датуецца маем 2018-га — беларускамоўны рэпартаж пра крыніцу ў Дзяржынскім раёне.

    Спачатку дзяўчына працавала з навінамі Мінскага раёна, пасля ёй пачалі давяраць сюжэты і пра сталіцу.

    Ксенія прагнула славы. Вельмі ганарылася, што шмат працуе. «Ніякага асабістага жыцця, я прасядзела на працы 12 гадзін, без выхадных буду працаваць», — любіла пахваліцца яна.

    «Зорка Худалей»

    У 2020‑м Худалей стала адным з палітычных журналістаў СТБ. Нават раней выйшла з адпачынку, каб уключыцца ў паслявыбарчую прапаганду.

    «Нічым не выдзялялася, сярэдненькая такая. Адпрацоўвала размеркаванне, карацей.

    А ў 2020‑м яе пачалі пасылаць на маршы, яна больш працавала па жаночых. Хоць да гэтага яна не была заўважаная ў ябацькаўскай кагорце. За ўдарную працу Ксенію перавялі ў праграму «Навіны 24 гадзіны», а пасля яна рабіла аўтарскую праграму — «Праліць святло».

    Кажуць таксама, што ў яе былі адносіны, але праз 2020 год пара разышлася. Хлопец не ацаніў яе працу на прапаганду», — распавядае былы калега Ксеніі.

    Адзін з мінчукоў пасля размовы з Худалей на пратэсце патрапіў на суткі. Сама Ксенія ў рэпартажы сцвярджала, што на пратэстах пераварочваюць машыны.

    Худалей працавала па многіх палітычных тэмах — ездзіла на суды над Віктарам Бабарыкам, запісвала прыніжальныя відэа з затрыманымі, рабіла рэпартажы з маршаў.

    Змест і падача яе праграмаў не былі нейтральныя. Ціханоўскую яна называла «дурной», здзеквалася з затрыманых, адмаўляла існаванне палітвязняў, кпіла з беларускіх нацыянальных сімвалаў.

    У студзені 2022 года прапагандыстцы аб’явілі падзяку ад Лукашэнкі.

    Пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года Худалей пераключылася на тэму вайны. Дзяўчына называла Бучу і факты масавых забойстваў украінцаў фэйкамі, пужала лабараторыямі Пентагона і распаўсюджвала іншую расійскую лухту. Так працягвалася да снежня 2022-га.

    Апошні рэпартаж Ксеніі на СТБ выйшаў 31 снежня 2022 года. З таго часу публічна яна нідзе не свяцілася.

    Звальненне з ТБ і новыя інтарэсы

    Усе сацсеткі Ксеніі закрытыя, акрамя Linkedin. І там ёсць некалькі цікавостак.

    Па-першае, нідзе не ўказана, што Худалей працавала ў дзяржаўных СМІ. Па-другое, акаўнт быў створаны ў кастрычніку 2022-га, акурат напярэдадні звальнення.

    Падпісаная Ксенія на IT-кампаніі, БДУ і старонку з прапановамі па аддаленай працы.

    Таксама яна атрымала два сертыфікаты ад Google — абодва па рэкламе. Звычайна іх атрымліваюць тыя, хто хоча рухацца ў сферу SMM.

    З чым звязана звальненне прапагандысткі з СТБ, невядома. Але, выглядае, сама яна цяпер сарамліва хавае працу на прапаганду.

    Чытайце яшчэ:

    Магілёўскае дзяржтэлебачанне выпусціла перадачу «Мордой в пол» — пра «экстрэмісцкія фармаванні» 6TV Bielarus і «Магілёў. Меdia»

    Дзяржаўная раёнка ў Кобрыне зладзіла «Дзень падпісчыка»… у мясцовым райвыканкаме

    Міністр інфармацыі: Супраць нас працуе сур’ёзная тэхналагічная машына

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці