Прэзідэнт Польшы ўручыў Анджэю Пачобуту ордэн Белага Арла — найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду краіны
Вызвалены журналіст Анджэй Пачобут атрымаў ордэн Белага Арла — найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду Польшчы. Урачыстая цырымонія адбылася падчас святкавання Дня Канстытуцыі 3 траўня ў Каралеўскім замку ў Варшаве.

Анджэй Пачобут атрымлівае ордэн Белага Арла з рук прэзідэнта Польшчы Кароля Наўроцкага, 3 траўня 2026 года, Варшава. Фота: канцылярыя прэзідэнта Польшчы
Узнагароду Пачобуту ўручыў прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі. Ён адзначыў, што да таго, як стаць прэзідэнтам Польшчы, працаваў старшынём Інстытуту нацыянальнай памяці, таму добра ведае каштоўнасць словаў «гераізм» і «непахіснасць».
«Я працаваў у гэтай сферы шмат гадоў. Я ведаю адказнасць за выказванне такіх словаў і не вагаюся, як гісторык і былы старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці, кажучы, што Анджэй Пачобут – гэта герой і чалавек непахісны. Гэта непахісны чалавек, які дзеля польскасці, дзеля прыхільнасці гістарычнай праўдзе, дзеля праўды пра салдатаў Арміі Краёвай, дзеля барацьбы за правы чалавека, за дэмакратыю ў рэжыме Лукашэнкі быў гатовы пайсці ў турму. Ён не ўцёк, ён пайшоў у турму, правёў гады ў турме і вярнуўся як пераможца, як той, хто паказвае, што часта цярпенне, якое вы зведалі, мае глыбокі сэнс і таксама будуе сілу нацыянальнай супольнасці», – сказаў Наўроцкі.
«Я не лічу сябе героем», – адзначыў у сваёй прамове Анджэй Пачобут.
«Для мяне героямі перадусім з’яўляюцца жаўнеры Арміі Краёвай, камандзіры Арміі Краёвай, людзі, у праслаўленні якіх мяне абвінавацілі. Я думаю пра маёра Мацея Каленкевіча «Котвіча», маёра Яна Піўніка «Панурага» і маёра Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашку». Яны абаранялі незалежнасць са зброяй у руках да апошняга моманту, і памяць пра іх застаецца заплямленай да гэтага часу. На гэтым фоне я проста звычайны чалавек, які жыве ў непрыстойныя часы, спрабуе паводзіць сябе прыстойна. Вось і ўсё».
Рашэнне аб узнагароджанні Пачобута ордэнам Белага Арла Наўроцкі прыняў 11 лістапада 2025 года, калі ў краіне адзначаўся Дзень незалежнасці. Паведамлялася, што ўзнагарода будзе ўручаная лаўрэату “пры першай жа магчымасці”. На ўрачыстай цырымоніі прысутныя сустрэлі журналіста працяглымі авацыямі.
Ордэн Белага Арла — найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода Польшчы, адзін з найстарэйшых польскіх ордэнаў. Заснаваны ў 1705 годзе. У розныя гады яго лаўрэатамі былі ў тым ліку Тадэвуш Касцюшка, Юзаф Пілсудскі, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Адам Міцкевіч, Міхал Клеафас Агінскі, Станіслаў Шушкевіч – 2010 год, Тадэвуш Кандрусевіч.

Анджэй Пачобут на цырымоніі ўручэння ордэну Белага Арла, 3 траўня 2026 года, Варшава. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Ва ўрачыстасцях у Каралеўскім замку ў Варшаве ўдзельнічала таксама беларуская дэмакратычна лідарка Святлана Ціханоўская.
«Анджэй Пачобут аб’ядноўвае беларускі і польскі народы. Ён — сімвал нязломнасці і мужнасці. Ён прайшоў праз катаванні і застаўся верным сваім прынцыпам. Пачобут — прадстаўнік польскай меншасці ў Беларусі, якая стагоддзямі жыла на нашай зямлі і з’яўляецца неад’емнай часткай нашай культуры, гісторыі і будучыні. Мы цэнім Пачобута як у Польшчы, так і ў Беларусі, і ён як ніхто іншы заслугоўвае гэтай узнагароды», — заявіла з нагоды ўзнагароджання Анджэя Пачобута Святлана Ціханоўская
Днём раней Анджэя Пачобута з жонкай Аксанай запрасіў на вячэру прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Пра гэта ён паведаміў у сацсетцы X.
«У Дзень Палёніі запрасіў на вячэру Аксану і Анджэя. Размаўлялі пра Польшчу, пра свабоду і будучыню», — напісаў Туск.
W Dzień Polonii zaprosiłem na kolację Oksanę i Andrzeja. Było o Polsce, o wolności i przyszłości❤️🇵🇱 pic.twitter.com/FiVurL8G8j
— Donald Tusk (@donaldtusk) May 3, 2026
Таксама журналіст Анджэй Пачобут разам з былой кіраўніцай Саюза палякаў у Беларусі Анжалікай Борыс увайшлі ў склад Рады па справах польскай дыяспары і палякаў за мяжой пры прэзідэнце Польшчы. Адпаведнае рашэнне было падпісана 2 траўня ў Варшаве прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім. Гэта прызначэнне – прызнанне іх шматгадовай дзейнасці ў інтарэсах палякаў, якія пражываюць за межамі краіны.
Нагадаем, Анджэя Пачобута вызвалілі 28 красавіка ў межах абмену паводле формулы «пяць на пяць». На мяжы яго сустрэлі польскія ўлады, у тым ліку прэм’ер-міністр Дональд Туск. Пачобута даставілі ў шпіталь у Варшаве, дзе ён сустрэўся з жонкай.
@bajmedia