• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактар 34travel: Калі праект цікавы чытачам, то на яго звяртаюць увагу і рэкламадаўцы

    Інтэрнэт-часопіс пра падарожжы 34travel.me прадставіў у Гродне свой новы праект — часопіс пра падарожжы па Беларусі "Go to Belarus".

    Пра новую старонку ў працы распавядаў галоўны рэдактар 34travel Антон Кашлікаў:

    — Гэты праект — доўгая гісторыя для нас. Сёлета мы “запусцілі” вялікі даведнік для падарожнікаў на рускай і англійскай  мовах. Гэта зроблена для таго, каб самі беларусы больш ведалі сваю краіну і каб краіна была зразумелая турыстам, якіх сапраўды становіцца больш.

    Мы размаўлялі з нашымі гродзенскімі сябрамі і яны канстатуюць, што “бязвіз” сапраўды працуе ў Гродне, становіцца больш турыстаў, а больш турыстаў — гэта добра для ўсяго, у тым ліку і для мясцовага бізнесу.

    — На каго разлічаны ваш праект: на жыхароў абласных цэнтраў ці таксама і на тых, хто жыве ў малых гарадах Беларусі?

    Канешне, мы будзем пісаць не толькі пра Мінск, Гродна, Брэст, другія абласныя цэнтры. Будзем пісаць і пра малыя гарадкі, бо ў Беларусі шмат цікавых месцаў, а інфармацыі пра гэтыя населеныя пункты не так шмат. Часта гэтую інфармацыю рыхтуюць энтузіясты-фанаты, але яе трэба шукаць, да таго ж інфармацыя можа быць у не вельмі “прэзентабельным” выглядзе.

    Таму мы спрабуем інфармацыю прыгожа “ўпакоўваць”, вялікую ролю надаем дызайну, фатаздымкам. Вось, да прыкладу, мы завіталі ў Гродна на два дні і з намі фатограф Кася Сырамолат, наша арт-дырэктарка. Мы ходзім па горадзе — здымаем, робім вялікі фотабанк з файнымі здымкамі Беларусі.

    — Вядома, што 34travel робіць гайды па ўсім свеце. Што новага і цікавага з’явілася ў вас за апошнія месяцы?

    — У нас адбываюцца пастаянныя змены. Напрыканцы мінулага года мы перарабілі дызайн сайта, запусцілі ў сакавіку вялікі праект «Go to Belarus». Калі мы яго запускалі, то разлічвалі першапачаткова на нашых чытачоў, якія ездзяць за мяжу. І пісалі пра Варшаву, Вільню, Барселону. Але кожны артыкул пра Беларусь збіраў шмат праглядаў, стала зразумела, што людзям гэта патрэбна і цікава. Грэх было не скарыстацца.

    Цяпер шмат хто піша пра падарожжы. Tut.by піша, вялікі праект існуе ў “Радыё Свабода”. Усе пішуць пра падарожжы, і ў тым ліку пра падарожжы па краіне. Я спадзяюся, мы гэта робім не горш за астатніх, і тое, што ў нас у тры разы выраслі прагляды — паказчык запатрабаванасці медыйнага прадукту.

    — Распавядзіце, як змянілася наведвальнасць сайта?

    — Мы за паўгода выраслі па наведваннях у два разы, у тры разы цягам года. І гэта не толькі таму, што мы больш пішам, больш матэрыялу выпускаем, пра нас больш даведваюцца. Але спрацоўвае і эфект “сарафаннага” радыё. Мы нідзе не ўкладаем грошы ў рэкламу ў сацыяльных сетках. Людзі самі даведваюцца, самі адпраўляюць спасылкі сябрам. І такім чынам павялічваецца аўдыторыя.

    Думаю, да канца года мы выйдзем на паўміл’ёна наведнікаў у месяц.

    Для медыяў важна сачыць за лічбамі і пастаянна расці, бо гэта прамы паказчык таго, што ты робіш правільныя рэчы для чытачоў.

    — Вы шукаеце спонсараў ці ваш праект працуе на самаакупаемасці?

    — Мы шчыльна працуем з рэкламадаўцамі і ўжо са шматлікімі кампаніямі зрабілі праекты. Гэта — банкі, мабільныя аператары, міжнародныя кампаніі кшталту Uber. Я заўважу, што тут усё таксама залежыць ад чытача, калі праект цікавы чытачу, то ім пачынаюць цікавіцца рэкламадаўцы. А калі людзі чытаюць пра падарожжы, значыць у іх ёсць грошы на гэта. Партнёры разумеюць, што гэтая публіка — прасунутая, забяспечаная, таму яны з задавальненнем ідуць на размову. Калі спачатку мы хадзілі і прапаноўвалі свае праекты, то цяпер усё больш людзей прыходзіць да нас з прапановамі нешта прыдумаць.

    — Калі мы кажам пра ўзрост вашага чытача, то які ён?

    — Самая вялікая частка чытачоў — гэта 25 – 34. Другая група, што цікава, — гэта 44+ . Узросту 35 – 44, хіба, менш. Нашыя чытачы — гэта маладыя актыўныя людзі, якія скончылі сваю вучобу, пачалі працу, дабіліся першых поспехаў. Шмат людзей з добрым даходам. Для мяне хутчэй важна тое, што нашыя чытачы — гэта кам’юніці вакол сайта. Людзі актыўна прапануюць свае тэмы, пішуць, пытаюць ці можна вам напісаць пра тое, пра гэта. Калі мы робім нейкія недакладнасці ў нашых матэрыялах — абавязкова выпраўляюць памылкі. Людзі сочаць за тым, што мы робім і гэта вельмі “прышпільна”.

    На сустрэчу ў гродзенскую “Студыю карысных кампетэнтый” завітала больш за паўсотні аматараў падарожжаў, а арганізатарамі сустрэчы быў гродзенскі інфармацыйны сайт Hrodna.life.

    Фота Аляксандра Саенкі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці