Саюз журналістаў Расіі канчаткова выключылі з Міжнароднай федэрацыі журналістаў
Рашэнне прынятае на 32‑м Кангрэсе МФЖ, які праходзіць у Парыжы з 4 па 7 траўня. Гэта стала фінальным этапам працэсу, які працягваўся з першых месяцаў поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

Лагатып юбілейнага Кангрэсу МФЖ
Саюз журналістаў Расіі выключылі з Міжнароднай федэрацыі журналістаў паводле рашэння Кангрэса арганізацыі, які зацвердзіў рэкамендацыю Апеляцыйнай камісіі — органа, што разглядае спрэчныя пытанні ў адпаведнасці са статутам федэрацыі.
Як нагадвае Нацыянальны Саюз журналістаў Украіны, рашэнне Кангрэса МФЖ стала фіналам шматгадовага працэсу: расійская арганізацыя страціла сяброўства пасля правалу апеляцыі і на фоне абвінавачанняў у супрацоўніцтве з дзяржавай і дзейнасці на акупаваных тэрыторыях Украіны.
Працэдура выключэння, як патлумачыў у каментары НСЖУ былы шматгадовы прэзідэнт МФЖ і ганаровы скарбнік Джым Бумела, была фармальнай, але адначасова паказальнай. Да гэтага моманту сяброўства расійскай арганізацыі заставалася прыпыненым — фактычна «замарожаным» пасля рашэння выканкама МФЖ 2023 года.
«Апеляцыйная камісія рэкамендавала выключэнне, Кангрэс зацвердзіў гэтае рашэнне. Саюз журналістаў Расіі больш не з’яўляецца членам МФЖ», — адзначыў Бумела.
Ён падкрэсліў, што расійскі бок не скарыстаўся прадугледжанай працэдурай апеляцыі: нягледзячы на магчымасць прысутнічаць і прадставіць сваю пазіцыю, прадстаўнікі СЖР не прыбылі на Кангрэс і не падалі належным чынам аформленага звароту.
Ліст, дасланы напярэдадні, утрымліваў агульныя тлумачэнні, але не быў апеляцыяй па сутнасці. «Камісія не мела іншага выбару», — дадаў ён, падкрэсліўшы, што рашэнне прымалася выключна ў межах статутных правілаў.
«Мы не можам мець у МФЖ арганізацыі, настолькі блізкія да дзяржавы»
У Швецыі выключэнне СЖР расцанілі як прынцыповае для захавання стандартаў федэрацыі.
Прэзідэнтка Шведскага саюза журналістаў Ульрыка Хюлерт заявіла, што МФЖ не можа ўключаць арганізацыі, якія знаходзяцца ў цеснай сувязі з дзяржавай. «Мы не можам мець у МФЖ арганізацыі, настолькі блізкія да дзяржавы», — сказала яна, падкрэсліўшы, што рашэнне Кангрэса не выклікала дэбатаў.
Паводле Хюлерт, гэта дазволіць федэрацыі засяродзіцца на ключавых напрамках — абароне свабоды слова, прафесійнай этыцы і падтрымцы журналістаў, у прыватнасці ва ўмовах вайны. «Гэта было правільнае рашэнне, і я сапраўды ганаруся ім», — дадала Хюлерт.
У НСЖУ назвалі рашэнне «адзіна магчымым і даўно чаканым», падкрэсліўшы, што кампанія за выключэнне СЖР пачалася яшчэ 28 лютага 2022 года — адразу пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Тады ўкраінскія журналісты публічна звярнуліся да міжнароднай супольнасці з заклікам адмежавацца ад расійскіх прапагандысцкіх структур.

Дэлегацыя НСЖУ, у склад якой уваходзяць журналісты з Кіева, Марыупаля, Славянска і Адэсы, апранула футболкі са слоганам «Stop Russia. Save journalists». Фота: Facebook / Sergiy Tomilenko
У кастрычніку 2022 года НСЖУ разам з Незалежным медыяпрафсаюзам Украіны накіравалі афіцыйны пратэст у кіроўныя органы МФЖ. Ключавым аргументам стала стварэнне СЖР уласных структур на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях — у Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцях. Украінскі бок расцаніў гэта як парушэнне міжнароднага права і ўмяшанне ў дзейнасць легітымных журналісцкіх арганізацый.
«Пакуль мы ратуем журналістаў, якія вымушаныя ўцякаць з акупаваных тэрыторый і прыфрантавых зон, Саюз журналістаў Расіі фактычна з’яўляецца інструментам вайны і акупацыі», — заяўляў раней кіраўнік НСЖУ Сяргей Таміленка.
У НСЖУ падкрэсліваюць, што з моманту прыпынення сяброўства СЖР у лютым 2023 года не адбылося ніякіх зменаў, якія маглі б стаць падставай для перагляду рашэння: Расія не спыніла агрэсію, не асудзіла ваенныя злачынствы і не дыстанцыявалася ад удзелу ў акупацыйных медыяструктурах.
За гэты час, паводле дадзеных НСЖУ, загінулі як мінімум 149 украінскіх і замежных працаўнікоў медыя, 28 журналістаў застаюцца ў палоне, а сотні медыя былі знішчаныя або захопленыя на акупаваных тэрыторыях — менавіта ў гэтым асяроддзі СЖР будаваў свае структуры.
У НСЖУ падкрэсліваюць, што рашэнне Кангрэса вынікае з базавых прынцыпаў федэрацыі.
@bajmedia