• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Самацэнзура як прыкмета творчасці

    Каб два чалавекі змаглі паразумецца, ім неабходна размаўляць. І добра, калі размова гэтая ідзе на адной мове. У іншым выпадку ёсць рызыка скажэння сэнсу, і дыялогу не атрымаецца, хоць фактычна нейкі камунікацыйны акт ўсё ж адбудзецца.

    Менавіта такое пачуццё бессэнсоўнага камунікацыйнага акту засталося ў мяне пасля сустрэчы ў фармаце ці то «круглага стала», ці то «адкрытай лекцыі», якая адбылася ў мінулы аўторак у Інстытуце журналістыкі БДУ.

    Фармальна гаворка на сустрэчы ішла пра неабходнасць адзінага этычнага кодэксу для ўсіх беларускіх журналістаў, распрацоўкай якога ўжо вырашыла заняцца Грамадская каардынацыйная рада.

    Але, паколькі размова вялася адразу на некалькіх мовах (і гаворка ідзе нават не пра шведскіх мадэратараў, якім быў патрэбен пераклад), паразумецца ў выкладчыкаў універсітэта, дзяржаўных і недзяржаўных залежных журналістаў не атрымалася.

    На маю думку, перашкаджала галоўнае — жыццё ў двух розных Беларусях, з розным адчуваннем рэчаіснасці, рознымі поглядамі на прафесію і розным бачаннем будучыні. І хоць сярэдні ўзрост прысутных на сустрэчы наўрадці перавышаў 40 год, часам падавалася, што выкладчыкі Інстытута журналістыкі так і не заўважылі, што Савецкага Саюзу няма ўжо амаль 18 год.

    Чаго каштуюць толькі разважанні наконт неабходнасці самацэнзуры ў журналісцкім асяродку!

    Як заўважыла досыць маладая намесніца дэкана Інстытута журналістыкі БДУ Вольга Самусевіч, яна заўсёды цытавала і будзе цытаваць сваім студэнтам словы з газеты «Звязда»: «Уся творчая дзейнасць журналіста павінна абапірацца на самацэнзуру». Маўляў, грамадства, сям’я, школа і ўніверсітэт павінныя ставіць бар’еры ва ўнутраным свеце чалавека і грамадзяніна.

    Такім чынам, яшчэ не зрабіўшы першых крокаў у журналістыцы, якая павінна быць адной з самых вольных прафесій у свеце, маладыя людзі, студэнты ўжо вучацца жыць не тое што ўчорашнім — пазаўчорашнім днём. Савецкім часам, у якім існаванне цэнзуры лічылася натуральным і нават неабходным.

    З іншага боку, існаванне самацэнзуры зрабілася амаль што натуральным і для сённяшняй беларускай журналістыкі. З гэтым пагаджаюцца і калегі з незалежных выданняў, адзначаючы, што такая сітуацыя ганебная для прафесіі.

    Затрыманні і накладзеныя штрафы за выкананне прафесійных абавязкаў — дзікунства, але гэтае дзікунства становіцца добрай глебай для росквіту самацэнзуры. Для штодзённага выбару: зрабіць сваю справу сумленна ці прыхаваць праўду да «лепшых часоў»?

    У «прыхоўванні праўды» выкладчыкі БДУ не бачаць нічога кепскага. «Можа, больш гуманная маленькая хлусня, каб чалавек верыў?» — прагучала падчас «круглага стала».

    І, хоць гэтыя словы прагучалі ў кантэксце размовы пра лекарскі дыягназ, які часам гучыць як прысуд, аналогія з інфармацыйнай прасторай Беларусі — больш чым празрыстая.

    Варта толькі ўзгадаць словы адзінага беларускага палітыка: «У нас крызісу няма!» Чым гэта не спроба схлусіць «пацыенту», у якога знайшлі «пухліну»?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці