• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Самагубца – чалавек ці інфармацыйная нагода?

    Журналістыку часам называюць самай цынічнай прафесіяй у свеце. Калі і саступае яна ў цынізме якім іншым прафесіям, дык хіба што працы ўрача ў моргу. Але нават у самага цынічнага ўрача ёсць этычны кодэкс, якога ён не павінен парушаць.

    І ў медыка, і ў журналіста галоўны этычны закон гучыць аднолькава: «Не нашкодзь!». Розніца ў тым, што ў першага заўсёды добра зразумела, каго тычыцца гэты закон — пацыента. А вось праца журналіста больш падобная да шпацыру па мінным полі, дзе адным словам, адным артыкулам, адным фотаздымкам можна нашкодзіць многім.

    Можа, таму, колькі б у свеце ні існавала этычных кодэксаў журналістаў, у кожным з іх мы абавязкова знаходзім словы пра павагу да асабістага жыцця людзей, уважлівае стаўленне да крыніц інфармацыі і адказнасць перад грамадствам. Словы досыць высокія і, на жаль, досыць агульныя.

    Напрыклад, у Кодэксе этыкі аб’яднання журналістаў Латвіі гаворыцца: «Журналісту, нягледзячы на сваю прафесійную дзейнасць, трэба як мага болей карэктна ставіцца да пачуццяў і эмоцый іншых людзей».

    У Кодэксе прафесійнай этыкі журналістаў Латвійскіх СМІ між іншым заўважаецца: «Калі агульныя інтарэсы катэгарычна вымагаюць публічных заяў, устрымайцеся ад тых момантаў, якія могуць закрануць недатыкальнасць асабістага жыцця чалавека».

    Павага да права грамадзян на асабістае жыццё і чалавечую годнасць зафіксаваная і ў пераліку Міжнародных прынцыпаў прафесійных стандартаў журналістыкі

    Але гэтыя словы так і засталіся б на паперы, калі б выкананне этычных норм не ўплывала на рэпутацыю сродкаў масавых інфармацыі, на давер да працы журналіста. Як гаворыцца ў Кодэксе этыкі Саюза прафесійных журналістаў ЗША, «давер паміж журналістам і чытачом з’яўляецца падмуркам журналісцкай дзейнасці і адначасова яе канчатковай мэтай».

    Менавіта гэтыя два «кіты» — «давер» і «рэпутацыя» — робяць этычныя кодэксы і законы журналістыкі такімі ўстойлівымі. І нават у сітуацыях, якія не прапісаныя ні ў адным кодэксе, менавіта яны становяцца тымі маякамі, якія дапамагаюць прымаць правільныя рашэнні.

    Якімі б маленькімі (усяго 500 словаў у кодэксе газеты «Ari­zona Repub­lic») ці вялікімі (8 тысяч словаў у кодэксе «Dai­ly Press of New­port News») ні былі этычныя кодэксы, у іх папросту немагчыма прапісаць усе выпадкі, з якімі могуць сустрэцца журналісты. Таму, вырашаючы, пра што і як пісаць, ім даводзіцца кіравацца ўласнымі ўяўленнямі пра этыку, не забываючыся на закон «Не нашкодзь!».

    Нярэдка розгалас інфармацыйнай нагоды робіцца галоўным аргументам на карысць таго, каб інфармацыя з’явілася на газетнай старонцы, у тэле- ці радыёэфіры. Інтарэс грамадства да «смажаных» фактаў урэшце рэшт выліваецца ў тое, што прэсу і СМІ агулам называюць «сметніцай» і звінавачваюць у «жаўцізне».

    Але вернемся да тэмы самазабойцаў, якую мы ўжо закраналі раней. Кіруючыся прынцыпам «мёртвым не баліць», журналісты як правіла асабліва не задумваюцца пра тое, наколькі гэтая падзея ўвогуле вартая месца на газетнай старонцы, ці варта называць імя чалавека і, галоўнае, — ці варта друкаваць фотаздымак чалавека, які добраахвотна пайшоў з жыцця? Маўляў, мы не скажаем фактаў, гэты чалавек быў публічнай асобай, і яго самагубства — таксама справа публічная…

    Усё гэта так. Але ёсць і больш істотныя моманты, пра якія, на маю асабістую думку, след паразважаць перад тым, як пускаць нумар у друк. Яны дакладна не прапісаныя ў кодэксах, але чытаюцца паміж радкоў.

    Узгадайце пра павагу да прыватнага жыцця і пачуццяў людзей і падумайце: можа, у гэтага чалавека засталіся бацькі, дзеці, унукі, якім будзе балюча бачыць яго здымак і чытаць, як вы ў падрабязнасцях апавядаеце ўсім пра абставіны смерці ці нават выдаеце нейкую сваю версію здарэння?

    А можа, сярод тых дзяцей і ўнукаў ёсць тыя, ад каго ўвогуле хавалі прычыну смерці блізкага чалавека, чыю псіхіку папросту пашкадавалі? А яны прачытаюць пра гэта ў вашай газеце… Ці не вартыя ўсе гэтыя людзі павагі і суперажывання? Ці не будзе вашае «імкненне распавесці праўду» ўмяшальніцтвам у асабістае жыццё?

    Калі, узважыўшы ўсё, вы знойдзеце аргументы на карысць таго, каб усё ж надрукаваць гэтую інфармацыю і фотаздымак самагубцы, што ж — друкуйце. Ніхто не зможа дыктаваць вам, што рабіць. Бо нават самы прагрэсіўны Кодэкс журналісцкай этыкі застаецца ўсяго толькі парадай, а не законам.

    Калі ж у вас з’явіўся сумнеў, можа, варта параіцца з калегамі? Ці проста пашукаць іншую тэму для артыкулу? А каб вам лягчэй думалася, дазволю сабе працытаваць некалькі радкоў з распрацаванай брытанскай арганізацыяй Medi­a­Wise памяткі для журналістаў, якія пішуць на тэму суіцыдаў:

    «Адразу пасля самагубства пачуцці сваякоў загінулага асабліва абвостраныя. Яны могуць адчуваць злосць, разгубленасць, пацуццё віны, неразуменне і сорам. Публічнасць яшчэ пагаршае сітуацыю, асабліва для дзяцей. Пракансультуйцеся з блізкімі родзічамі перад друкаваннем матэрыялаў, якія не павінныя быць даступнымі грамадскасці. Некаторыя могуць вітаць выказаныя праз СМІ спачуванні, асабліва калі суіцыд здарыўся ў незвычайных абставінах. Але пазбягайце непатрэбнага ўмяшальніцтва ў прыватныя справы сям’і».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці