• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Што можа журналіст?

    Газэта «Наша Ніва» перадрукавала матэрыял Паўла Шарамета: «Аглядальніца прэзідэнцкай газеты „Советская Белоруссия“ даслала ў Маскву, у „Коммерсант“ сваё рэзюмэ і прапанову працы… Журналістка ў дзяржаўных колах вядомая і зарабіла аўтарытэт сваімі ўхвальнымі артыкуламі пра „беларускі цуд“…»

    Факт, безумоўна, цікавы. Але ня меней цікавая і самахарактарыстыка прэтэндэнткі на пасаду: яна «можа прадставіць розныя пункты гледжання на падзеі ў Беларусі».

    Фраза, як той казаў, чапляе. У ёй адчуваецца пэўны драматызм і нават інтрыга. Перадусім, зьвернем увагу на «можа». То бок, што значыць «можа»? «Можа» калі? Калі загадаюць ці папросяць? «Можа», калі захоча? Дарэчы адзначыць, што журналістка піша пра сябе ў трэцьцяй асобе. Не «я магу», а «можа», г.зн. разглядае сябе звонку, па-за кантэкстам рэальнай журналісцкай практыкі таго выданьня, у якім працуе.

    Слова «прадставіць» таксама сэмантычна важнае. Бо не падаць, а «прадставіць». Зноў жа, — ці калі трэба, ці калі папросяць? І нарэшце, «прадставіць розныя пункты гледжання на падзеі ў Беларусі». Інакш кажучы, прэтэндэнтка запэўнівае, што яшчэ ня страціла ўяўленьняў пра прафэсійныя стандарты. Менавіта — уяўленьняў. Бо праца ў прапагандысцкіх СМІ не патрабуе гэтых самых стандартаў датрымоўвацца.

    Цікавая фраза яшчэ і тым, што, насамрэч, ёсьць самавыкрыцьцём. Гэта выпадак некантраляванай падсьвядомасьці, якая адначасна прамаўляе двума галасамі. Голасам напаўрэпрэсаваных уяўленьняў датычна прафэсійных патрабаваньняў (у прапагандысцкіх СМІ, як ужо адзначалася, яны непатрэбныя) і голасам сэрвільнай журналістыкі («зарабіла аўтарытэт сваімі ўхвальнымі артыкуламі пра «беларускі цуд»). Гэта выпадак падвоеных стандартаў, калі журналіст піша не пра тое, што лічыць важным для грамадства, а пра тое, што патрабуе ад яго рэдактар ці дабраахвотна прынятыя абавязкі палітычнай дабранадзейнасьці і ідэалягічнай адданасьці.

    Праблема, аднак, зусім не адназначная. Інфляцыя разам з дэвальвацыяй, як выглядае, падточваюць ціхі фінансавы дабрабыт працаўнікоў ідэалягічных мэдыяў. І пісаць надалей пра эканамічны цуд неяк не выпадае. Дзесьці трэба шукаць паратунку.

    Чаму ж не ў «Коммерсанте»? І вось жа зноў цікава: «Коммерсант» — слова яўна з фінансавага лексыкону. Дык ці возьмуць?

    Б’юся аб заклад, — калі возьмуць, Шарамет пра гэта абавязкова напіша.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці