• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Сіндром Гаргоны»: у Варшаве беларускі паказалі спектакль пра гвалт і жанчын

    Медуза Гаргона сярод нас. Так мяркуюць беларускія аўтаркі спектаклю, названага ў яе гонар. Яны даказваюць гледачу, што гэты персанаж старажытнагрэцкага эпасу ёсць увасабленнем несправядлівасці і таго зла, якое нясе ў сабе гвалт у сучасным грамадстве. Днямі яго маглі паглядзець жыхары і госці польскай сталіцы.

    Спектакль «Сіндром Гаргоны»

    Спектакль «Сіндром Гаргоны» (Gor­gon Syn­drome) тэатральнай групы NODA Stage. Варшава, Польшча. 23 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    Большасці нашых сучаснікаў вядомая гісторыя Медузы Гаргоны, адаптаваная спецыяльна для дзіцячай аўдыторыі. Там яна проста злая і жорсткая жанчына са змеямі на галаве замест валасоў і такім страшным тварам, што кожны смяротны, паглядзеўшы на яго, ператвараецца ў камень. Насамрэч старажытны эпас апавядае, што Медуза Гаргона была прыгожай добрай дзяўчынаю з раскошнымі валасамі. Бог мораў Пасэйдон убачыў яе ў святыні багіні мудрасці Афіны і згвалтаваў дзяўчыну проста ля ахвярнага алтара. Афіна палічыла гэта апаганеннем сваёй святыні. Але замест таго, каб пакараць Пасэйдона, яна ператварыла Медузу ў пачвару, пазбавіўшы яе магчымасці нават размаўляць на чалавечай мове. Знаёмая гісторыя, калі абвінавачваюць не гвалтаўніка, а ягоную ахвяру.

    Спектакль «Сіндром Гаргоны» зʼявіўся як своеасаблівая рэпліка на забойства ў Варшаве беларускі Лізы ў 2024 годзе. Чацвёра беларускіх акторак у вымушанай эміграцыі сабраліся і прыдумалі сцэнарый. Яны самі прыдумалі і замовілі дэкарацыі для спектаклю і самі выканалі ролі ў ім.

    Прэм’ера спектаклю адбылася ў Варшаве яшчэ летась. З таго часу «Сіндром Гаргоны» адзначылі ўзнагародамі за найлепшы сцэнар і найлепшую жаночую ролю на фестывалі Kul­tur on Tour у Нямеччыне, залучылі ў праграму Міжнароднага фестывалю UAD у Італіі. Спектакль паказалі на адным з найбуйнейшых тэатральных фестываляў – MTF Kon­takt у Торуні, а на міжнародным біенале ў Перу спектакль атрымаў трэцюю прэмію.

    Спектакль «Сіндром Гаргоны»

    Спектакль «Сіндром Гаргоны» (Gor­gon Syn­drome) тэатральнай групы NODA Stage. Варшава, Польшча. 23 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    На варшаўскай сцэне

    Пакуль спектакль рыхтуецца да новых міжнародных паказаў, 22 чэрвеня «Сіндром Гаргоны» паказалі ў навучальным тэатры Тэатральнага інстытуту ў Варшаве. Магчыма, гэта выпадковасць, што сярод гледачоў былі ў асноўным жанчыны.

    На сцэне на першы погляд дзіўныя дэкарацыі – чатыры кубы і гафраваныя трубы. На кожным кубе ў імправізаваным кокане жанчына. Кожная з іх належыць да розных сацыяльных групаў грамадства. Пасля пачатку спектаклю гераіні па чарзе вызваляюцца з кокана і расказваюць сваю гісторыю ўрыўкавымі фразамі, але так, што робіцца зразумела, якую менавіта праблему яны перажываюць у сваім жыцці. У цэнтры гэтага імправізаванага пакою тая самая Медуза Гаргона. Яна гаворыць толькі моваю жэстаў і дае слова то адной, то другой. Медуза пры гэтым выступае своеасаблівым сурдаперакладчыцаю гэтых гісторыяў-споведзяў.

    Спектакль «Сіндром Гаргоны»

    Спектакль «Сіндром Гаргоны» (Gor­gon Syn­drome) тэатральнай групы NODA Stage. Варшава, Польшча. 23 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    Спачатку здаецца, што гэта гісторыі ўзаемадачыненняў жанчын з мужчынамі. Але потым робіцца зразумела, што ўсё значна складаней. Першай пачынае казаць гераіня, якая павінна сядзець на бясконцых дыетах і кантраляваць сваю вагу, каб адпавядаць прынятым стандартам прыгажосці і моды. Затым свае гісторыі расказваюць іншыя персанажы – журналістка, стрыптызёрка, жанчына, якая ніяк не можа нарадзіць дзіця праз тое, што вымушаная цярпець сексуальныя дамаганні свайго мужа.

    Беларускі спектакль па-расейску

    Аўтары спектаклю былі добра знаёмыя ў Менску. Яны працавалі ў розных тэатрах, студыях і часам ігралі разам у беларускіх тэатральных праектах. Але сам спектакль ідзе па-расейску.

    Адна з аўтарак пʼесы Таццяна Папова-Гатоўчыц, якая раней працавала ў менскім тэатры «Дзе‑Я?», а цяпер іграе жанчыну, якая бясконца змагаецца са сваёй вагою, кажа, што беларускія акторкі вымушаныя былі ставіць спектакль на рассейскай мове:

    «Мы былі з моладдзю на рэзідэнцыі і абмяркоўвалі гэта. У нас акрамя таго, што на сцэне ідзе пераклад на польскую і ангельскую, Медуза Гаргона ўсе словы перакладае жэстамі. Гэта проста геніяльная ідэя!»

    Ейная калега Ганна К., якая ў спектаклі расказвае трагедыю жанчыны, якая марна спрабуе нарадзіць дзіця, патлумачыла, што пры выбары мовы аўтары кіраваліся камерцыйнымі меркаваннямі:

    «З самага пачатку гэты праект рыхтаваўся для міжнароднай аўдыторыі як фестывальны матэрыял. Мы разумелі, што гэта некамерцыйны праект, які можна прадаваць як рэпертуарны спектакль. Нам дапамог фонд, створаны ўкраінцамі і расейцамі. Таму для большага ахопу публікі мы іграем на расейскай. У Лондане мы гэты ж спектакль будзем іграць на англійскай. Мы абмяркоўвалі спектакль з палякамі і прапаноўвалі іграць яго на польскай, але яны бачаць «фішку» якраз у тым, што спектакль ідзе на расейскай. А на беларускай у нас пастаўлены «Слон» Сашы Філіпенкі».

    Спектакль «Сіндром Гаргоны»

    Спектакль «Сіндром Гаргоны» (Gor­gon Syn­drome) тэатральнай групы NODA Stage. Варшава, Польшча. 23 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    Ад рэвалюцыянерак да эмігрантак

    Алана Айвары, якая ў Менску працавала ў ТЮГу, выкладала акторскае майстэрства і кіравала студэнцкім тэатрам, уважае сябе ўдачлівым чалавекам, бо можа яшчэ займацца творчасцю. У спектаклі Айвары іграе журналістку:

    «Гэта не зусім пра журналістку. Гэта больш пра чалавека, які не гатовы сказаць пра свае прынцыпы. Яна абараняецца, яна ні з кім не мае стасункаў, яна ні з кім не ўступае ні ў якія ўзаемадачыненні. Не таму, што яна дрэнны чалавек, а таму, што гэта ейная абарончая рэакцыя. Калі я працавала над характарам, знайшла споведзь журналісткі, якая распавяла, што яе згвалтаваў бацька ў дзяцінстве. Яна кажа, што ў стасункі не ўступае. Гэта дае ёй пачуццё абароненасці. Ілжывае, вядома. Яна адчувае, хто хлусіць, а хто – не. Кажа пра тую “журналістыку”, з якой даводзіцца нам сутыкацца».

    Спектакль «Сіндром Гаргоны»

    Спектакль «Сіндром Гаргоны» (Gor­gon Syn­drome) тэатральнай групы NODA Stage. Варшава, Польшча. 23 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    Кінарэжысёрка Нэла Агрэніч у спектаклі «Сіндром Гаргоны» замяняе акторку і ўпершыню іграе на тэатральнай сцэне. «Вельмі шмат пераклічак з маім асабістым досведам, хоць я не была стрыптызёркаю. Але затое я танчыла ў клубе. Так што шмат у чым гэтая роля пераклікаецца з тым, што я перажывала ў жыцці. Мне цікавая гэтая праца ў камандзе. Якія моцныя вакол мяне жанчыны! Які шлях яны прайшлі! Ад рэвалюцыянерак да эмігрантак. І знайшлі ў сабе сілы зрабіць спектакль», – кажа Агрэніч.

    На пытанне, ці жаночы гэта спектакль, без ваганняў адказала: «Уважаю, што гэта чалавечы спектакль. Ён датычыць усіх і кожнага. Бо гвалт, што адбываецца ў жыцці, гэта цэлы ланцужок, звеннямі якога служаць усе – дзеці і бацькі, мужчыны і жанчыны».

    Спектакль «Сіндром Гаргоны»

    Спектакль «Сіндром Гаргоны» (Gor­gon Syn­drome) тэатральнай групы NODA Stage. Варшава, Польшча. 23 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    Аўтары пастаноўкі «Сіндром Гаргоны» не збіраюцца спыняцца на гэтым спектаклі. У планах прадоўжыць супольную творчасць у камандзе. Ёсць ідэя аднавіць спектаклі заснавальніка тэатру «Дзе‑Я?» Мікалая Трухана, бо сам тэатр «проста забілі, а акторы… хтосьці зʼехаў з краіны, хтосьці ўвогуле сышоў з прафесіі, хтосьці застаўся ў Новым драматычным тэатры».

    Спектакль «Сіндром Гаргоны»

    Спектакль «Сіндром Гаргоны» (Gor­gon Syn­drome) тэатральнай групы NODA Stage. Варшава, Польшча. 23 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    Спектакль «Медуза Гаргона» плануюць паказаць у жніўні на тэатральным фестывалі ў Эдынбургу (Вялікая Брытанія). Восенню пастаноўку чакаюць на Fringe Fes­ti­val у Лондане, а пасля гэтага будзе паказ для мясцовай беларускай дыяспары.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.