Беларускі фатограф Сяргей Гудзілін анансаваў выхад фотакнігі-архіва аб уласным досведзе эміграцыі
«Постбеларус» — праектам аб уласным досведзе эміграцыі беларускі фатограф і медыямастак Сяргей Гудзілін займаецца ўжо амаль год.

Сяргей Гудзілін. Фота: Сяргей Міхаленка
«Жыву і калекцыяную артэфакты жыццядзейнасці з музейнай пільнасцю», — прызнаецца творца. Праверыць на жыццяздольнасць праект як патэнцыйную фотакнігу-архіў аўтар вырашыў сёння на платформе Patreon.

Вокладка прататыпа фотакнігі-архіва. Фота: сацсеткі Сяргея Гудзіліна
«Не тое, каб гэта была ўжо мара (хто ў эміграцыі кніг ня піша, га?), але пачаў абрастаць у сваім экзылі ўсялякім смеццем, якое, пры больш пільным паглядзе, з’яўляецца зусім і не смеццем, — распавёў пра аб’екты калекцыянавання былога і актуальнага жыцця Сяргей Гудзілін. — Нешта прывёзлася з сабой у кішэнях, тэчках і на донцах валізак. Ну дык во — жыву і калекцыяную артэфакты жыццядзейнасці з музейнай пільнасцю».
У кнізе-прататыпе аўтара «сабраныя» — квіткі з Беларусі і Літвы, жэтоны, абгорткі ад цукерак, металічныя фіксатары з датай вырабу хлеба, з якімі той прадаецца ў замежжы, тэст на кавід, сімка — маленькія рэчы-дэталі, з якой складалася жыццё «да» і «пасля» эміграцыі. Фотаграфія пакуль прадстаўлена ў архіве паляроіднымі здымкамі.
Мастак падзяліўся, што пакуль назва кнігі мысліцца толькі адна — «Постбеларус».
«Хочацца, канечне, праз гэны бук інтэлектуальна разгарнуць назву ў цэлы этычна-эстэтычны канструкт і стаць класікам», — дадае з пэўнай самаіроніяй аўтар.
Сяргей Гудзілін абяцае «піжонскі дызайн» кнігі — «поўнасцю чорныя старонкі з белым тэкстам».

Старонка з кнігі-прататыпа. Крыніца: patreon.com

Старонка з кнігі-прататыпа. Крыніца: patreon.com

Старонка з кнігі-прататыпа. Крыніца: patreon.com
Сяргей Гудзілін — фатограф, лічбавы і медыямастак з Жодзіна. Пачынаў са здымак спартовых падзей, некалькі гадоў супрацоўнічаў з беларускімі і міжнароднымі медыя. Уладальнік Гран-пры Belarus Press Photo (2011), прэміі «Прафота» (2020). Ягоныя фатаграфіі публікаваліся ў The New York Times (USA), Gazeta Wyborcza (Poland), Nasha Niva (Belarus), Svenska Dagbladet (Sweden), Stern Online (Germany), National Geographic (USA) і іншых СМІ. Найбольшым захапленнем Сяргея Гудзіліна з’яўляецца фіксацыя паўсядзённага жыцця асобных супольнасцей з дапамогай медыятэхналогій і навукова-мастацкіх практык.
Пазнаёміцца з праектам «Постбеларус» і падтрымаць яго можна тут.
