• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Следства па справе перакладчыцы Вольгі Калацкай скончанае, справу перададуць у суд

    Следства па справе затрыманай перакладчыцы Вольгі Калацкай скончанае, неўзабаве справу перададуць у суд. Перакладчыцу і выкладчыцу ангельскай мовы Вольгу Калацкую затрымалі роўна месяц таму падчас заняткаў.

    Яе вінавацяць у злосным хуліганстве (арт. 339 Крымінальнага кодэкса) — нібыта падчас адной з акцый пратэсту Вольга нанесла некалькі ўдараў супрацоўніку СТВ Рыгору Азаронку.

    Некалькі тыдняў таму ў кватэры 89-гадовай маці Калацкай, а таксама ў кватэры самой Вольгі следчыя правялі ператрусы. Учора, 14 лютага, адзін са следчых па справе зноў наведаў дома  маму Калацкай. Па словах жанчыны, размова цягнулася каля 30 хвілін і тычылася яе дачкі і хуткай перадачы справы ў суд.

    Ад 19 студзеня Вольга Калацкая знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА. Цяпер следства па справе скончанае, неўзабаве справу перададуць у суд. Паводля ч.2 арт. 339 Вользе Калацкай пагражае арышт альбо абмежаванне волі да 3 гадоў, альбо пазбаўленне волі да 6 гадоў.

    Вольга Калацкая не з’яўляецца журналісткай, але яе затрыманне выклікала шырокі розгалас у коле беларускай інтэлігенцыі. Спадарыня Вольга шмат працавала з журналістамі — выкладала для іх англійскую мову, рабіла пераклады.

    У свой час Вольга пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг, у тым ліку Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Ўільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, «Гладыятар”, “Шрэк”, “Сямейку Смітаў” ды іншыя.

    З патрабаваннем неадкладна вызваліць Вольгу выступіў Амерыканскі ПЭН (PEN Amer­i­ca) і вядомая канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд.

    Вольга Калацкая жыве ў Мінску з 89-гадовай маці, якой патрабуецца дагляд. Цяпер дапамагаць маці адгукнуліся сябры і вучні Вольгі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці