• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Люба Лунёва: Калі мой тата працаваў дырэктарам шахты, Януковіч працаваў шафёрам!

    Люба Лунёва нарадзілася… у шахце! А прапрапрадзед яе… заснаваў Жыровіцкі манастыр! А іншыя прапрапрасваякі… былі паўстанцамі Касцюшкі і Каліноўскага… І ўвогуле, Лунёва — яе несапраўднае прозвішча! Люба Лунёва, якую вы не ведаеце, — у гэтай гутарцы для www.baj.by

    АСАБІСТАЯ СПРАВА БАЖ

    Любоў ЛУНЁВА нарадзілася ў шахце Юнком (Данбас) — так пазначана ў пашпарце. У 4,5 гады пераехала да бабулі з дзядулем у Клічаў, потым з бацькамі ў Мінск. Скончыла гістфак БДУ, дзе потым выкладала гісторыю. Працавала ў Інстытуце матэматыкі Акадэміі навук, у Грамадскай прыёмнай праваабарончага цэнтра «Вясна», на «Радыё Свабода». Цяпер — карэспандэнт газеты «Народная Воля». Сябра БАЖ з 1998 года.

    Пра Любу Лунёву ходзяць байкі і легенды. Напраўду, гэта выглядае феерычна, калі яна на мітынгах гаркае на амапаўцаў: «А ну выключылі рацыі, мне ў жывы эфір выходзіць!» Ці кідае спецназаўцам: «Вы, прыдуркі, я з‑за вас ледзьве не павалілася!..»

    Люба — легендарная рэпарцёрка, адпрацавала на «Радыё Свабода» больш за 10 гадоў. Потым МЗС мэтанакіравана не працягнула ёй акрэдытацыю — ацанілі працу, называецца. Цяпер Лунёва працуе ў «Народнай Волі», стала пісаць не толькі пра палітыку, але і пра сацыяльныя, экананамічныя праблемы. З акцый, як і раней, вядзе «жывыя эфіры» — анлайны на сайт «Народнай Волі».

    Пад час гэтай гутаркі я зразумеў, што мы з вамі не ведаем Любу. Што бясстрашная журналістка з мітынгаў — гэта толькі адзін, публічны яе бок. Насамрэч яна іншая — нават прозвішча ў пашпарце не Лунёва, а Буянава — па мужы, з якім развялася праз 1,5 гады пасля нараджэння сына.

    «І я сама датумкала, што трэба людзям неяк дапамагаць, знайшла адвакатаў…»

    Калегі ведаюць Вас як рэпарцёрку «Свабоды», а дзе Вы працавалі да гэтага?

    Люба Лунёва: Да гэтага я працавала ў БДУ на гістарычным факультэце. У мяне проста скончыўся кантракт. А студэнты тады былі добрыя — гэта ж быў 1996–97 год, тады ж людзі на мітынгі хадзілі без усялякіх улётак, як на працу. Прыходзілі студэнты на кафедру — і распавядалі, чым адрозніваецца Акрэсціна ад каталажкі на Дабрамысленскім завулку. Адзін хлопец, выдатнік, з вельмі прыстойнай сям’і, прыйшоў і кажа: «Ведаеце, лепш трапіць на Дабрамысленскі. На Акрэсціна я быў — там на „сцэне“ спіш, а тут нары і даюць пюрэ, катлету і кампот». Такая эйфарыя была, усе думалі, што хутка наступіць…

    Выкладчыца гістфака
    Навумчык, Еўдакімаў, Пазьняк, Лунёва

    З Леанідам Міндліным

    Калі ўсе хадзілі на мітынгі — усіх жа не адлічвалі?

    Люба Лунёва: Тады ўсё пачыналася, дэканаў сабралі на нараду і сказалі: патрапяцца вашыя студэнты — паплаціцеся. А нашыя ж больш за ўсіх хадзілі! Першы вялікі хапун быў, калі змянілі сімволіку, а Ціцянкоў падраў нацыянальны сцяг. Тады студэнты на даху прыбіральні ля Купалаўскага тэатра спалілі БССРаўскі сцяг. Я ўпершыню пабачыла, як міліцыянты жорстка збіваюць хлопцаў, дзяўчат — па-мойму, Саланец туды прыскакаў і кіраваў гэтым. Білі брутальна, патрапіла нават дзецям… Два хлопчыкі і дзяўчынка ішлі са школы, падбеглі паглядзець. Адзін амонавец так штурхануў гэтую дзяўчынку, што яна са сваім ранцам збіла хлопчыка, і яны пакаціліся па траве. Іншы хлопец кінуўся дамапагаць — а я зразумела, што гэта правакацыя, каб хапаць іншых — і так яго схапіла за руку і трымала, што ўвесь мой манікюр адбіўся ў яго на скуры. Але я яго так уратавала, можна сказаць. Людзей кідалі ў аўтобусы, тварам ў аўтобус білі…

    Я пабегла назад на факультэт… Нашых тады трапіла васьмёра, пару чалавек з мехмата, чалавекі тры з геафака, выкладчыкаў нават пару… Памятаю, тут быў Пазьняк, які мяне запытваў: «Што там адбылося?» Я прыйшла на Управу БНФ і распавядала, што бачыла. Тады ўпершыню мне сказалі на кафедры, што «слухалі „Радыё Свабода“ і там было ўсё, пра што ты гаварыла». Потым да мяне звярталіся па каментары…

    Памятаю, ля Палаца спорту была дэманстрацыя на 15 сакавіка 1997 года, з удзелам Карпенкі, 30 тысяч чалавек. Гэта ж было раз плюнуць — і болей прыходзіла! Маладыя людзі зрывалі дзяржаўныя сцягі — у выніку былі распачатыя крымінальныя справы. І я сама датумкала, што трэба людзям неяк дапамагаць, знайшла адвакатаў, адвакаты займаліся гэтымі справамі. І так паступова-паступова — людзі сталі прыходзіць, раіцца, прасіць дапамогі: у каго сын трапіў, хто сам… Але гэта —

    Традыцыя ўсяго майго роду — роду Солтанаў

    Люба Лунёва: У нашым родзе людзі настаўнікамі працавалі, былі навукоўцамі. Але ў нейкія такія моманты заўсёды рабілі выбар. Мой прапрапрадзед Аляксандр Солтан калісьці хадзіў нават з крыжакамі ў паход, потым заснаваў у Жыровічах манастыр. Іншы мой прапрасваяк Станіслаў Солтан быў у паўстанцкім камітэце ў Тадэвуша Касьцюшкі… Маёй маме і яе сёстрам пад час сталінізму нічога не распавядалі — ведалі, што могуць быць рэпрэсіі, таму распавядалі крайне мала. Гэта потым я ўжо ў «Пане Тадэвушы» прачытала, што два браты Солтаны ўцяклі за мяжу, а адзін застаўся на Магілёўшчыне — хоць усе маёнткі канфіскавала царская казна.

    А дзе родавае гняздо было?

    Люба Лунёва: Там — Жыровіцы, Слонім… У Дзятлаве таксама. Я калі прыехала ў Дзятлава — успомніла, што мне ўсё дзед казаў пра Дзятлава. Зайшла ў краязнаўчы музей і спытала, ці ведаюць яны такога Солтана. Яны кажуць: канешне чулі! Адам Солтан пабудаваў тут паштовую станцыю, гэта быў яго маёнтак (Варта дадаць, што да Солтанаў гэты маёнтак перайшоў у канцы ХVIII ст. ад Радзівілаў — Г.Л.). Потым ён браў удзел у паўстанні Каліноўскага, і ў яго царскія ўлады канфіскавалі маёнтак. Таму я думаю, што са мной усё гэта адбываецца на генным узроўні.

    Палац Солтанаў у Дзятлаве, які першапачаткова належаў Радзівілам

    Да якога калена ведаеце радавод?

    Люба Лунёва: У цэласці не ведаю. Нейкі кавалак ведаю лепш, потым — зусім не ведаю, потым зноў ведаю… Я неяк думала: чаму падчас Канфедэрацыі Солтаны ніяк не вызначыліся ў гэтых войнах? Потым я зразумела: у Солтанаў было шмат дачок, і яны браліся шлюбамі-то з Радзівілам, то з Сапегам, то яшчэ з кім. І бацька быў вымушаны трымаць нейтралітэт, бо іначай давялося б змагацца супраць сваіх унукаў! Думаю, шмат чаго ў гісторыі тлумачыцца такімі асабістымі момантамі, якія гісторыку разгадаць цяжка.

    Солтаны па маме. А па бацьку?

    Люба Лунёва: Мой бацька з Расіі. Нарадзіўся ў Белгарадскай губерні, і вось там абсалютна нічога не ведаю. Ведаю, што ягоны дзед быў святаром, і што яго рэпрэсавалі. Як яны туды трапілі — нават не ведаю. Але яны таксама былі нейкага шляхетнага паходжання, і таксама па сям’і прайшліся ўсе гэтыя катаклізмы.

    Бацькі тут ці там пазнаёміліся, як яны сышліся?

    Люба Лунёва: Бацькі пазнаёміліся ў пяцьдзясят нейкім годзе, калі вучыліся ў Харкаўскім інжынерна-эканамічным інстытуце. Тата быў на курс ці на два старэйшы, ён атрымаў размеркаванне ў Данбас, на шахту «Юнком» — на радзіму цяперашняга прэзідэнта Украіны.

    «Спасибо жителям Донбасса…»

    Люба Лунёва: Менавіта так! Потым туды прыехала мая мама, яна працавала ў планава-эканамічным аддзеле, па-мойму, на шахце «Палтаўская». Калі мне было гады чатыры з паловай, мама адправіла мяне сюды, у Беларусь, да бабулі з дзядулем. Потым сама перабралася, потым тата.

    З мамай
    З татам

    Дык Вы ў самім Данбасе нарадзіліся?

    Люба Лунёва: Так, толькі ў пасведчанні аб нараджэнні запісана яшчэ больш канкрэтна — «шахта „Юнком“ Сталінскай вобласці». Сталіна ўжо сто гадоў не было, а Данецк усё называўся «Сталино»!.. Усе заўсёды смяюцца, калі чытаюць мой пашпарт, і пытаюцца: «Гэта кшталту як бывае ў самалёце, дык ты ў шахце?..» Дарэчы, усе гэтыя шахты засноўвалі і распрацоўвалі яшчэ бельгійцы ў ХІХ стагоддзі. Я неяк прыехала туды, пайшла на могілкі — і бачыла яшчэ з таго часу помнікі, напісаныя на лацінцы.

    Пасведчанне аб нараджэнні. «Ш» — значыць «шахта»

    «Дзеўкі, калі вы патонеце — дадому не прыходзьце!..»

    Бацька Ваш там інжынерам працаваў?

    Люба Лунёва: Інжынерам, потым стаў галоўным інжынерам, потым дырэктарам шахты «Гідра». Януковіч працаваў у аб’яднанні «Арджанікідзэвугаль» шафёрам, вучыўся завочна ў Горлаўцы, а потым стаў дырэктарам аўтакалоны.

    Але ж гэта не ў адзін час было?

    Люба Лунёва: Са мной?

    Не-не, з Вашым бацькам.

    Люба Лунёва: У адзін — тата быў дырэктарам, а Януковіч шафёрам! Мама Януковіча на шахце «Юнком», дзе я нарадзілася, была медсястрой у медчастцы…

    Маленькая Люба з бацькамі

    З украінскага перыяду жыцця помніце нешта?

    Люба Лунёва: Асобныя моманты. Памятаю, што не хацела хадзіць у дзіцячы садок, і мяне заводзілі да сяброў. Памятаю, як тата набыў тэлевізар — і ўсе збіраліся да нас яго глядзець. У нас дома адбываліся танцы. Ставіліся кружэлкі, тата браў мяне на рукі — і ўсе танчылі. Тата са мной танчыў вальс, потым падкідваў мяне… Гэта былі моманты дзіцячага шчасця… Тата лётаў у Сочы, каб нам з мамай прывезці кветкі ці яшчэ нешта на 8 сакавіка. Я любіла ананасы, і ён часам, як сам казаў, «матаўся» ў Маскву, каб прывезці ананасы — любіў песціць мяне.

    Памятаю, як прыходзілі госці, нейкія размовы… Мама аднойчы ледзьве за свой язык не паплацілася… Памятаю, як мне выпісалі ці то «Мурзілку» ці то «Вясёлыя карцінкі» — і там заўсёды была морда Хрушчова на вокладцы, дзе «дзядуля Мікіта шле дзецям Украіны прывітанне!» А я навучылася чытаць у тры гады — вымушана. Мама чытала мне ўголас казкі, я іх ведала напамяць — а потым разгортвала кнігу і «накладала» словы ў галаве на тэкст. Часам бегла спытацца, што гэта за літара. Аднойчы тата прыйшоў з працы, уключыў футбол, я замінала, хацела гуляцца. Тата кажа: «Ану вазьмі газету і пачытай». Я ўзяла — і стала чытаць, па літарах, па складах, але чытала! Пабег да мамы на кухню, кажа: «Слухай, ды яна газету мне чытае!» Злавілі мяне, пасадзілі і даведаліся, што дзіцёнак чытаць ужо ўмее!..

    Мама

    Дык, а як, Вы кажаце, мама за доўгі язык паплацілася?

    Люба Лунёва: У яе за спінаю на працоўным месцы вісеў агромністы партрэт Хрушчова — ён мусіў вісець у кожным кабінеце. У бухгалтэрыю за сценкай прывезлі сейф, і дзяўчаты сталі яго да сценкі торкаць, ставіць палепш — і партрэт зваліўся! Яна яго ўзяла і за вяроўку пацягнула мордай па падлозе. Прыйшла ў бухгалтэрыю і кажа: «Мяняю Хрушчова на каробку скрэпак». А тут у канцы калідора паказаўся (такі гадкі быў) парторг — і ён пабачыў, што Хрушчова цягнуць! Пачаў раўці: «У чацьвер мы вынесем вашую персанальную справу на разгляд! З камсамола вас, канешне ж, выключаць. Але, хутчэй за ўсё, вас выключаць і з працы!» Мама засмуцілася, вельмі перажывала… І тут — бац! — за дзень да гэтага сходу Хрушчова знялі! Яна не ведала, такая сумная на працу прыйша, а ёй усе бягуць і радасна: «Слухай, табе пашчасціла!..»

    З бабуляй і дзядулем

    Пасля адпрацоўкі яны прыехалі ў Мінск жыць?

    Люба Лунёва: Так, прыехалі, а потым разышліся… Тата вярнуўся ва Украіну, мама засталася, працавала ва ўніверсітэтах, стала дацэнтам, кандыдатам навук… Бабуля з дзядулем жылі ў Клічаве. Дзед быў настаўнік фізікі і матэматыкі — Дарафей Паўлавіч Солтан. Аднойчы ён на вакацыях вырашыў пазаймацца са мной матэматыкай. Кажа: «Пішам раўнанне, адкрылі дужку…» Я пытаюся, што такое «дужка». Дзед раз’юшыўся: «Як гэта можна роднай мовы не ведаць?!» Бабуля таксама выключна па-беларуску размаўляла… Дзед стараўся дзецям і ўнукам прышчапіць густ да прыўкраснага — браў эцюднік, і мы хадзілі маляваць…

    Калі я прыехала з Украіны, то размаўляла выключна па-руску — увогуле лічыла, што існуюць дзве мовы: руская і нямецкая (бо яе ведала мама). Я прыйшла ў агарод, там быў зялёны агрэст. Прыбег суседскі хлопчык, паглядзеў на мяне і кажа: «А агрэст зялёны есці нельга». Я кажу: «Дурак ты, это крыжовник!». Так, слова за слова, крыжоўнік-агрэст, пачалася бойка. Прыбеглі дарослыя, дзед засмяяўся і кажа: «Каму агрэст, каму крыжоўнік — але зялёны ўсё адно есці нельга, тым больш, што я яго дустам папырскаў». Вось так адбывалася маё знаёмства з беларускай мовай — у Клічаве, дзе праходзілі ўсе мае вакацыі…

    Да дзеда прыходзілі сябры, яны гулялі ў шахматы, нехта ў карты, мы, дзеці, бегалі пад нагамі… За агародам была рэчка. Аднойчы бабуля кажа: «Дзеўкі, вазьміце бялізну і збегайце на рэчку, папаласкайце». А мы гэтыя халаты напяльвалі і плавалі ў іх, потым сушылі на траве… У бабулі была векапомная фраза: «Дзеўкі, калі вы патонеце — дадому не прыходзьце!..»

    «На партфелях з горкі мы даляталі амаль да філармоніі!»

    У школу Вы пайшлі ў Мінску?

    Люба Лунёва: Пайшла я ўвогуле ў Салігорску, але потым мы адразу перабраліся ў Мінск. У Салігорск пераехалі на кароткі час, бо такі быў парадак — «з шахтаў у шахты». У Мінску я вучылася ў 19‑й школе, за філармоніяй. Божа, якая я старая — памятаю, як там пераход падземны будавалі, як да нас прыходзілі даішнікі чытаць лекцыі, каб праз пераход хадзілі! А тады такі рух быў, што і без перахода не было праблемы перабегчы!.. На Залатой горцы, дзе музычная школа, мы каталіся на партфелях, там толькі часам магла праехаць машына «Хлеб» — «хлебарэзка», як мы яе звалі…

    З татам і стрыечнай сястрой

    А з горкі, відаць, выляталі проста на дарогу?

    Люба Лунёва: Не тое, што на дарогу — ледзьве не да самай філармоніі даляталі!.. Пагорак жа вялікі быў — гэта цяпер яго ўжо так разраўнялі…На плошчы Якуба Коласа стаяла мадэль атама — як дасягнення савецкай навукі. Памятаю Камароўскі рынак яшчэ у выглядзе драўляных насцілаў — як сёння ў мястэчках. Там сядзелі бабкі і пучкі зеляніны ўсякай прадавалі…

    Памятаю бягучы радок — «электронную газету» на вежы паліграфкамбіната…Мы хадзілі ў Батанічны сад, і найвышэйшым пілатажам было назбіраць у заплечнік усякага прыгожага лісця, манчжурскага арэху, глогу — і вынесці праз вахцёрку. Мы гэта потым выкідалі, канешне, але выносіць забаранялася, таму карцела парушыць забарону…

    Памятаю, як зрабілі помнік Коласу і саму плошчу так назвалі. І закаханыя сталі прызначаць спатканні «ля левай нагі Якуба Коласа». Памятаю, як нашыя хлопчыкі насілі даўгія валасы, а дырэктар школы Гут Уладзімір Пятровіч вельмі сварыўся — і мы давалі хлопчыкам нашыя гумкі, завязваць пасмы. А ўжо ўвечары, калі мы збіраліся на тусоўку ля філармоніі, яны распускалі валасы. Часам прыязджала міліцыя на матацыклах з каляскай — мы ўцякалі, яны даганялі. Потым пыталіся: «А чаго вы ўцякалі?» — «А чаго вы за намі ехалі?..» Памятаю, як дырэктар на сходзе падняў некалькі чалавек, у тым ліку і мяне, ды кажа: «Я ўжо не кажу пра іх знешні выгляд!.. Але ў іх жа нават прыёмнікі настроеныя на варожую хвалю! Гэта будзе страчанае пакаленне!» Цяпер я разумею, наколькі ён меў рацыю! (смяецца) Калі б мне тады сказалі, што я буду працаваць на Радыё «Свабода» — ніколі не паверыла б.

    Гістфак Люба скончыла з чырвоным дыпломам
    «Так я стала мічурынцам»

    Да гістфака Вы ў Акадэміі навук працавалі?

    Люба Лунёва: Так, я вучылася на гістфаку на вечаровым, а працавала ў Інстытуце матэматыкі. Тады гэта быў самы авангард, у нас былі ЭВМ — мільён аперацый за секунду!

    Палову пакоя займалі, відаць?

    Люба Лунёва: Ды не, гэта было прыкладна 15 пакояў! 2 камп’ютары на ўвесь першы паверх! БЭСМ‑6 — такая машына была ў Навасібірску, у Дубне, на гідраметцэнтры ў Маскве і ў нас. Потым быў страшны скандал — аказваецца, яе перадралі з амерыканскай машыны «Іглз»…

    Люба — супрацоўніца Інстытута матэматыкі Акадэміі навук

    А Вы там што рабілі з гэтым усім?

    Люба Лунёва: А я была аператарам ЭВМ. Працавала пазменна — два дні першая, два дні другая, два дні трэцяя. Гэтыя ж машыны працавалі кругласуткава, адключаліся толькі зрэдку на прафілактыку. На заняткі хадзіла штодня: вечаровая форма — гэта як другая змена ў ВНУ фактычна, усе заняткі такія ж, як і на дзённым… Але, дарэчы, ні разу не патрапіла на бульбу — нават не ведала, як яе ўбіраюць. Калі ў мяне з’явілася свая хатка-лецішча, пасадзіла бульбу, проста так. А ўвосень кажу: «Ну вось, у мяне бульба прапала, а была такая прыгожая, і квітнела нават, і няма яе…» Аказваецца, гэта бацвінне ссохла, а калі я капанула рыдлёўкай, як жа здзівілася, што там апынулася бульба!..

    Дык а Вы толькі пару гадоў таму сабе нейкі дамок у вёсцы завялі?

    Люба Лунёва: У 2004 годзе я забрала да сябе з Украіны тату. На той час яго другая жонка памерла, а дзяцей у іх не было. Мама ўбачылася з ім, яна яго прабачыла… У яго быў рак, і ён паміраў у мяне на руках. Ён памёр у лістападзе. Мама таксама скардзілася, што стала дрэнна сябе адчуваць… А ў яе была мара мець такую хатку. Бо ўсё жыццё працавала — у трох ВНУ, у 1991 годзе нават выводзіла студэнтаў на плошчу… Потым, за часам Лукашэнкі, ёй гэта прыпомнілі — і яна сышла працаваць у камерцыйныя ВНУ… І вось тата памёр — і яна пачала скардзіцца. У студзені я яе зацягнула на абследванне — высветлілася, што ў яе рак стрававода… Ёй зрабілі аперацыю ў Бараўлянах, і пасля гэтага яна яшчэ тры гады пражыла. Але калі мінула два гады, ёй рэзка стала горш, зрабілі паўторную аперацыю. Я спыталася ў лекара, што рабіць. Ён параіў неяк адсланіць яе ад дрэнных думак — каб працягнуць ёй жыццё… І тут я прыгадала, што ў мамы была гэтая мара пра дамок. Стала ліхаманкава шукаць, набыла першы, які трапіўся — між Нараччу і Швакштамі, гэта недзе 135 кіламетраў. Рабіла ўсё гэта дзеля мамы, а потым мама памерла, я стала неяк сама там упраўляцца — так я стала мічурынцам.

    «Я не хацела, каб з маім сынам нешта адбылося чыста на фізічным узроўні»

    Сын Дзіма

    Люба Лунёва: Мяне неяк сын папракнуў, што я іншым больш увагі надаю, чым яму… Калі Ліцэй зачынялі, я усё насілася на гэтай «карыдзе», вечна нехта званіў — і ён крыўдаваў, што я ўся гэтым занятая. Але ён у гэтым вырас, ён гэта ўсё бачыў. Ці ж думала я калі-небудзь, што мой дзіцёнак патрапіць сам на Акрэсціна?.. Іншым мы насілі цёплыя рэчы, каўбасу, сала… А свайму дзіцёнку я магла прынесці толькі шкарпэткі, майку і ліманад — усё астатняе забаранілі. Я хадзіла, перажывала… Калі ён выйшаў, і я павезла яго на машыне дахаты, між справаю пытаюся: «Ну як?» Ён кажа: «Прыкольна!»

    А за што яму, нагадайце, суткі далі?

    Любоў Лунёва: Яму далі 10 сутак за апладысменты. Акцыя ўжо практычна скончылася, ён стаяў ля мяне, і тут падышлі два амбалы і пацягнулі яго ў аўтобус. Я кажу: «Эй! Гэта мой сын, ён проста падышоў!..» Але на відэа і фота ёсць, дзе ён стаіць і ляпае.

    Люба, дык, а як так атрымалася, што Вы многіх адваёўвалі, вырывалі, а сына з рук забралі?

    Люба Лунёва: Калі я прыехала ў суд, уварвалася туды, то крыкнула яму, каб ён заявіў мяне сведкам. Але прыйшла я з адной мэтай — прынесла яму шкарпэткі, майку, і ён там проста пры суддзі пераапрануўся. Мяне суддзя паклікала і паказала пратакол са здымкамі, дзе ён пляскае: як бы са спачуваннем — маўляў, нічога нельга зрабіць. Я спыталася, ці можна хоць бутэрброды з каўбасой перадаць. Адразу падскочыў амонавец: не, нельга! Суддзя кажа: «Добра, няхай тут з’есць». Амонавец зноў: «Не, нельга, а то ад яго будзе пахнуць каўбасой, і мне пападзе!» Гэта мяне дабіла, мне таго амонаўца нават шкада стала! Потым паехала перадачу перадаваць. Захапіла вільготныя сурвэткі — зразумела ж, якая там антысанітарыя. Дык гэты, які прымаў, быў такі паскудны — разрэзаў іх нажніцамі, каб праверыць змесціва. Я кажу — тут жа ёсць такая штучка, адкрыйце і паглядзіце!.. Такія моманты… Трэба было сок — пайшла ў «Цэнтральны», пытаюся, ці можна набыць пустыя пластыкавыя бутэлькі, у якія яны піва наразліў прадаюць. Не, гэта толькі для піва. У выніку купляеш мінералку, выліваеш — наліваеш сок. Такая краіна, нічога не зробіш.

    А Зміцер да гэтага ці пасля гэтага паехаў вучыцца па праграме Каліноўскага?

    Люба Лунёва: Да гэтага — тады ён проста прыехаў на вакацыі, трэба было візу — ну і патрапіўся.

    З сынам у Парку Горкага

    У Польшчу ён сам паехаў вучыцца ці Вы яго прыстроілі?

    Люба Лунёва: Была рэальная небяспека, што яго забяруць у войска. Прычым, каб зрабіць маме «прыемнае», я так падазраю, што маглі і ў спецназ забраць. Я разумела, што ў нас такая ўлада. Мы бачым на прыкладзе сям’і Халіп, як можна адпомсціць журналісту… Хоць я не магу сказаць, што ў мяне нейкія там кепскія стасункі з міліцыяй — наадварот, нават байкі ходзяць, што яны да мяне нармалёва ставяцца. Але ж… Я не хацела, каб з маім сынам нешта адбылося чыста на фізічным узроўні. Ён быў мамкін сынок — я вечна з ім насілася, перажывала, што недастаткова ўвагі надаю. У трэцім класе мяне адчытала бабулька, якая ў гардэробе прымала рэчы: «Колькі вы будзеце яму матузкі завязваць? А калі ажэніцца, вы з яго жонкай спаць будзеце?» Але ж усе мамы такія…

    І як ён, адарваўшыся ад мамы, піць-курыць-гуляць не пачаў?

    Люба Лунёва: Не, ён не п’е. Ён як ды-джэй там падпрацоўваў у нейкім элітарным клубе для актораў-рэжысёраў, нейкую там музычку пісаў. Бо дагэтуль я яго цягала ў музычную школу — і бачыце, спатрэбілася. Хоць ён так яе і не скончыў. А я ж скончыла — па класе скрыпкі, нават грала ў эстрадна-сімфанічным, у камерным аркестры, на гастролі ездзіла. Хоць сама тады марыла, каб мяне адтуль выгналі. І ў мяне, і ў сына абсалютны музычны слых. Але ён ленаваўся вучыць ноты. Я найграю — ён паўтарае. А ў ноты глядзіць — і ні фіга не бачыць. У яго быў настаўнік Роберт Іванавіч, Дзіма яго чамусьці празваў Орбіт Іванавіч. Распавядаў, як той Орбіт Іванавіч нават з кабінета выбягаў, калі Дзіма, не ведаючы нот, фальшаваў…

    Дык Вы за яго хваляваліся, што ў войска забяруць — а ў Гданьск узялі і смела адправілі?

    Люба Лунёва: А хто ж ведаў, што ён у Гданьск патрапіць, каго куды размяркуюць! Цяпер у яго сітуацыя, што тры іспыты не здаў, застаўся без стыпендыі. Але я бачу, што ён стаў дарослець, што дзяцінства мінае. Ён не хоча быць на Захадзе. І я яму ўвесь час цвердзіла: вы едзеце атрымаць адукацыю. Хоць, шчыра кажучы, я не ведаю, што гэта за адукацыя — «палітолаг». Але я настройвала, каб ён быў тут. Нельга, каб тут засталіся толькі маргіналы.

    «Аліментаў я атрымлівала 3–4 даляры»

    Люба, вось Вы пра сябе і сына распавядаеце, што ён мамкін сынок быў. Выбачаюся, а Вы былі замужам?

    Люба Лунёва: Двойчы. Першы муж памёр… З другім, бацькам Дзімы, мы развяліся, калі Дзіму было паўтара гады. Ён ніякага ўдзелу не прымаў у яго выхаванні. Аліментаў я атрымлівала 3–4 даляры. Таму была вымушаная разлічваць толькі на свае сілы. Уласна кажучы, уся краіна так жыла і жыве.

    Тут ёсць нейкая аналогія з лёсам Вашых бацькоў?

    Люба Лунёва: Можа быць, і ёсць. Калісьці наша бабуля, якая ўсё жыццё ўзорна пражыла з дзедам, пасля майго разводу сказала: «Уся праблема жанчын у нашай сям’і, што мы занадта незалежныя…» Я дагэтуль не магу зразумець выразы кшталту «за каханне трэба змагацца». І ўвесь час думаю: нахалеру такое каханне, каб за яго яшчэ змагацца?! Дарослы чалавек мусіць найперш цаніць свабоду іншага чалавека, не ціснуць, не навязваць сваю думку.

    «Для таго, каб слухач пачуў свіст дубінак, гэтыя крыкі, енкі — трэба апынуцца ў самым цэнтры»

    Люба Лунёва: Журналіст — самы лёгкадаступны аб’ект для ўладаў. Я ўвесь час прыгадваю, як пасля чарговай зачысткі на Кастрычніцкай плошчы камандзір нейкага там узводу спецназа сказаў: «Слухайце, вы толькі што ледзьве на нагах устаялі, у вас хоць ёсць нейкія сродкі абароны?» Я кажу: мае сродкі абароны — гэта нататнік, дыктафон, мікрафон. А нам якраз выдалі такія здаравенныя мікрафоны (бессэнсоўныя, як потым апынулася). Ён узяў, пастукаў сабе па галаве і кажа: «Ну, нармальна!..» Разумееце, можна пісаць пра нейкія культурніцкія акцыі, усё жыццё быць журналістам… Але вось гэты стрэсавы момант падчас разгонаў, гэты адрэналін — гэта фізіялогія ўжо. Як і ў тых, хто ідзе ў калоне, як і ў тых, хто стаіць у ачапленні. Паветра наэлектрызаванае, заставацца бесстароннім яшчэ цяжэй — асабліва калі трэба весці жывы эфір і быць аб’ектыўным, гаварыць нармалёвым голасам. Тыя хаця б могуць выплюхнуць свае эмоцыі…

    Люба, сярод калегаў «Радыё Свабода» часам называюць любячы «радыё дрэнных навінаў». І на гэтым радыё дрэнных навінаў Вы былі асноўным ньюсмэйкерам гэтых дрэнных навінаў. Дзе мачылава, канфіскацыя, ператрус — там паўсюль Лунёва. Вось такая канцэнтрацыя на псіхіцы моцна адбілася?

    Люба Лунёва: Не столькі на псіхіцы, колькі на здароўі — часам, бывае, і сэрца ўжо схопіць… Памятаю тую жудасную зачыстку на Дзяржынскага — калі Казулін пайшоў. Сталі страляць, рваць бомбы — і ніхто ж не ведаў тады, што гэта шумавыя бомбы. Калі я пабачыла, як спецназ страляе са стрэльбаў, я падумала — «крывавая нядзеля». Крык, крык — жанчына крычыць: «Не забівайце, не страляйце!». Я думала — расстрэл. Хвілін сем мы думалі, што расстрэл. Я бачыла людзей, якія не маглі падняцца… Гэта мяне так вырубіла… Я прыйшла ў бюро і ледзь напісала сюжэт на ранішні эфір… Прачнулася ад таго, што я ў рэдакцыі ляжу на клавіятуры. Напэўна, абарончая рэакцыя арганізма — трэба спаць. Я толькі, а палове на пятую раніцы з’ехала дамоў, а зранку трэба было ў суды… Гэтыя выбары 2006 года для мяне як жудасны сон — я не ведаю, як умудрылася чацвёра сутак не спаць. Працуеш, едзеш па судах, потым ідзеш на Плошчу. Мяне чамусьці не хацелі адтуль адпускаць — людзі думалі, што пры мне нічога такога не будзе. Увесь час кагосьці ў прыбіральню трэба было вывесці…

    Вось гэтая Ваша непарушнасць, якую мы бачым на мітынгах — гэта імунітэт? Ці гэта — робленае?

    Люба Лунёва: Канешне, робленае! Бо сама па сабе я чалавек вельмі эмацыйны… Але калі пачынаецца паніка, жарсці — часам трэба проста сказаць нешта, каб зняць напружанне, развесці людзей. Бо і тыя, і другія — гэта ж наш народ, што б мы там ні казалі. Проста некаторыя менш адукаваныя, не разумеюць, у чым удзельнічаюць… На мітынгу ж, калі кіпіць адрэналін, трэба неяк паказаць спецназаўцу, што ты не мацнейшы за яго, а мацнейшы за ягонага камандзіра — тады ён па-іншаму з табой размаўляе, па-іншаму сябе паводзіць. Часам яго трэба проста адзёрнуць — як учылка школьніка. Часам трэба ў дэманстранта спытаць нешта кшталту «Дзе твой пашпарт? Чаму ў цябе заплечнік расшпілены?» — калі ты бачыш, што ён ужо проста «з’язджае з катушак».

    Спецыфіка радыё заключалася не толькі ў тым, каб расказаць, а ў тым, каб даць слухачу адчуць атмасферу. А для таго, каб ён пачуў свіст дубінак, гэтыя крыкі, енкі, трэба апынуцца ў самым цэнтры. З дыктафонам, з тэлефонам — і устаяць на нагах, утрымаць дыханне. Бяжыць калона, за ёй бяжыць спецназ, ты нясешся наперадзе — і пры гэтым распавядаеш так, нібыта сядзіш на крэсле. Гэта не так проста!

    Нават у самай экстрэмальнай сітуацыі нельга ні на каго падвышаць голас — гэта праява слабасці. Таму я заўсёды кажу гэтым ваякам, што яны інфантыльныя — прывыклі, што на іх начальнік раве. Калі мужчына крычыць — значыцца, ён распісваецца ў сваёй бездапаможнасці. Нармалёвы мужык ніколі не закрычыць, не ўдарыць — гэта праява слабасці.

    «Людзі думаюць: «Блін! У яе дакладна крыніцы, ёй нехта здае!»

    З Жаннай Літвіной і Віктарам Івашкевічам

    Люба, дык як Вы на «Свабоду» патрапілі? Вы ж да гэтага не працавалі журналісткай.

    Люба Лунёва: Калі б мне нехта сказаў, што я буду працаваць журналісткай, я б доўга смяялася… Спачатку ў мяне бралі каментары-то на акцыях, то Цыганкоў з Прагі набіраў. Тады Жанна Літвіна была шэфам бюро. Стваралася «Вясна», і я спрычынілася да гэтага — ад самага пачатку была там у Грамадскай прыёмнай… А потым мяне Юра Карманаў узяў за руку, прывёў на «Свабоду» і кажа — яна ж нам увесь час каментуе, дык хай сама распавядае. Помню, якраз нейкая заварушка была на плошчы Незалежнасці, Лябедзька там нейкую петыцыю складаў… Мне патэлефанавалі і сказалі: ты там была, бачыла — зрабі невялікі сюжэт. Потым зноў далі заданне… Стала неяк асвойвацца… Але, шчыра кажучы, сёння ў мяне спытай, што такое прафесія журналіста — я не магу даць адназначнага адказу…

    З Алесем БяляцкімЗ Алесем Бяляцкім і Валянцінам Стэфановічам

    Пад час Вашай працы на «Свабодзе» ўсе здзіўляліся Вашай інфармаванасці: мітынг яшчэ не адбыўся, а Люба ўжо ведае, будуць вязаць — не будуць, будзе разгон — не будзе!..

    Люба Лунёва: Я магу сказаць, што гэта досвед проста, які прыходзіць з часам.

    А мы-та думалі, Вас мянты інфармуюць…

    Люба Лунёва: Так яны табе і скажуць! Разбягуцца і дакладуць! Справа ў тым, што ты пачынаеш заўважаць дэталі. Фамін неяк жартаваў: «Лунёва прыехала — значыцца, зараз пачнуць судзіць». А ўсё вельмі проста. Ну так — людзі з 9 раніцы акалочваюцца ў судзе, а ўсё няма і няма. І думаюць: «Напэўна, яна нешта ведае!..» І тут я прыязджаю — і сапраўды, пачынаюць усіх разводзіць па кабінетах. Людзі думаюць: «Блін! У яе дакладна крыніцы, ёй нехта здае!» А ўсё вельмі проста — я ведаю ўжо, як канвойная служба па судах людзей развозіць, ведаю, у які суд прывозяць першымі, у які другімі… Ведаю, што ў Савецкім судзе раней за 12 суды не пачнуцца — чаго я туды папруся, а 9 раніцы? Як правіла, па нейкіх дэталях можна прадказаць хаду падзеяў — па тым, як сябе мянты паводзяць, як яны з табой кантактуюць, як яны на цябе глядзяць, як сябе паводзяць тыя, хто назірае за іх працай… Ты пачынаеш прыкладна разумець, які будзе сцэнар. Іншая справа, што часта ў суд можна проста не хадзіць, бо памыліцца можна толькі — 10 сутак далі ці 12. Ты ўжо ведаеш, што сведкі сказалі тое, суддзя сказаў гэтае — і ўсё зразумела. Гэта досвед.

    «19 снежня я думала, што на мяне ўпаў помнік Леніну»

    Добра, гэта досвед. А як жа адсутнасць страху перад міліцыяй, спецназам? Многія палохаюцца, калі бачаць, як дэманстрантаў жорстка збіваюць дручкамі, ботамі, дзяўчат збіваюць…

    Люба Лунёва: А я не баюся? Усе баяцца. Баяцца бясчынства — гэта нармалёвы стан. І ты кожны раз перажываеш страх. А страх — я ўжо ў гэтым пераканалася — гэта самае моцнае пачуццё. Нават не каханне, зайздрасць, радасць… Страх. Гэта тое, што робіць нашы валасы сівымі, што змяняе нашыя твары, што дадае нам зморшчынаў. Гэта тое, што прымушае нашы гармоны працаваць па-іншаму. Страшна мне кожны раз, калі чуецца каманда «фас!».

    Вам хоць раз недзе дасталося?

    Люба Лунёва: 19 снежня я думала, што на мяне ўпаў помнік Леніну. Бо ўся зачыстка пачалася, калі ўжо ўсё скончылася. Я вяла анлайн па тэлефоне на «Народную Волю». Павярнулася спінай, і тут — бах! — удар у паясніцу! Я нават паглядзела на помнік Леніну — стаіць! А гэта за мужыком беглі, зрабілі падсечку, і ён калі ляцеў, галавой сваёй утараніўся мне ў спіну. І тут жа іншы ляцеў мне насустрач — і ўтараніўся мне ў калена. То бок, ад спецназа я дубінкай не атрымала, але перапала вось так — доўга кульгала пасля. І цяпер, калі падымаю цяжар, адчуваю хрыбет. Увогуле, уражанне ад 19 снежня мяне падкасіла. Нават не сам жорсткі разгон… А калі ўсё ўжо скончылася, працягвалі зачышчаць — цягнулі людзей з прылеглых вуліц да галоўнага корпуса БДУ — там стаялі аўтазакі, аўтобусы. Я глядзела на твары даішнікаў, якіх паставілі ў ачапленне. Спачатку яны ўсміхаліся — от, бандытаў паймалі. А потым, калі яны пабачылі, як дзяўчынку збівалі… Адзін нават нешта крыкнуць паспрабаваў, але нехта ў цывільным на яго цыкнуў…

    Здаецца, нават яны зразумелі, што адбываецца нешта не тое… І вось, памятаю, іду ў бок Валадаркі — і гэтая карціна на зямлі: снег, капюшон ад курткі, пальчатка, шапка, шалік, гузік, пальчатка, кроплі крыві, шапка, шапка, шалік, пальчатка… На дарозе былі відаць месцы, дзе спыняліся аўтазакі і хапалі людзей — раскіданыя шапкі, шалікі, плямы крыві… І ты разумееш, што гэтая дарога — як часам лапкі яловыя кідаюць, калі некага на могілкі вязуць.

    Памятаю, з нейкім дзіцячым гыгыканнем панёсся АМАП, забеглі ў пераход, а там у гэбэшных аператараў нейкі сход — стаяць, свае камеры глядзяць, чалавек сорак… Потым пайшла па праспекце, дайшла да ўніверсама «Цэнтральны», стаіць жанчына — і ў дублёнцы вырваныя ўсе гузікі. І стаіць хлопец, з‑пад шапкі ідзе кроў. Жанчына кажа, што ён проста праводзіў сваю дзяўчыну на таксоўку. Пад’ехала таксоўка — і раптам з машыны выскачылі нейкія людзі, відаць, спецназаўцы, дзяўчыну не кранулі, а яго збілі — далі дубінкай па галаве так, што кроў пайшла праз шапку. Жанчына кажа — кінулася спытацца, што такое — бо тыя ж у цывільным былі. Дык адзін з нападнікаў схапіў яе, штурхануў — усе гузікі з дублёнкі вырваў… Яна стала мне казаць, што да пляменніка прыехаў пагасціць сябар і пайшоў на плошчу. Кажа, вы ж журналістка, запішыце прозвішча. Высветліце, што з ім… У гэтым было адрозненне ад 2006 года — там мы ўсіх прыкладна ведалі. А тут мы не ведалі нікога, гэта былі новыя людзі — і яны нас не ведалі.

    Люба, Вы сказалі, што адкрыта не варагуеце з мянтамі. Але Вы столькі бачылі на свае вочы. Як Вы да іх ставіцеся — да тых, хто збівае дзяўчат, старых, безабаронных падлеткаў?

    Люба Лунёва: Як можна ставіцца да хлопца, які збіў дзяўчыну? Але часам — улічваючы, што я за іх старэйшая, — я спрабую ім нешта сказаць. Вось у судзе дзяўчынка паказвае сінякі ад іх удараў, распавядае, як яны яе бралі. І я яму кажу: «Слухай, а што, калі зняць цяпер тваю фізіяномію і выставіць на сайце? І каб твая дзяўчына паглядзела ўвогуле, чым ты займаешся тады, калі ты не з ёй. Ты ж, пэўна, распавядаеш, які ты герой, як ты рызыкуеш сваім жыццём, як ты наркапрытоны бярэш… Вось няхай яна паглядзіць, як ты збіў старую жанчыну і гэтую дзяўчынку. Ці захоча яна з табой мець справу пасля такога, ці будзеш ты героем у яе вачах?». Часам я нават бачу, што сорамна робіцца. Часам проста хамскія адказы… Калі чалавек па выхаванні хам — ты ўсё адно яму нічога не патлумачыш. У быце ён можа быць цудоўным сем’янінам — але ж і Гебельс быў цудоўным бацькам. Але я ніколі не паверу, што жанчына можа быць з ім шчаслівая.

    «Я выходжу ў прыёмную шэфа КДБ і пачынаю весці жывы эфір…»

    Вы па тэлефоне прагаварыліся, што нядаўна ў ДТЗ патрапілі… Моцна машыну пашкодзілі?

    Люба Лунёва: Так, але гэта не я вінаватая. Віноўнік аварыі змыўся з месца здарэння. Правы бок добра падрапала… Той на вялікай хуткасці на вузенькім мосце пайшоў на таран сустрэчнай машыны, мяне абганяючы. Нават не глядзеў, што сустрэчная машына ўжо выехала на мост. А тры машыны там бы ніяк не змясціліся. Сустрэчны прыціснуўся, і я прыцёрлася, каб даць гэтаму прыдурку праскочыць — і сама чырканулася аб гэты борцік. Ён прыпыніўся — пабачыў, што ў яго адназначнае пазбаўленне правоў — і па газах! А ў яго так было ўсё ззаду заляпана разам з нумарам, што высачыць яго немагчыма…

    Са «свабодаўцамі»

    Люба, ходзіць легенда, як Вы вялі прамы рэпартаж з прыёмнай КДБ…

    Люба Лунёва: А, ну гэта ў 2004 годзе было — пасля гэтага шэф КДБ Ерын пайшоў у адстаўку.

    З‑за гэтага?

    Люба Лунёва: Я думаю, што ўсё гэта выбіла з раўнавагі самага высокага начальніка. Ерыну не маглі не паставіць у віну тое, што ён упусціў «ворагаў» у святая святых, кабінет самога шэфа КДБ. Гэта была акцыя супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і рэферэндуму. Выйшаў Ерын да натоўпу, які сабраўся ля КДБ, паклікаў пальцам Пашу Севярынца, мяне, Ларысу Саенка, якая тады, здаецца, працавала на «Рэйтар», яшчэ некага… Я разумела, што адбываецца нешта не тое… Мы зайшлі да Ерына, я спыталася, ці можна ўключыць дыктафон — ён дазволіў, кажа, пытайцеся, што хочаце. І менавіта тады ён сказаў, што «так, усіх мы пішам, усіх мы слухаем». Прызнаў — хоць гэта не такая ўжо і навіна была для нас! (смяееца) І тады я ў яго спытала пра знікненні — што ёсць версіі, чуткі, укіды ў інтэрнэт. І ён адказаў: «Мы ўсё ведаем, проста час не прыйшоў сказаць праўду». Тут у мяне пачынаецца жывы эфір, я кажу: «Я зараз выскачу і вярнуся». Выйшла — там сядзеў яго сакратар, дзядзенька з кубкамі, хацеў рабіць каву. Я пачала: «Я зараз знаходжуся ў прыёмнай шэфа КДБ Леаніда Ерына, тое-тое, мы спыталі гэта, ён адказаў гэта…» Калі я скончыла, гэты перапужаны дзядзька спытаў: «А вы журналістка?» Я кажу: «Так». Ён стаў белы, як ліст паперы. «А вы адкуль?» Я кажу: «Радыё Свабода». Ён: «У сэнсе? ТОЕ Радыё Свабода, якое амерыканскае?» Я кажу: «Ну так…» Ён узяў два кубачкі, паставіў сабе на калені і сядзеў у поўнай прастрацыі. Потым я вярнулася ў кабінет да Ерына, і блісканула думка. Кажу яму, што вельмі хацела б патрапіць на экскурсію ў вашую «амерыканку», бо пра яе столькі расказваюць. Ён сказаў: «Канешне! Не пытанне! Я вам абяцаю!» Я адказваю: «Раз вы мне абяцаеце, значыцца, вас тут хутка не будзе». Ён паглядзеў: «Вы ўсё правільна разумееце». Праз дзень ён пайшоў у адстаўку.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці