• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сябры глыбоцкай суполкі ГА “БАЖ” дапамаглі землякам выдаць іх кнігі

    Сябры глыбоцкай суполкі ГА “БАЖ” далучыліся да дабрачынных спраў арганізацыі і прынялі “Эстафету добрых спраў“. З дапамогай глыбачан выйшла ў свет першая кніга таленавітай жанчыны з Мёршчыны Сафіі Гуз.

    Адзінаццаць год таму жанчына страціла зрок, у яе адбылося адслаенне сятчаткі. «Была зіма, я глядзела на іскрысты снег і адчула, быццам ён у пэўны момант мяне асляпіў. З той пары з кожным днём пачала бачыць усё горш і горш, пасля зусім аслепла», — так узгадвае гэтыя цяжкія моманты свайго жыцця Сафія.

    У кнігу  “На крылах мары” ўвайшло больш за 60 вершаў. Сафія займалася паэзіяй з падлеткавага ўзросту, але потым значнай увагі гэтай дзейнасці не надавала. Толькі са стратай зроку жанчына пачала зноў складаць вершы на розныя тэмы, сярод іх філасофскія і рэлігійныя, а таксама вершы для дзяцей. Запісваць іх ёй дапамагаюць родныя. Яе муж, з якім у шлюбе ўжо 13 год, і двое сыноў, якім  10 і 12 год.

    Часам бывае Сафія ўпадае ў дэпрэсію, і ўзнікае неадольнае жаданне пабачыць свет, сваіх родных хоць на некалькі хвілін. Але невідушчая жанчына не азлобілася на людзей і не апусціла рукі. Акрамя складання вершаў, яна займаецца кветкаводствам, робіць прыгожыя вырабы з бісеру і выдатна ловіць рыбу.  Ёсць у Сафіі і яшчэ адна нерэалізаваная мара — навучыцца танчыць усходнія танцы. Як сцвярджае жанчына, гэтым яна збіраецца заняцца ў бліжэйшы час.

    Выпусціць кнігу не толькі цяжка ў цяперашні час невідушчай, але і пенсіянерам, якія жывуць на невялікія пенсіі. У Шаркоўшчынскім раёне ёсць вядомыя краязнаўцы і паэты сталага ўзросту. Многія з іх цягам свайго жыцця запісвалі ўспаміны  і захоўвалі свае рукапісы, але выдаць іх так і не ўдавалася. І вось нарэшце іх справы жыцця пабачылі свет. Выпусціць тры кнігі вершаў і ўспамінаў дапамаглі і ім глыбоцкія журналісты. Значны ўнёсак у гэтую справу зрабіў Зміцер Лупач.

    Паводле Змітра Лупача, ён дапамог у выданні кніг Надзеі Паляк, Уладзіславу Ляскоўскаму і Барысу Руткоўскаму:

    — Хацелася людзям дапамагчы, каб пабачылі свет іх творы. Я сам не ведаў, што столькі ёсць у нас таленавітых людзей. Чамусьці ў нас лічыцца, што ўсё толькі ў Мінску. Насамрэч, гэта не так, ёсць шмат талентаў і ў рэгіёнах, і іх трэба падтрымліваць.

    Шчыра падзякаваў глыбоцкім журналістам яшчэ за адну кнігу і краязнаўца з Шаркоўшчыны Язэп Квач. Мужчына займаецца зборам мясцовага фальклора. На гэты раз ён сабраў каля 600 прыпевак Глыбоцкага, Пастаўскага і Шаркоўшчынскага раёнаў. Усе яны ўвайшлі ў яго зборнік “Прыдзісненскія прыпеўкі”. Гэта ўжо другая  кніга Язэпа Квача, якую дапамаглі выпусціць сябры глыбоцкай суполкі ГА “БАЖ”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці