• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сяргей Чыгрын: Графаманам быць не хачу, бо іх і так хапае

    Журналіст, літаратуразнаўца са Слоніма Сяргей Чыгрын сёння загадвае літаратурнай часткай Слонімскага драмтэатра, выступае з артыкуламі ў рэспубліканскім выданні “Новы час”, беластоцкай “Ніве”, у электронных СМІ, друкуецца ў літаратурных і краязнаўчых выданнях. Акрамя гэтага, штогод выдае па некалькі кніг літаратурна-краязнаўчай тэматыкі, альбо творчую спадчыну беларускіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя. Прапануем вашай увазе гутарку з Сяргеем Чыгрынам пра час, пра нас у ім, пра творчасць і пра тое, навошта ўсё гэта патрэбна.

    Сяргей, яшчэ ў дзяцінстве ты пачынаў пісаць як паэт, карэспандэнт раёнкі. Цяпер поле тваёй дзейнасці надзвычай шырокае. Дык хто ты: паэт, пісьменнік, журналіст, гісторык-краязнаўца?

    — З паэзіі я пачынаў. Але сёння паэтычны перыяд скончыўся. Графаманам я быць не хачу, бо іх і так хапае ў кожным раёне. Хаця ўвага да паэтычных творцаў у нас сёння не такая пільная і шаноўная. Ды і паэтычных зборнічкаў у кнігарні на рэалізацыю гандляры бяруць толькі па 3–5 асобнікаў. Сумна ад усяго гэтага.

    Я, калі жыў прафесар, доктар філалагічных навук Алег Лойка, неяк у яго спытаўся: чыя паэзія ў Еўропе наймацнейшая? Алег Антонавіч адразу адказаў: польская, а на другім месцы — беларуская. Магчыма так. Чэслаў Мілаш і Віслава Шымборска — лаўрэаты Нобелеўскіх прэмій. І мой любімы Тадэвуш Ружэвіч, якога некалі міністр культуры Польшчы  Багдан Здраеўскі назваў “гігантам літаратуры, набелістам без Нобеля”. Гэта ж велічыні сусветнага маштабу! І сотні іншых польскіх паэтаў. Гігантаў паэзіі мела і мае Беларусь: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Рыгор Барадулін, Анатоль Сыс, Ларыса Геніюш, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Алесь Разанаў, Уладзімір Някляеў, Міхась Скобла… Таму куды мне да іх!? Я іх вершы лепш спакойна пачытаю, падумаю, атрымаю пэўную асалоду і задавальненне.

    Праўда, на днях быў выпадак у адной школе ў Слоніме. Падыходзіць да мяне сямікласнік і кажа: я так люблю вашы вершы. “А якія любіш?” — пытаюся. І ён некалькі маіх вершаў імгненна расказаў на памяць. Прыемна стала. Але вершы пішу рэдка.

    Я люблю капацца ў старых выданнях, архівах, дакументах, музеях, тэчках, люблю знаходзіць тое, чаго раней не ведалі, напрыклад, пра лёсы людзей, падзеі, гістарычныя факты. Таму мяне найперш, калі можна так сказаць, неабходна аднесці да краязнаўча-гістарычных пісьменнікаў і, вядома ж, да літаратуразнаўцаў. Што датычыць журналістыкі, то гэта была мая другая мара з маленства. Першая — стаць тэатральным крытыкам, другая — журналістам. І ў прынцыпе, мары мае збыліся. Найперш — другая, якая ўсё ж не дае мне сёння памерці з голаду. Гэта вельмі складана: займацца гісторыка-краязнаўча-літаратурнымі пошукамі і журналістыкай. Гэта адно аднаму шкодзіць. Але стараюся неяк выкручвацца і… пакуль сілы ёсць — працаваць.  

    — У адным з тваіх вершаў ёсць такія радкі: “Роднасць наша самая блізка — Слонім і паланэз Агінскага…” Скажы, з чаго для цябе пачынаеццца Радзіма?

    — З вёскі Хадзявічы Слонімскага раёна, дзе я нарадзіўся. З дзедавай хаты. Хата мая — адна са старэйшых у вёсцы. Яна была пабудаваная ў 1907 годзе. Яе мінулі ўсе пажары і войны. У 2007 годзе я склікаў невялікую грамаду творчай беларускай інтэлігенцыі, і мы ўсе разам адзначылі 100-гадовы юбілей хаты. Не толькі маёй вясковай хаты, дзе я нарадзіўся, жыў, скуль пайшоў у школу і ў вялікі свет, а нашай беларускай Хаты. І хоць я жыву ў горадзе, але часта бываю ў сваёй хаце. Дзякаваць Богу, яшчэ са мной жыве маці, ёй сёлета вясной спаўняецца 85 гадоў. 70 з іх яна пражыла ў вёсцы ў гэтай хаце. Таму і яна хоча туды, дзе і яе маленькая радзіма. Відаць, Бацькаўшчына і пачынаецца з тых мясцін, дзе нарадзіўся.  

    — Якім эпітэтам ты б характарызаваў наш час для Беларусі? Што, на тваю думку, сёння неабходна, каб вярнуць Беларусь у агульнаеўрапейскі кантэкст? Ці ў нас, сапраўды, нейкі свой асобы і асобны шлях развіцця?

    — Найперш, у нас адсутнічае нацыянальная ідэя. А яна абавязкова павінна быць. Без нацыянальнай ідэі мы будзем і надалей кожны паасобку тут выжываць, менавіта яна павінна згуртаваць народ. Лічу, што такой нацыянальнай ідэяй можа быць наша мова. Яна нас аб’яднае, выратуе  і верне ў агульнаеўрапейскі кантэкст. Наша мова вельмі магутная і непераможная. Давайце вернемся ў мінулае. “Мужыцкая праўда” выйшла па-беларуску і падняла народ на паўстанне супраць Расійскай імперыі. У былой Заходняй Беларусі ў 1920–1930‑х гадах пілсудчыкі катавалі ў турмах беларускіх хлопцаў і дзяўчат за тое, што яны патрабавалі беларускія школы, за тое, што яны адкрывалі народныя дамы, дзе паказвалі беларускія тэатральныя пастаноўкі, чыталі вершы беларускіх паэтаў, спявалі родныя песні, выдавалі лістоўкі па-беларуску.

    У полымі сталінскіх рэпрэсій найперш знішчаліся самыя таленавітыя асобы Беларусі, якія думалі па-беларуску, якія былі вядомымі і паважанымі людзьмі ў сваіх рэгіёнах. Ад іх пазбаўляліся як найхутчэй, найбольш даставалася літаратарам і мастакам, настаўнікам і дактарам, гісторыкам і палітыкам, журналістам і святарам. І знішчаліся ў першую чаргу свядомыя беларусы. Потым знішчаць мову нашага народа працягвала кампартыя Савецкага Саюза і яе кіраўніцтва. Гэтае знішчэнне працягваецца і сёння, калі наша краіна стала самастойнай і незалежнай дзяржавай. І нават больш нагла гэта робіцца, чым рабіла тая кампартыя. Тады хоць раёнкі і іншыя газеты выдаваліся на роднай мове, цяпер у Беларусі на роднай мове засталіся лічаныя газеты: “Наша слова”, “Краязнаўчая газета”, “Культура”, “Новы час” і “Наша Ніва”. Усе астатнія выходзяць так, як быццам нас частуюць адной стравай: у бульбяное пюрэ налілі супу і дабавалі кампоту. Ешце “на здароўе”! І нам сёння, як пісаў некалі паэт Анатоль Іверс, “даказваць прыходзіцца толкам, што ты не вярблюд — беларус”. Але наша мова па-ранейшаму працягвае змагацца з усімі манкуртамі і ворагамі. І нават не змагацца, а адстойваць сябе і народ, які ёй родны. Таму нам цяжка. Каб не згінуць, трэба быць разам.

    — Чаго сёння, на тваю думку, найбольш не хапае творчаму чалавеку ў Беларусі наогул і ў нашым Слоніме ў прыватнасці?

    — Сёння правінцыі не існуе, бо ёсць інтэрнет. Можна сядзець у вёсцы ці на нейкім хутары і пісаць выдатныя творы і рабіць літаратурныя адкрыцці. Бо Мінск такая ж правінцыя як і Слонім, Крычаў, Чашнікі. Толькі там больш машын і людзей. А творчаму чалавеку, спасылаючыся на Гарацыя, неабходны талент, адукацыя і праца. Хаця некалі Іван Чыгрынаў казаў Алесю Пісьмянкову, што не гэта галоўнае для літаратара, а галоўнае — добрая жонка, раніцай — кабінет, а вечарам — буфет. Гэта, вядома, жарт. А калі сур’ёзна, то творчаму чалавеку сёння ў Беларусі не хапае людской павагі, найперш з боку кіраўніцтва краіны, абласных і раённых вертыкальшчыкаў. Ды, відаць, ад іх мы пакуль павагі не дачакаемся, бо большасць з іх — выпадковыя, неадукаваныя, хамаватыя людзі. Яны далёкія ад гісторыі, літаратуры, геаграфіі, палітыкі асобы. Іх выпадкова прызначылі на пасады — яны і сядзяць абы дзень, адседжваюць спадніцы і штаны, бо думаць не могуць, а, тым больш, вырашаць нейкія пытанні ў маштабах раёна ці вобласці, я не кажу пра дзяржаву ў цэлым. Сядзяць і чакаюць… люстрацыі. А каму пашанцуе, дык да пенсіі так і дасядзяць. І такое адседжванне чыноўнікаў — творчым людзям не на карысць, дзе б яны не жылі. І, вядома ж, творцам трэба дапамагаць, бо творчасцю займацца цяжка. Але сёння дапамога ў першую чаргу аказваецца невядомым графаманам, якія нічога не зрабілі на ніве культуры і літаратуры і нічога вартага ад іх не дачакацца.

    — Чым для цябе ёсць культура? Вось у межах нашай дзяржавы мы жывём цяпер у Год культуры. Ці станем ад гэтага мы больш культурнымі?

    — Які год культуры? Культура — гэта не расійская прымітыўная папса на сцэнах райцэнтраў, абласных і сталічных устаноў культуры. Культура — гэта не шыльдачкі з тэкстам “2016 год — Год культуры”. Культура — гэта не канцэрты мастацкай самадзейнасці ў глыбінцы з тэкстамі песень савецкага перыяду, накшталт “Мой адрас — Савецкі Саюз…”. Культура — гэта не славянскія базары і фестывалі нейкіх культур, ці тэлеперадычы, скапіраваныя з расейскіх тэлеканалаў… Культура — гэта, кажучы навуковай мовай, спосаб жыццядзейнасці чалавека па пераўтварэнні свету і самога сябе. Адным так званым годам культуры культуру, якая адлюстроўвае, выяўляе і аб’ектывізуе ідэйную сутнасць адпаведнага гістарычнага этапу народа, не зробіш. Таму, мне здаецца, год культуры — гэта год нанясення чарговага “бомбавага ўдару” па знішчэнні нашай нацыянальнай культуры. Якая культура можа быць, калі беларускім літаратарам, бардам, музыкам, мастакам, гісторыкам і краязнаўцам не даюць выступаць, забараняюць канцэрты, падзялілі іх “на чужых і сваіх”, калі ў райцэнтрах адсутнічаюць кніжныя крамы, калі штогод у кожным раёне закрываюцца па 2–3 бібліятэкі… Культура нейкім адным годам не вызначаецца.

    — Як лічыш, калі ў беларускай культуры беларускага (і найперш мовы) будзе столькі, што беларускую маскультуру, якая шырокай ракой льецца з экранаў айчыннага ТБ, больш ці менш культурныя людзі перастануць атаясамліваць з савецка-расійскай папсой?

    — Хочацца спадзявацца, што хутка. Я ў гэта веру. Праўда, я беларускія тэлеканалы не гляджу і, наогул, тэлебачанне гляджу рэдка, бо ў нас, што бачыць глядач з расійскай Калугі, тое бачыць і глядач з Пінска і Міёраў. А на БТ — такі прымітыў, што нават, калі я чую іх перадачы, то адразу ведаю, які канал ідзе. Што датычыць папсы наогул, то яна была і будзе. Іншая справа, што ў нас павінна быць свая родная папса, пад якую мы павінна танчыць і якую павінны спяваць на гулянках і сустрэчах. Людзі нашы часам спяваюць яшчэ песні, якія сталі народнымі, —  “Касіў Ясь канюшыну”, “Ручнікі”, “А я лягу-прылягу”, “Польку беларускую” і некаторыя іншыя. І папсовыя падобныя песні павінны гучаць. Нашы песні, а не чужыя.

    — “Плача альтанка на завулку Паўночным” — так ты назваў свой артыкул пра баранавіцкага паэта Яна Збажыну. Вельмі, па-мойму, пераканаўча. Толькі адна альтанка і плача штодзень на асірацелай сядзібе адзінокага пры жыцці паэта…  Ні жонкі, ні сябра. І каму сёння, скажы, патрэбна літаратурная спадчына паэта Яна Збажыны?

    — Творчых людзей з лёсам Яна Збажыны (Івана Савіцкага, 1964–2011) у Беларусі шмат. Не толькі літаратараў, але і мастакоў, журналістаў, кампазітараў, артыстаў. Яны рана пакінулі гэты свет. Пакінулі па розных прычынах. Так было і ў мінулых стагоддзях. Але іх творчая спадчына патрэбна нам, беларусам. Менавіта нам, а не чужынцам. Таму ўсё трэба збіраць, захоўваць, выдаваць. І для нас, і для будучых пакаленняў. Не можа час манкуртства быць бясконцым. Мы жывем на сваёй зямлі, таму сваё павінны збіраць, вывучаць і захоўваць. А таксама выдаваць асобнымі выданнямі, распавядаць пра гэтых людзей, ушаноўваць іх памяць мемарыяльнымі шыльдамі і помнікамі, навуковымі канферэнцыямі і сустрэчамі. Так ушаноўваюць сваіх таленавітых людзей ва ўсіх цывілізаваных краінах свету. Бо мы — не горшыя. І, як пісаў Ян Збажына, самая найвялікшая загана мастацтва ў тым, што разам з творамі жывуць і імёны іх аўтараў.

    — Што са зробленага табой лічыш самым вартым, і на што яшчэ спадзяешся ў гэтым жыцці?

    — Спадзяюся на самога сябе, на родных людзей і на блізкіх сяброў. А што вартае ці не вартае — не мне вырашаць. Хай вырашаюць людзі. А, магчыма, яшчэ вырашыць час: лепшае застанецца, слабейшае выкінецца.  І баяцца гэтага не трэба. Таму кайся, не кайся, выпусціў слоўка — не вернеш. Галоўным пакуль з’яўляецца тое, што жыву і што працуецца. А ў сваёй хаце — і качарга маці.  

     

    Сяргей Мікалаевіч ЧЫГРЫН (нар. 24 верасня 1958, в. Хадзявічы, Слонімскі раён) — беларускі паэт, літаратуразнавец, гісторык, краязнавец, перакладчык, журналіст. Скончыў тэатральнае аддзяленне Магілёўскага культасветвучылішча і філалагічны факультэт БДУ. Працуе загадчыкам літаратурнай часткі Слонімскага беларускага драматычнага тэатра. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Жыве ў Слоніме. Дэбютаваў вершам «Свеціць сонейка» у часопісе «Бярозка» (1975). Аўтар зборнікаў паэзіі «Шчырая Шчара» (1993), «Горад без цябе» (1999), «Лірыка» (2007), «Камень Міндоўга» (2009), кніг «Янка Купала і Слонімшчына» (1993), «Родам са Слонімшчыны» (2003), «Пакліканыя на родны парог» (2005), «Чамяры і чамяроўцы» (2006), «У пошуках слонімскіх скарбаў» (2007), «Беларуская Беласточчына» (2008), «Тэатр у Слоніме» (2008), «З беластоцкай зямлі» (2008), «Мастак Антон Карніцкі» (2009), «Жыў роднай песняй» (2010), «Па слядах Купалы і Коласа» (2012), «Такі іх лёс» (2012) і многія іншыя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці