• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як бабруйскія журналісты пабылі валанцёрамі ў прытулку для бадзяжных жывёл

    Сябры ГА “БАЖ” з Бабруйска вырашылі падтрымаць “Эстафету добрых спраў” і дапамагчы прытулку “Дабрачыннасць”, у якім знайшлі дом амаль 200 сабак.

    Прытулак знаходзіцца на ўскрайку горада, на закінутай тэрыторыі былой вайсковай часткі. З усіх бакоў — зараснікі хмызняку, за імі — чыгунка, ніякіх указальнікаў. Але знайсці “Дабрачыннасць” нескладана — можна проста ісці на сабачы брэх.

    Актывісты-бажаўцы выбраліся ў прытулак раніцай апошняй нядзелі кастрычніка. Журналісты прывезлі з сабой корм для сабак, крупы для гарачага харчавання. Сустракала каманду новых валанцёраў дырэктарка “Дабрачыннасці” Ірына Кавалерава. Нягледзячы на тое, што ў другую змену ёй трэба было ісці на працу, яна зранку прыехала працаваць у прытулак. І так у Ірыны праходзіць амаль кожны дзень. “Дабрачыннасць” і жывёлы, якіх трэба ратаваць ад голаду і холаду, ужо некалькі гадоў неад’емная частка яе жыцця.

    Спадарыня Ірына распавяла, што прытулак быў заснаваны ў 2009 годзе. Яна кіруе ім каля двух гадоў.

    Выжывае прытулак толькі дзякуючы валанцёрам і дабрачынным арганізацыям. Жывёлаў увесь час становіцца ўсё больш. Людзі прывозяць сабак, якіх знайшлі недзе на вуліцы, ці якія да іх прыбіліся на дачы. Якраз калі журналісты валанцёрылі ў “Дабрачыннасці”, сямейная пара прывезла хаскі — настолькі худога, што праз поўсць выступала амаль кожная костачка. Гэтага сабаку забралі ў суседкі, залежнай ад алкаголю. У час запояў яна ўвогуле не звяртала ўвагу на гадаванца, які ледзь не памёр з голаду.

    Амаль кожны тыдзень валанцёры “Дабрачыннасці” выкупляюць бадзяжных сабак у бабруйскага “Спецаўтапрадпрыемства”, якое займаецца адловам жывёл. Ратаванне жыцця гэтых сабак не бясплатнае.

    Бабруйскія “бажаўцы” за паўдні ў прытулку дапамаглі падрамантаваць буды, крыху прыбрацца на тэрыторыі, напаіць сабак ды выгуляць тых з іх, што сядзяць у вальерах. Таксама журналісты знялі рэпартаж пра жыццё “Дабрачыннасці”.

    “Я ўпершыню тут, і маё першае ўражанне — мне вельмі шкада і гадаванцаў, і людзей, што тут працуюць, бо аднаго-двух валанцёраў тут відавочна недастаткова, гэта вельмі цяжка, — падзялілася меркаваннем журналістка, сябра “БАЖ”, Алеся Лацінская. — Я лічу, што прытулак мусяць падтрымліваць улады, а людзям, што тут наглядаюць за жывёламі, зрабіць іхняе валанцёрства афіцыйнай працай”.

    Прытулку пастаянна патрэбная дапамога. Асабліва напярэдадні зімы, калі трэба ўцяпляць клеткі, а гарачае харчаванне становіцца двухразовым. Дырэктарка “Дабрачыннасці” заклікае ўсіх, хто мае жаданне і магчымасць дапамагчы прадуктамі, рукамі і сваёй працай ці грашыма, якія можна пералічыць на дабрачынны рахунак. Кантакты можна знайсці ў групах прытулка ў сацсетках: “ВКонтакте”, Face­book

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці