• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Стала вядома, за што арыштавалі аднаго з аўтараў «Рэгнума» — тэкст экспертызы

    Учора Юрый Паўлавец, адзін з трох арыштаваных па справе «прарасейскіх публіцыстаў», прайграў суд аб абароне гонару і годнасці па пазове да «Советской Белоруссіі». Гэты працэс быў цікавы яшчэ і тым, што суддзя запатрабаваў у следства дагэтуль закрыты дакумент — заключэнне камісіі па экстрэмізме пры Мінінфарме, якое стала адпраўным пунктам для крымінальнай справы. Праз сваякоў Паўлаўца яно трапіла да TUT.BY. З дакументаў становіцца зразумела, чым кіраваліся ўлады, пачынаючы справы.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/pavlovec1.jpg

    Нагадаем, Юрыя Паўлаўца, разам з Дзмітрыем Алімкіным і Сяргеем Шыптэнкам арыштавалі ў снежні 2016 года па абвінавачванні ў распальванні нацыянальнай варожасці ў іх тэкстах пад псеўданімамі на расійскіх рэсурсах Reg­num, Lenta.ru і EADai­ly. Следчы камітэт назваў падставай для распачынання справы заключэнне экспертнай камісіі пры Мінінфарме.

    Да гэтага часу сваякі і адвакат Паўлаўца не маглі ўбачыць гэты дакумент і абскардзіць яго — у СК і міністэрстве спасылаліся на таямніцу следства. Але пазоў да «Советской Белоруссіі» дапамог адкрыць вынікі дзвюх экспертыз, далучаных да грамадзянскай справы.

    Экспертыза 1. Абурае расейцаў, правакуе канфлікты

    Тэксты Паўлаўца на сайтах Lenta.ru і EADai­ly пад псеўданімам Павел Юрынцаў для Мінінфарма аналізавалі эксперты-філолагі Ганна Кірдун і Алеся Андрэева. Экспертыза ад 2 кастрычніка 2016 года, гэта значыць — за 4 дні да затрымання Паўлаўца. Мы вылучылі тлустым шрыфтам самыя цікавыя фрагменты.

    У дакуменце сказана, што аўтар у сваіх артыкулах імкнецца ўздзейнічаць на аўдыторыю: «Іншымі словамі, публікацыі Паўла Юрынцава адносяцца да асаблівага дыскурсу ўздзеяння, які лічыцца не столькі вобласцю пераканання, колькі вобласцю ўнушэння і маніпуляцый».

    — Асноўныя ідэі, якія ўнушаюць у публікацыях Паўла Юрынцава: русафобства з’яўляецца часткай палітычнай стратэгіі, якая рэалізуецца ў беларускай дзяржаве, у Рэспубліцы Беларусь мэтанакіравана фармуецца вобраз агрэсіўнай Расеі; асновай палітыкі беларускіх уладаў у адносінах з Расіяй з’яўляецца хлусня і непрыхаваная крывадушнасць, беларускія ўлады пераследуюць грамадзян, якія выказваюць пазітыўнае стаўленне да палітыкі расейскай дзяржавы.

    Аўтары экспертызы таксама лічаць, што Юрынцаў (Паўлавец) хоць і карыстаецца «рацыянальнай аргументацыяй», але навязвае чытачу негатыўную ацэнку.

    — Аўтар не абмяжоўваецца «кропкавай», індывідуальнай крытыкай канкрэтных прадстаўнікоў улады Рэспублікі Беларусь, а ўзводзіць дзеянні ўладаў у ранг спланаванага нанясення шкоды партнёрскім адносінам паміж Расіяй і Беларуссю, г.зн. мае месца абагульненне да ўзроўню сацыяльнай групы.

    У дакуменце таксама сказана, што ў тэкстах Паўлаўца «шырока выкарыстоўваюцца розныя прыёмы маўленчага ўздзеяння, маніпуляцыі , што несумненна спрыяе стварэнню ў грамадстве атмасферы напружанасці і нецярпімасці».

    — Артыкулы могуць выклікаць у насельніцтва Расійскай Федэрацыі пачуццё абурэння, гневу ў адносінах да ўладаў Рэспублікі Беларусь і яе знешняй палітыкі, у беларускіх грамадзян — непрыязнасць да асоб, якія праводзяць інфармацыйную палітыку ў Расіі ў адносінах да Беларусі, што здольна справакаваць канфліктныя сітуацыі на палітычнай глебе. 

    Эксперты Мінінфарма лічаць, што аўтар распальваў нацыянальную варожасць у сваіх тэкстах, бо ў іх ёсць абагульненне «да ўзроўню Беларусі як дзяржавы ў цэлым і, такім чынам, беларусаў як нацыянальнай супольнасці Рэспублікі Беларусь». Зыходзячы з гэтага, у тэкстах Паўлаўца пад псеўданімам Павел Юрынцаў вызначаюцца прыкметы экстрэмізму.

    Экспертыза 2. Абвінавачвае ўлады ў нацыяналізме і беларусізацыі дзеля рэйтынгу

    Тэксты Паўлаўца, якія ён пісаў на сайце regnum.ru пад псеўданімам Мікалай Радаў, для Мінінфарма аналізавала Алена Іванова, дырэктар Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі.

    Паводле яе заключэння, Радаў (Паўлавец) у сваіх чатырох тэкстах абгрунтоўвае тэзіс пра тое, што «ў Беларусі нібыта мэтанакіравана фармуюцца і ўкараняюцца ў грамадскую свядомасць ідэі дзяржаўнага нацыяналізму і русафобіі з мэтай дыстанцыявання ад Расеі і палітычнай мабілізацыі насельніцтва Беларусі».

    — Пры гэтым дзеянні, непасрэдна накіраваныя супраць Расеі, на думку аўтара, здзяйсняюць: «кіраўніцтва краіны», «мясцовыя ўлады», «празаходне настроеная інтэлігенцыя», «апазіцыя», «беларускія нацыяналісты», прадстаўнікі адукацыйнай сферы.

    У дакуменце сцвярджаецца, што ў сваіх тэкстах Радаў (Паўлавец) лічыць «гістарычнымі міфамі афіцыйную версію беларускай гісторыі».

    — Беларускае кіраўніцтва таксама абвінавачваецца аўтарам у выкарыстанні «беларусізацыі» як інструмента павышэння палітычнага рэйтынгу дзейнага кіраўніка дзяржавы ў ходзе перадвыбарнай кампаніі 2015 года.

    Па заключэнні эксперта Івановай, Радаў (Паўлавец) заяўляе выразную ўстаноўку пра «нібыта несяброўскія альбо варожыя намеры і дзеянні беларускага кіраўніцтва ў адносінах да Расеі» і «спрабуе навязаць чытачу сваё меркаванне пра нібыта ўтрыманства Беларусі ў адносінах да Расеі».

    Цікава, што ў тэксце экспертызы, якую СК даслаў па запыце суддзі (па грамадзянскай справе Паўлаўца супраць «Савецкай Беларусі»), усяго 5 лістоў. Хоць відавочна, што пасля чацвёртага ліста тэкст абрываецца, і адразу ідзе апошні аркуш з высновай аб тым, што ў артыкулах Паўлаўца ёсць прыкметы экстрэмізму. У тым, што адна ці некалькі старонак адсутнічаюць, вы можаце пераканацца самі. Сваякі абвінавачанага адзначаюць, што гэта ўсё, што прыйшло ў суд.


     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці